Ва ўрочышчы Курапаты адбылося традыцыйнае ўшанаванне ахвяраў сталінізму

29 снежня адбылося традыцыйнае штомесячнае ўшанаванне ахвяраў сталінізму.



29 снежня адбылося традыцыйнае штомесячнае ўшанаванне ахвяраў сталінізму.

Сярод удзельнікаў ушанавання — актывісты аргкамітэта па стварэнню руху салідарнасці “Разам, малебнаў за вызваленне палітычных зняволеных, міжнароднага грамадскага аб’яднання “Малады фронт (Чэхія) і Мінскага гарадскога аддзялення міжнароднага гісторыка-асветнага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства “Мемарыял. Пад бел- чырвона-белым сцягам яны усклалі кветкі і запалілі знічкі каля каменя з надпісам “Ахвярам сталінізму і каля “Крыжа пакуты , хвілінай маўчання ўшанавалі памяць бязвінна палеглых людзей, праспявалі песні беларускага нацыянальнага адраджэння і правялі малебен.

Грамадскі актывіст Ганна Шапуцька назвала Курапаты знакавым местам, на якім аддаецца павага не толькі ахвярам сталінізму, але і тым людзям, якія пакутуюць сёння. Паводле яе слоў, зыходзячы год паказаў, што ў краіне, як і ў 1937 годзе, пануюць спецслужбы і сілавыя структуры, нянавісць і беззаконне, хлусня і гвалт. Шапуцька выказала пажаданне, каб 2012 год стаў вырашальным для многіх беларусаў, якім належыць вызначыцца са сваёй грамадзянскай пазіцыяй дзеля светлай і надзейнай будучыні сваіх дзяцей і ўнукаў.

А Ганна Шаруба адзначыла, што існуе праблема наведвання Курапатаў моладдзю. Яна заклікала моладзь больш актыўна прыходзіць ва ўрочышча 29 чысла кожнага месяца. “Нашы продкі вартыя таго, каб мы адзін раз на месяц вылучылі некалькі гадзін і прыехалі ў нацыянальны некропаль пакланіцца светлай памяці загінулых. За моладдзю будучыня, а яна немагчымая, калі людзі не ўшаноўваюць памяць сваіх продкаў, не ведаюць сваёй гісторыі, не маюць павагі да тых людзей, хто не толькі жыў на гэтай зямлі, але і пакутаваў, цярпеў за яе, — сказала Шаруба.

Былы вязень ГУЛАГу Сяргей Ханжанкоў напомніў, што тысячы польскіх афіцэраў былі забіты НКВД на тэрыторыі Беларусі пасля пачатку Другой сусветнай вайны і падзелу Польшчы паміж гітлераўскай Германіяй і сталінскім Савецкім Саюзам. Нягледзячы на гэта, галава дзяржавы на нядаўняй прэсавай канферэнцыі заявіў, што ў Беларусі няма спіска расстраляных польскіх афіцэраў, бо іх тут не расстрэльвалі, сказаў Ханжанкоў.

Ветэран адраджэнскага руху Ніна Багінская падкрэсліла, што вялікі грэх страху ляжыць на беларускім народзе. Паводле яе слоў, 19 снежня 2010 года дзесяткі тысяч людзей адважна вышлі на сталічную плошчу Незалежнасці. “Пасля гэтых падзей улады аблілі брудам лепшых людзей краіны, абвінавацілі апазіцыю ў тым, чаго яна не рабіла, і перашлі да рэпрэсій. І зараз толькі адзінкі выходзяць на плошчы, дзе іх затрымліваюць. Так, намеснік старшыні аргкамітэту па стварэнню руху салідарнасці “Разам, актывіст прадпрымальніцкага руху Аляксандр Макаеў за апошнія месяцы двойчы быў затрыманы: 16 лістапада на Кастрычніцкай плошчы сталіцы і 19 снежня — каля мінскага Чырвонага касцёла (касцёла святых Сымона і Алены), —сказала Багінская. На яе думку, народ павінен адрынуць страх і падняцца з кален.

Затым удзельнікі ўшанавання адправіліся ў спецпрыёмнік-размеркавальнік ГУУС Мінгарвыканкама на вуліцы Акрэсціна, каб сустрэць Аляксандра Макаева пасля адбыцця 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

За ўшанаваннем ахвяраў сталінізму наглядалі восем супрацоўнікаў міліцыі ў форме.

Чарговае памінавенне у Курапатах адбудзецца 29 студзеня ў 17.00.
 

Каментаваць