Вілейка. Крэва. Гродна. Вілейка. Смаргонь.

Вілейка. Юбілей супольнай працы

Вілейка. Юбілей супольнай працы

За 15 гадоў у беларуска-германскім дзіцячым цэнтры «Надзея», які працуе ў Вілейцы, прайшлі аздараўленне больш за 40 тысяч дзяцей. Цэнтр створаны для аказання дапамогі дзецям, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы. За гады працы цэнтр значна пашырыў свае магчымасці і павялічыў прыём дзяцей з 60 чалавек у змену ў 1994 годзе да 280-ці ў 2009-м. На яго тэрыторыі, шмат у чым дзякуючы падтрымцы нямецкіх партнёраў, з’явіліся новыя будынкі, спартовыя пляцоўкі, гульнявыя комплексы. Акрамя прыёму дзяцей, якія стала пражываюць на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі, цэнтр пры падтрымцы замежных і міжнародных дабрачынцаў рэгулярна праводзіць аздараўленне дзяцей з медыцынскімі паталогіямі (анкалагічныя захворванні, захворванні крыві, сэрца). Тут рэалізоўваюцца сацыяльныя праекты па аздараўленні дзяцей з няпоўных і шматдзетных сем’яў, праекты па арганізацыі сямейнага адпачынку для дзяцей-інвалідаў і іх бацькоў.


Крэва. Фотапленэр у правінцыі


Фотапленэр «Юрава гара–2009» пройдзе ў мястэчку Крэва 2–3 кастрычніка. Урачыстае адкрыццё пленэру распачнецца ў мясцовай кавярні «Уют» 2 кастрычніка ў 15 гадзін. Па выніках пленэру ў 2010 годзе ў Беларусі і краінах Еўропы пройдзе выстава, прымеркаваная да 625-годдзя з дня падпісання Крэўскай уніі. Прафесійныя фотамастакі з Беларусі прымуць удзел у далейшым стварэнні іміджу Крэва як гісторыка-культурнага цэнтра, цікавага для турыстаў з Беларусі і замежжа. Фатографы будуць працаваць у наступных намінацыях: архітэктура, пейзаж, рэпартаж, культура і традыцыі. Арганізатарамі фотапленэру «Юрава гара–2009» выступаюць Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, Беларускае грамадскае аб’яднанне «Фотамастацтва», Смаргонскі райвыканкам. Фотапленэр адбудзецца пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!»


Гродна. У «Гарадзенскай бібліятэцы» папаўненне

Пабачыла свет кніга «Рыцары і дойліды Гародні». Яна выдадзеная за аўтарствам гарадзенскага гісторыка, доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча і мастака Паўла Татарнікава. Выданне — 8-е ў серыі «Гарадзенская Бібліятэка». Кніга распавядае пра гісторыю аднаго са старадаўніх гарадоў Беларусі. Выданне можна набыць у гродзенскай кнігарні «Кнігі» (Гарнавых, 7), а таксама ў Цэнтры Беларускай Кнігі (Будзёнага 48а — 44, памяшканне Таварыства беларускай школы), а таксама ў кнігарнях Мінску.


Вілейка. Літаратура правінцыі

Прэзентацыя адразу двух паэтычных альманахаў «Любы край дарагі» і «Вілейскі звон» адбылася 27 верасня ў мясцовым Доме культуры. У кнігах прадстаўлена творчасць сябраў літаратурнай суполкі «Натхненне» імя А. Гурыновіча, што існуе пры філіяле Вілейскай бібліятэкі. Кіруе суполкай, якая створаная больш за дваццаць год таму, Зінаіда Губарава-Крупская. Паэтэса нарадзілася ў Хойніцкім раёне, працуе настаўніцай фальклорнага танца ў гімназіі №2. Піша вершы, казкі, песні, байкі, выдала некалькі ўласных кніг. У паэтычных зборніках прадстаўленая творчасць Вольгі Ляжэвіч, Марыі Томкавіч, Надзеі Далёкай, Людмілы Адамовіч, Уладзіміра Бірылы, Міхаіла Пастарнака і іншых сябраў «Натхнення». У прэзентацыі ўзялі ўдзел літаратары і выдаўцы з Мінска.


Смаргонь. Славяць край

Выстава пад назвай «Пэндзлем, разцом і словам славім цябе, Смаргонь», адкрылася ў смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі. У экспазіцыі, прысвечанай Году роднай зямлі, Смаргоншчына прадстаўлена ў творах землякоў — дзеячаў мастацтва і літаратуры. Скульптура Уладзіміра Церабуна, гравюра Напалеона Орды, выцінанка і гравюра Аляксандра Лося і Яўгеніі Ліс, разьба па дрэве Юрыя Маркава і Віталя Воранава, жывапіс Ніны Сосна, Юрыя Тумакова, Паўла Южыка, Канстанціна Высоцкага, Аляксандра Іванова, Валянціна Варанішчы, Ліліі Трохалевай, Уладзіміра Навіцкага, Анатоля Бяляўскага, літаратурныя творы ўражэнцаў і жыхароў Смаргоншчыны — усё гэта можна пабачыць у экспазіцыі.

Каментаваць