Візіт салідарнасці дэпутата Бундэстагу

Дэпутат германскага Бундэстагу Марылуізэ Бек раніцай 28 снежня ў Мінску сустрэлася з беларускімі журналістамі і заявіла, што еўрапейская супольнасць зведвае шок ад падзеяў, якія адбыліся ў беларускай сталіцы падчас масавай акцыі пратэсту ў дзень выбараў, 19 снежня, і ў наступныя дні.



Дэпутат германскага Бундэстагу Марылуізэ Бек раніцай 28 снежня ў Мінску сустрэлася з беларускімі журналістамі і заявіла, што еўрапейская супольнасць зведвае шок ад падзеяў, якія адбыліся ў беларускай сталіцы падчас масавай акцыі пратэсту ў дзень выбараў, 19 снежня, і ў наступныя дні.

Марылуізэ Бек, якая лічыцца ветэранам нямецкага парламента, з’яўляецца палітыкам, што працяглы час вельмі актыўна займаецца менавіта “беларускім накірункам. Яна шматкроць была ў Беларусі, прымала актыўны ўдзел у “Мінскіх Форумах, аднымі з асноўных арганізатараў якіх з’яўляюцца Нямецка-беларускае таварыства і Усходні камітэт нямецкай эканомікі.

У аўторак з шматлікімі цяжкасцямі з прычыны апакаліптычнай сітуацыі ў маскоўскіх аэрапортах дэпутат Бундэстагу здолела дабрацца да беларускай сталіцы і пунктуальна з’явіцца на прэс-канферэнцыі. У прэамбуле свайго выступу спадарыня Бек паведаміла, што прысутнічала на судовм працэсе па справе экс-кіраўніка “ЮКАСу Міхаіла Хадаркоўскага і былога валадара “Менатэпу Платона Лебедзева, і ход гэтага працэсу, а таксама нядаўнія падзеі ў Мінску “выклікалі вялікую заклапочанасць ускладненем сітуацыі, якое мае месца ва Усходняй Еўропе.     

Па словах Марылуізэ Бек, сёння самае галоўнае – гэта лёс арыштаваных, якія знаходзяцца ў ізалятарах часовага ўтрымання, а таксама ў следчым ізалятары КДБ Беларусі. “Еўропа прачынаецца ад каляднай спячкі, але ўжо зараз мы адчулі шок ад тых драматычных падзей, што адбыліся ў Мінску 19 снежня, - адзначыла дэпутат Бундэстагу. Паводле спадарыні Бек, ніхто на Захадзе, нягледзячы на розныя меркаванні адносна ступені лібералізацыі ў Беларусі, не разлічваў на тое, што падзеі пасля двух гадоў дыялогу афіцыйнага Мінска з Еўропай будуць разгортвацца такім трагічным чынам. На яе меркаванне сітуацыя больш драматычная, чым была пасля выбараў у 2006 г., і Захад павінен знайсці адказ на падзеі апошніх дзесяці дзён, калі ён хоча ўсур’ёз быць верным каштоўнасцям.

Марылуізэ Бек аздзначыла, што захады кшталту беларускіх не маюць права рабіцца ў краіне, якая з’яўляецца сябрам АБСЕ, дзе існуюць пэўныя крытэрыі і каштоўнасці. Пра гэта яна мела намер пагаварыць у Міністэрстве замежных спраў Беларусі. “Нягледзячы на папярэднія дамоўленасці, у апошні момант высветлілася, што чыноўнікі беларускага МЗС не маюць часу для сустрэчы са мной, - паведаміла дэпутат нямецкага парламента.

Старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў Жанна Літвіна падзякавала Марылуізу Бек за тое, што яна ў паслякалядны час і, нягледзячы на жудасныя ўмовы надвор’я ў Маскве, усё ж знайшла магчымасць сустрэцца з беларускімі журналістамі.

“Мы яшчэ доўгі час будзем знаходзіцца пад уражаннем фінальных гадзін выбарчай кампаніі, калі ўлада згуляла “шахматнай дошкаю па галаве. У гэтыя дні вельмі важнай ёсць салідарнасць еўрапейскіх палітыкаў, у першую чаргу, з тымі, хто знаходзіцца ў зняволенні. Нам вельмі важныя вашы высілкі дзеля вызвалення гэтых людзей, і зараз гэта самае галоўнае. Тое, што сёння хвалюе маіх калег, журналісцкую супольнасць, гэта, натуральна, тыя захады, якія былі ўжыты ўладамі ў дачыненні да журналістаў. 26 журналістаў, у тым ліку і замежных, нягледзячы на іх акрэдытацыю, на пацвярджэнне, што яны выконвалі свае прафесійныя абавязкі, былі затрыманы. Нехта з іх асуджаны, нехта праз пэўны час быў адпушчаны. Яшчэ 21 журналіст зведаў на сабе фізічныя ўздзеянні з боку супрацоўнікаў сілавых структур. І 19, і 20 снежня журналісты выконвалі свае прафесійныя абавязкі, і тыя брутальныя захады, якія былі ўжыты ў дачыненні да іх, маюць за мэту нагнятанне страху і прымус журналістаў змірыцца і змяніць сваю прафесійную пазіцыю… Мы яшчэ доўга будзем аналізаваць тыя падзеі, рабіць высновы, прыгцягваць экспертаў, але для нас вельмі важна, каб краіна не апынулася ў інфармацыйнай ізаляцыі, нам вельмі важная ўвага палітыкаў, журналістаў да таго, што тут адбываецца. Мне падаецца, гэта будзе спрыяць таму, што нашы людзі будуць валодаць праўдай, карыстацца не адцэнзураванымі матэр’яламі, а праўдзівымі крыніцамі, - адзначыла кіраўнік БАЖ.  

Было закранута і пытанне спрашчэння візавага рэжыму для беларуксіх грамадзян, якія сёння плацяць за візу ў краіны ЕС 60 еўра, а не 35, як іншыя постсавецкія дзяржавы. “Я ніколі не пагаджалася з пазіцыяй Еўрапейскай камісіі, што, маўляў, грамадзяне Беларусі мусяць плаціць па 60 еўра, а не 35, толькі за тое, што яны з’яўляюцца грамадзянамі краіны, дзе пануе дыктатарскі рэжым. Я лічу, што такім  чынам мы спрыяем большай ізаляцыі народа гэтай краіны ад цывілізаванага свету, - сказала Марылуізэ Бек і паабяцала, што з яе боку пытанне спрашчэння візавага рэжыму для шэраговых грамадзян будзе яшчэ больш актуалізавацца на міжнародным узроўні. Паводле яе словаў, зноўку мае актуальнасыць узняццё пытання высвятлення лёсу зніклых апанентаў дзеючай беларускай улады – Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Змітра Завадскага.

Марылуізэ Бек падкрэсліла, што пад пытаннем застаюцца і прычыны гібелі журналіста Алега Бябеніна. “Эксперты АБСЕ не настаялі на эксгумацыі. Але задаволіліся выключна папяровымі заключэннямі беларускіх экспертаў, - падкрэсліла дэпутат германскага парламента.    

Марылуізэ Бек пабяцала вярнуцца ў Беларусь хуткім часе, але ў складзе больш прадстаўнічай дэлегацыі ад Бундэстагу, дзе будуць “асобы, якія пры ўладзе і ўваходзяць ва ўрадавую кааліцыю, але не толькі будуць прадстаўляць апазіцыю, як я, - падкрэсліла Марылуізэ Бек.
 

Каментаваць