Ва Украіне здаўся беларускі шпіён

Украінец пасля адзінаццаці гадоў пражывання ў Беларусі і вяртання ва Украіну прышоў ва ўпраўленне Службы бяспекі Украіны Чарнігаўскай вобласці з прызнаннем пра вярбоўку Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Беларусі, паведамляе Радыё Свабода.


Як вынікае з рашэння Рэпкінскага раённага суду Чарнігаўскай вобласці, дзякуючы добраахвотнаму прызнанню грамадзянін Украіны звольнены ад крымінальнай адказнасці ў справе пра дзяржаўную здраду. У судовым рашэнні адзначаецца, што ўкраінец на працягу 2006-2017 гадоў стала пражываў разам з жонкай у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Але ў чэрвені 2017-га беларускія ўлады пазбавілі яго віду на жыхарства, і ён вымушана вярнуўся да бацькоў у паселішча Рэпкі Чарнігаўскай вобласці, працягваючы перыядычна ездзіць у Беларусь для наведавання жонкі.

У ліпені 2017 года пад час чарговай паездкі ў Беларусь у пункце пропуску «Новая Гута» (Гомельская вобласць) пад пагрозай дэпартацыі і забароны ўезду на беларускую тэрыторыю супрацоўнік КДБ Беларусі прапанаваў украінцу сакрэтнае супрацоўніцтва, і ён пагадзіўся, падпісаўшы адпаведныя дакументы. У судовым рашэнні адзначаецца, што ўкраінец мусіў атрымліваць заданні і перадаваць сабраную інфармацыю ў час паездак у Беларусь падчас асабістых сустрэч з супрацоўнікам КДБ Беларусі ў пункце пропуску «Новая Гута».

У прыватнасці, гаворка ішла пра збор выведавальнай інфармацыі пра аўтамабільны транспарт і асабісты склад Дзяржаўнай памежнай службы Украіны і праваахоўных органаў Украіны, што знаходзяцца на тэрыторыі Рэпкінскага раёна Чарнігаўскай вобласці каля мяжы з Беларуссю, а таксама інфармацыі пра мясцовых жыхароў, якія бралі ўдзел у правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей.

У кастрычніку 2017 года супраць грамадзяніна Украіны была адкрытая крымінальная справа па частцы 1 артыкула 111 Крымінальнага кодэксу Украіны — дзяржаўная здрада. Гэтае злачынства караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 12 да 15 гадоў.

Аднак, паколькі ўкраінец добраахвотна звярнуўся да СБУ з заявай аб сваёй сувязі з прадстаўнікамі замежнай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь, а следства не ўстанавіла рэальнай шкоды дзяржаўным інтарэсам Украіны, яго вызвалілі ад крымінальнай адказнасці.

Радыё Свабода



Каментаваць