Віцебск. Масты. Барысаў. Дзісна. Наваполацк

Віцебск. Мітынг усё ж адбыўся

Улады не дазволілі актывістам грамадзянскай ініцыятывы «Наш дом» правядзенне мітынгу. Аднак 14 красавіка, у міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, на месцы былога лагера «5-ы полк» мітынг адбыўся. Да помніка былі ўскладзены вянкі, прысутным раздадзены кубкі з сімволікай па ўшанаванню памяці ахвяраў канцлагера, прайшла памінальная служба.


Масты. Адна надзея на звароты

Віцебск. Мітынг усё ж адбыўся

Улады не дазволілі актывістам грамадзянскай ініцыятывы «Наш дом» правядзенне мітынгу. Аднак 14 красавіка, у міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, на месцы былога лагера «5-ы полк» мітынг адбыўся. Да помніка былі ўскладзены вянкі, прысутным раздадзены кубкі з сімволікай па ўшанаванню памяці ахвяраў канцлагера, прайшла памінальная служба.


Масты. Адна надзея на звароты

Нягледзячы на своечасовыя паведамленні грамадзянінам Радзікевічам у аварыйна-дыспетчарскі пункт РУП ЖКГ наконт адсутнасці гарачай вады ў кватэры на працягу лютага, у жыроўцы быў выстаўлены поўны рахунак за яе спажыванне. Пры гэтым, паводле адказаў дыспетчара, сітуацыя з адсутнасцю гарачай вады ў лютым месяцы была выклікана падачай вады з недастатковай тэмпературай ад пастаўшчыка — ААТ «Мастоўдрэў». Дэпутат райсавета Дзмітрый Кухлей зазначае, што за кожны 1°С зніжэння тэмпературы гарачай вады памер аплаты за падагрэў памяншаецца на 2,5 працэнтнага пункта на перыяд прадстаўлення паслугі з недахопамі. Дэпутат скіраваў зварот камунальшчыкам, пасля чаго плата за гарачую ваду была знятая.


Барысаў. Ёсць у Беларусі скаўты

З 10 да 13 красавіка пад Барысавам быў арганізаваны лагер для беларускіх скаўтаў. У ім прынялі ўдзел 27 чалавек, якія прыехалі з Глыбокага, Паставаў, Мінска і іншых мясцовасцяў. Скаўты вучыліся майстраваць з дрэва без дапамогі цвікоў і малатка. Так, напрыклад, яны збудавалі паходны алтар і лагерную мэблю — сталы і лаўкі. Таксама вопытныя інструктары тлумачылі малодшым, як арыентавацца ў мясцовасці, гатаваць простую ежу і запальваць вогнішча з адной запалкі.

Вера ў Бога, імкненне да духоўнай дасканаласці і маральнае жыццё — гэта неад’емныя складнікі моладзевай фармацыі ў скаўтынгу. Таму ў лагеры пад Барысавам частымі гасцямі былі каталіцкія святары. Скаўты мелі магчымасць прыйсці да споведзі і прыняць камунію.


Дзісна. Знос помнікаў кантралюе чыноўнік

У Дзісне, самым маленькім горадзе Беларусі, плануецца знос як мінімум трох камяніц пачатку ХХ стагоддзя. У тым ліку гарадскога клуба, у якім сто год таму ладзіліся спектаклі «бацькі беларускага тэатра» Ігната Буйніцкага. Пра гэтыя планы чыноўнікаў стала вядома пры асвятленні пытанняў развіцця і добраўпарадкавання горада на старонках абласной дзяржаўнай газеты «Народнае слова». У ёй быў апублікаваны ліст жыхара Дзісны Фадзея Шымуковіча, у якім ён пералічыў праблемы свайго горада, у прыватнасці, надзвычай кепскі стан узведзеных напачатку ХХ стагоддзя будынкаў былой павятовай бальніцы, казначэйства і гарадскога клуба. Пазней у той жа газеце быў апублікаваны адказ намесніка старшыні аддзела эканомікі Віцебскага аблвыканкама Святаслава Зароўскага. Старыя камяніцы ён залічвае да тых аб’ектаў, якія «спісаныя з уліку некалькі год таму, але не знесеныя з-за адсутнасці сродкаў, патрэбных дзеля разборкі». Чыноўнік запэўніў, што пытанні, звязаныя з добраўпарадкаваннем Дзісны, «знаходзяцца на кантролі ў аблвыканкаме».


Наваполацк. У гонар перамогі пад Грунвальдам

За некалькі дзён сябры суполкі «Рубон» гарадской арганізацыі ТБМ сабралі больш за 100 подпісаў пад зваротам наконт перайменавання адной з вуліц і ўсталявання памятнага знаку да перамогі пад Грунвальдам. Зварот накіраваны ў Полацкі гарвыканкам і гарсавет.

«Мы, жыхары Полаччыны, падтрымліваем апублікаваную ў газеце «Полацкі веснік» (за 26 сакавіка 2010 года, № 24) прапанову годна адзначыць 600-годдзе перамогі пад Грунвальдам, дзе «злучаныя сілы радзімы нашых продкаў — Вялікага княства Літоўскага і Польскага Каралеўства — разграмілі армію Тэўтонскага ордэна. Велізарны ўклад у Грунвальдскую перамогу ўнеслі беларускія харугвы. Полацкая харугва сярод іх была адной з самых вялікіх і добра ўзброеных, бо на той час Полацк з’яўляўся найбуйнейшым і найбагацейшым горадам Вялікага княства Літоўскага. Гэты факт, як і мужнасць полацкіх ваяроў на полі бітвы, шмат разоў адзначаліся ў навуковай гістарычнай літаратуры. Падчас святочных мерапрыемстваў у гонар афіцыйнага прызнання нашага горада культурнай сталіцай краіны пра заслугі палачан у Грунвальдскай перамозе нагадаў міністр культуры Беларусі Павел Латушка. Мы згаджаемся з апублікаванай прапановай надаць адной з полацкіх вуліц назву Грунвальдская, а таксама прапануем усталяваць у Полацку памятны знак у гонар славутай перамогі. Пра ўсталяванне падобнага знаку ў сваім горадзе абвясцілі нядаўна і ўлады горада Віцебск», — гаворыцца ў звароце.

Каментаваць