Віцебск. Мядзел. Докшыцы. Масты. Браслаў

Віцебск. Вобыскі былі дарэмныя

Віцебск. Вобыскі былі дарэмныя

Працягваецца ціск на газету «Віцебскі кур’ер». Напрыканцы мінулага тыдня міліцыянты паспрабавалі канфіскаваць чарговы наклад выдання. Напачатку супрацоўнікамі Першамайскага РАУС быў учынены вобыск машыны дырэктара прадпрыемства выдавецтва. Выяўлена толькі 52 паасобнікі. На наступны дзень да пошуку чарговага накладу далучыліся міліцыянеры з абласнога УУС. Затрымлівалі і абшуквалі ўсе сінія і блакітныя мікрааўтобусы, якія ехалі з Расіі. Такога колеру рэдакцыйная машына, і яна была затрымана. Вобыск не даў ніякіх вынікаў. У гэты раз газета была дастаўлена чытачам іншым шляхам.


Мядзел. Чарговы паход вясковых музыкаў

Гурт з назвай «Dа! Бл…» з вёскі Нарач арыгінальнасцю сваіх твораў ужо некалькі гадоў радуе слухачоў і мае вядомасць не толькі ў краі. Зараз гурт запісаў новы хіт «Сенсацыі», у якім, як распавядае яго лідэр Віктар Мароз, сведчанне рэчаіснасці: «Гэта песня не пра асабістае жыццё чалавека, а пра кожнага з нас, хто з’яўляецца часцінкай грамадства». Твор стаў запатрабаваны ад пачатку яго прэзентацыі не толькі ў мясцовых прыхільнікаў калектыву. У 2008 годзе вясковы гурт стаў пераможцам тутэйшага фэсту «Ноч ваўкалака».


Докшыцы. Падарунак і знявага


Напрыканцы мінулага года супрацоўніца дзяржаўнай крамы «Журавінка» Алеся Навуменка выйшла замуж. На вяселлі, сярод іншых падарункаў, маладыя атрымалі ад турфімы дакумент на 10-дзённую паездку ў Егіпет. Калі ў лютым падышоў тэрмін паездкі, заўкрамы Ала Барыла не дазволіла цяжарнай жанчыне пайсці ў кароткатэрміновы адпачынак. Навуменка гэта пытанне вырашыла праз кіраўніцтва гаргандлю. Па вяртанні Барыла ў прысутнасці калектыву ўчыніла супрацоўніцы «вывалачку». Пасля чаго Алеся Навуменка з нервовым стрэсам патрапіла ў лякарню. Затым быў зварот у суд, які прызнаў Алу Барылу вінаватай у перавышэнні службовых паўнамоцтваў і пакараў штрафам у 280 тысяч рублёў на карысць дзяржавы. Знявечаныя гонар і годнасць цяжарнай жанчыны суд пакінуў па-за ўвагай.


Масты. Агітуйце ў полі і лесе

ЦВК прапанавала Мастоўскаму райвыканкаму ўнесці змены ў рашэнне аб вызначэнні месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў, пасля таго, як чатыры кандыдаты ў Мастоўскі райсавет ад хрысціянскіх дэмакратаў cкіравалі скаргу ў Цэнтравыбаркам аб парушэнні выбарчага заканадаўства. «Мастоўскі райвыканкам вызначыў толькі 2 месцы ў г. Масты на значнай адлегласці ад выбарчых акругаў нашых кандыдатаў. Мы запатрабавалі стварыць нам роўныя ўмовы для правядзення агітацыі шляхам правядзення масавых мерапрыемстваў. ЦВК стала на наш бок і прапанавала Мастоўскаму райвыканкаму вызначыць месцы для агітацыі на выбарчых акругах нашых кандыдатаў», — каментуе сітуацыю цяперашні дэпутат райсавета Дзмітрый Кухлей.


Браслаў. Прызначана дата фотапленэру

Ужо ў другі раз Браслаў запрашае актыўных і крэатыўных аматараў фотамастацтва на пленэр «Ён — Прастора, Ён — Творца». У мінулым годзе фотапленэр быў спалучаны з пленэрам для мастакоў, напрыканцы якога адбылася прэзентацыя прац удзельнікаў пленэру — жывапіс, малюнак, графіка, калаж і фотаздымак — у браслаўскім санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў. Сёлета сустрэча для прафесійных фатографаў і тых, каго цікавіць мастацтва фатаграфіі, адбудзецца з 10 па 18 ліпеня. Колькасць удзельнікаў абмежаваная, таму пра сваё жаданне ўдзельнічаць арганізатары просяць паведаміць не пазней, чым за два тыдні да пачатку пленэру.
 

Каментаваць