Узнагароджаны пераможцы конкурсу “Народны журналіст–2012”

Як адзначыў сябра арганізацыйнай  групы конкурсу Вінцук Вячорка, усяго паступіла каля 150 прац. Усе працы, што адпавядалі фармату конкурсу, былі змешчаныя на сайце narodny.by.



Уручэнне ўзнагародаў


У выніку рупнага і бесстаронняга разгляду, ацэньваючы кожную працу паводле зместу, формы і ўплыву на грамадства, журы шляхам падсумавання балаў вызначыла дзясятку лаўрэатаў:

Марыя Булавінская (Гомель), відэа "Улады Гомеля знішчаюць гісторыю горада";

Кацярына Беламакава (Мінск), тэкст, фотарэпартаж, фотападборка "Паляванне за душою мінскага метро";

Рыгор Дзем'янцоў (Гомель), тэкст "Дзень аднаго гораду ў краіне маразму";

Аляксей Мікалаевіч (Гомель), відэа "Старэйшая школа: шлях у дарослае жыццё або бар'ер беларускай адукацыi?";

Вольга Кірыковіч (Мінск), тэкст "Мінскія двухпавярхоўкі: бульдозеры, прэч ад гісторыі!";

Анэля Мнішкава (Гомель), тэкст і аўдыёрэпартаж "Беларускамоўная група? Гэта немагчыма!";

Стах Мазырскі (Мазыр), тэкст "Мазыр — “пацёмкінскі горад";

Яўген Самсонаў (Глыбокае), відэа "Гучы, мая песня, гучы" і "Ушанаванне памяці ахвяраў Беразвечча";

Іосіф Леанідавіч (Шаркаўшчынскі раён), тэкст "Куды цякуць малочныя рэкі Шаркаўшчыны";

Юры Камягін (Гродно), тэкст "Наш таварыш беларускі воўк".

Усе лаўрэаты конкурсу маюць права паўдзельнічаць у кароткай стажыроўцы ў Польшчы.

Акрамя таго, журы адзначыла як вартыя пашырэння працы Ігара Варушчанкі (Гомель, тэкст "Бунт старушек"), Змітра (Магілёў, відэа "Зрабі свой выбар"), Алесі (Гомель, тэкст "Сакрэт” беларускай камерцыйнай нерухомасці"), Васіліны Родзік (Мінск, тэкст "Сенькаўскі шлях"), Вольгі Дайлід (тэкст "Дать жизнь или убить?"), Валянціны Шалейнікавай (Мінск, тэкст "Как чиновники довели процветающий детский сад до ручки") і Яўгена Бяласіна (Брэст), каторы ўжо як прафесійны журналіст дамагаецца ад уладаў выканання абавязкаў перад людзьмі. Таксама адзначаныя краязнаўчыя тэксты Ніны Марчук, Аляксея Чубата і Бярнарда Пакульніцкага.

Вінцук Вячорка распавёў НЧ, што ўдзельнікі гэтага другога конкурсу (першы адбыўся у 2011 годзе) больш дакладна ўяўляюць, што гаворка вядзецца не пра прыгожыя эсэ альбо спаборніцтва маладых літаратараў, а пра грамадскую актыўнасць неабыякавых людзей, здольных весці за сабой іншых з дапамогай слова, відэастужкі ці фотарэпартажу. “І такіх людзей, што працуюць на стыку журналістыкі і грамадскага чыну, вельмі няшмат. Разам з тым, мы сёння змаглі пераканацца, што многія матэрыялы датычаць вельмі балючых праблемаў, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння, у тым ліку захавання ў Гомелі помнікаў драўлянага дойлідства, цэнтралізаванага тэставання з пункту погляду педагогаў, пытанняў мовы і беларускай культуры ў самым шырокім сэнсе і іх адпаведнасці нашым традыцыям, духу і менталітэту. Дарэчы, гэтая тэма добра ўвасобленая ў працы Беламакавай "Паляванне за душою мінскага метро", у якой аўтар паказала вялікую праблему з адэкватнасцю душы гэтага ўрбаністычнага монстра. Цікавы і матэрыял пра немагчымасць дабіцца выканання канстытуцыйнага права выхоўваць дзіця па-беларуску у гомельскіх дзіцячых садках. Так што сёння адбылася якасная канцэнтрацыя прац”, — сказаў Вячорка.

На ягоную думку, трэба ўлічваць вялікую колькасць канфліктаў, звязаных з урбаністычна-зямельнымі праблемамі пры непавазе да права ўласнасці канкрэтнага чалавека і права ўсяго народа на культурную спадчыну. “З усіх прац, што паступілі на конкурс, траціна — па гэтай праблеме. Вось чаму запланаваныя  круглыя сталы па вызначаных праблемах, каб людзі завязалі гарызантальныя повязі і запачаткавалі ў мадэрнай інфармацыйнай прасторы свае меркаванні па вырашэнню гэты праблем”, — адзначыў Вінцук Вячорка.

Каментаваць