Віцебск. Глуша. Браслаў

Віцебск. Альтэрнатыва

У мэтах прафілактыкі росту рэцыдыўнай злачыннасці з ініцыятывы пракуратуры Віцебскай вобласці і УУС Віцебскага аблвыканкама ва ўсіх раёнах была праведзена акцыя «Альтэрнатыва», скіраваная на аказанне дапамогі ў працоўным і побытавым уладкаванні асобам, якія маюць судзімасць.

Віцебск. Альтэрнатыва

У мэтах прафілактыкі росту рэцыдыўнай злачыннасці з ініцыятывы пракуратуры Віцебскай вобласці і УУС Віцебскага аблвыканкама ва ўсіх раёнах была праведзена акцыя «Альтэрнатыва», скіраваная на аказанне дапамогі ў працоўным і побытавым уладкаванні асобам, якія маюць судзімасць.

Як паведамілі ў Генеральнай пракуратуры, мерапрыемства прайшло ў выглядзе адкрытых пасяджэнняў наглядальных камісій пры мясцовых выканкамах з удзелам пракурораў гарадоў і раёнаў, кіраўніцтва тэрытарыяльных аддзелаў унутраных спраў, прадстаўнікоў цэнтраў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, грамадскіх фарміраванняў, арганізацый і прэсы. На пасяджэннях таксама прысутнічалі 920 асоб, якія маюць судзімасць. Паводле вынікаў акцыі 168 чалавек працаўладкаваныя, 29 аказана дапамога ў бытавым уладкаванні.

Глуша. Фестываль промыслаў

29 верасня ў гарадскім пасёлку Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці адбыўся першы фестываль народных промыслаў і рамёстваў «Глушанскі хутарок».

Яго арганізатарам выступіў пасялковы савет пры падтрымцы праекта Праграмы развіцця ААН і Еўрасаюза «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні». У фестывалі прынялі ўдзел народныя майстры з многіх раёнаў Магілёўскай вобласці.

Пасёлак Глуша добра вядомы ў краіне і за яе межамі дзякуючы творчасці знакамітага беларускага пісьменніка, літаратуразнаўцы і грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча. Ён жыў у Глушы з 1928 года. Паводле яго завяшчання, пісьменнік пахаваны на мясцовых могілках. Імя літаратара прысвоена вуліцы, якая вядзе ад пасляваеннага дома Адамовічаў да школы, дзе вучыўся Алесь. У пасёлку захаваўся будынак былой аптэкі, апісанай Адамовічам у яго творах. Там плануецца стварыць музей «Вайна пад стрэхамі», прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніка.

У пасёлку дзейнічае буйны спарткомплекс з басейнам і аднаўляецца цэнтр рамёстваў, створаны ў канцы 1980-х гадоў. Цэнтр дзейнічае на базе музея-скансэна з пабудоў канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, звезеных з розных раёнаў вобласці. Сярод іх — дамы ганчара, ткачыхі і лесніка, царква, гумно, лазня і вятрак.

Цэнтр аб’ядноўвае народных майстроў з Глушы і навакольных вёсак, у тым ліку спецыялістаў па кераміцы, саломцы, пляценню з лазы, бандарным рамястве, жывапісе і разьбе па дрэве.


Браслаў. Вяртанне імёнаў


Сябры грамадскай арганізацыі «Культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча» ставяць за мэту вяртанне Бацькаўшчыне незаслужана забытых імёнаў, таму прысвячаюць ім мастацкія пленэры, выставы ў гарадах Беларусі, артыкулы ў газетах і часопісах. Сёлетні мастацкі пленэр у гонар Эміліі Плятэр, адбыўся на Браслаўшчыне, дзякуючы падтрымцы грамадзянскай кампаніі «Наш дом». Удзел у ім прынялі мастакі Беларусі і Расіі. Пленэр быў шматлюдны і вельмі прадстаўнічы. Побач з вядомымі мэтрамі беларускага мастацтва працавала таленавітая моладзь.

Паводле БелаПАН

Каментаваць