Ва Украіне царква з народам, а не з дзяржавай

Ліберальная грамадскасць у Беларусі і Расіі, нават прыхільная да Майдану, з непаразуменнем паставілася да ўдзелу святароў у палітычным жыцці Украіны. Хтосьці ўбачыў у гэтым вяртанне да сярэднявечча. На самой справе…



Касцёл "Ave Maria". Фота Зміцера Галко


Гэта ўсё з-за экстрапаляцыі ведаў аб праваслаўнай царкве ў сябе на радзіме на ўкраінскую царкву. Як чалавек, які больш за тыдзень правёў разам з праваслаўнымі святарамі, бачыў, наколькі апантана і бескарысліва яны займаюцца зараз грамадскай дзейнасцю, магу засведчыць: гэта «дзве вялікія розніцы».

У ноч з нядзелі на панядзелак мы вырушылі разам з айцом Сяргеем Дзмітрыевым, ужо вядомым нашаму чытачу, з Херсону да Наваград-Валынскага на ягонай машыне. Адлегласць каля 700 кіламетраў. Мяне на Жытоміршчыне чакалі жонка з сынам, з якімі мы ўжо амаль месяц не бачыліся, а Сяргей Дзмітрыеў вёз у Наваград-Валынскі маёра, начштабу. Той ехаў дадому на пабыўку з Херсоншчыны, дзе стаіць яго частка. Бацюшка жартаваў з сваім пасажырам, калі давялося спыніцца на «варожай» запраўцы: «Слухайце, маёр, а давайце проста рэквізуем у іх бензін — для патрэбаў украінскай арміі, вы ім распіску якую-небудзь дасцё». Ваенны чалавек успрымаў усё вельмі сур’ёзна, таму сказаў, што ў яго няма штабной пячаткі з сабой.

На жаль, іншы жарт — «сцеражыцеся, маёр, гэтага чалавека, ён вельмі ўедлівы журналіст, ад яго ніякай ваеннай таямніцы не схаваеш» — маёр таксама ўспрыняў вельмі сур’ёзна, з-за чаго ўсю дарогу прамаўчаў. Баючыся выбалбатаць ваенную таямніцу.

У сераду ранкам Сяргей Дзмітрыеў паехаў назад, пад завязку нагружаны сабранымі наваград-валынскай грамадскасцю рэчамі для іхніх землякоў — вайскоўцаў, якія ахоўваюць межы з Крымам. Адпачыўшы ў панядзелак ад цяжкай дарогі, у аўторак святар спачатку правёў прэс-канферэнцыю для мясцовых журналістаў, потым сустрэўся з мясцовай Самаабаронай.

Айцец Сяргей Дзмітрыеў выступае на прэс-канферэнцыі

 

Сяргей Дзмітрыеў чалавек незвычайны, таму часцяком тое, што ён робіць, адбываецца ўпершыню. Гэтак, ён праводзіў прэс-канферэнцыю ў касцёле «Ave Maria», запрасіўшы для ўдзелу ў ёй па аднаму святару ад цэркваў Кіеўскага і Маскоўскага патрыярхатаў. «Упершыню на тэрыторыю касцёлу тут ступіла нага святара Маскоўскага патрыярхату, тым больш — разам з нагой святара патрыярхату Кіеўскага», — сказаў мне айцец Сяргей.

Самога сябе ён, мабыць, выносіць за дужкі, бо менавіта сюды ён адправіў з Херсону свайго 15-гадовага сына Прохара, калі была небяспека ўварвання расійскіх войскаў на матэрык. Прохар пэўны час служыў тут памочнікам ксяндза, сябры айца Сяргея. Дарэчы, сын святара ў Херсоне ўваходзіў у «мастацкую сотню» — ён вельмі добра малюе і прыклаў свой талент для стварэння агітацыйных матэрыялаў. 

15-гадовы Прохар Дзмітрыеў

 

Мэта доўгай паездкі «неўтаймоўнага бацюшкі» вельмі важная. Словам і справай ён пляце ніткі для сшывання Украіны. Праехаў 700 кіламетраў у адзін бок, каб адвесці вайскоўца на пабыўку, і 700 кіламетраў у другі, каб прывесці іншым вайскоўцам асабліва прыемную перадачу, бо яна з роднага краю. Сабраў наваград-валынскіх журналістаў, каб яны паслухалі з першых вуснаў пра ўмовы іх перабывання на Херсоншчыне ды іхныя патрэбы. Запрасіў прадстаўнікоў наваград-валынскай Самаабароны прыязджаць на Херсоншчыну, дзе іх размесцяць і дадуць транспарт, абы яны падтрымалі землякоў і пазнаёміліся з далёкай вобласцю, з якой, па словах Сяргея Дзмітрыева, «пачынаецца Львоў».

Не заўсёды сабраныя цэнтралізавана грошы трапляюць па назначэнні, карупцыйнае мінулае яшчэ не адпусціла Украіну, Мінабароны не стане набываць хлопцам футбольныя мячы ці нарды, таму такая простая сувязь вайскоўцаў з грамадзянамі мае вялікае значэнне. Яшчэ большае значэнне маюць спробы айца Сяргея Дзмітрыева падштурхнуць святароў Маскоўскага патрыярхату да больш актыўнай дапамогі вайскоўцам і супрацы з святарамі Кіеўскага патрыярхату.

І усё гэта ён рабіў дзеля аднаго — аб’яднання Украіны супраць ворага і выбудовы шырокіх гарызантальных сувязяў. Яны Украіне спатрэбяцца і ў мірны час, які калі-небудзь надыдзе. Урэшце, унутраны вораг наносіць ёй таксама вялікую шкоду, высмоктваючы з яе жыццёвыя сокі.

Украінскія цэрквы прадэманстравалі, што на сённяшні дзень з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі суб’ектамі грамадскай супольнасці. Царква — гэта сеткавая структура па ўсёй краіне, якая функцыянуе на аснове самазабеспячэння, з высокай мабілізацыйнай гатоўнасцю яе членаў, моцнай матывацыяй на агульную справу, даверам да яе з боку грамадзянаў. У тым ліку — «прагрэсіўных» колаў. Можа, справа ў тым, што яны не такія «прагрэсіўныя», як у Расіі ці Беларусі, адсталі ад часу? Сяргей Дзмітрыеў тлумачыць гэта іначай:

«Украіна — гэта ўсё-ткі Еўропа. І мы арыентуемся на еўрапейскі досвед удзелу духавенства ў грамадскіх падзеях. Згадаем, напрыклад, суседнюю Польшчу. Ксяндза Станіслава Скарупку, які стаў сімвалам “Цуда на Вісле”, бітвы пад Варшавай у 1920 годзе, калі былі спыненыя войскі Тухачэўскага. Ён павёў у атаку салдат з крыжом у руках. Ці касцёлы падчас ваеннага становішча 1981–1983 гадоў. Тут збіралася “Салідарнасць”, сюды перанеслался мастацкае, тэатральнае жыццё, у касцёлах ставіліся надзённыя спектаклі. Згадаем забітага спецслужбістамі Ежы Папялушку… Ва Украіне свойчас царква была асяродкам супраціву бальшавізму.

Святар у Расіі акрапіў, блаславіў — усё, ідзіце. Досыць фармальны падыход. Ды яшчэ і блаславіў тое, што яму зверху дазволілі блаславіць. У нас жа, калі святар бласлаўляе, дык ён разам і ідзе. Калі ён гаворыць, што трэба рабіць тое і тое, ён бярэ і робіць гэта. У нас царква не на дзяржаўным субстраце замяшаная, гэта такі унутрыграмадскі арганізм. Мы не з дзяржавай, а з народам».

Спяваем гімн Украіны разам з наваград-валынскай Самаабаронай

 

У намёце наваград-валынскай Самаабароны гэтую выснову дружна падтрымалі воклічамі: «Сапраўды так! Вельмі цікавая думка». Дарэчы, яе байцы не пагадзіліся з тым, што яны знаходзяцца ў тылу. Паводле іхных словаў, у горадзе «руліць» Уладзімір Літвін, колішні спікер Вярхоўнай Рады, буйны бізнэсмен. Ён спрабуе прызначыць тут ва ўладу сваіх людзей, чаму Самаабарона намагаецца супрацьстаяць. Менавіта гэта яны лічыць сваёй галоўнай задачай, а не патруляванне вуліцаў (разам з супрацоўнікамі міліцыі, якія, па словах актывістаў, «не могуць пры нас браць хабары»). А гэта часам не лягчэй, чым ахоўваць украінскія межы…

У мясцовай Самаабароне, якая створана не на аснове партыйнай арганізацыі, з самых розных людзей, многія недалюбліваюць «Правы сектар» і даволі крытычна адгукаюцца пра дзейнасць партыі «Свабода» у рэгіёне, хаця на іхнім намёце побач з дзяржаўным вісіць і чырвона-чорны сцяг, яны спяваюць «бандэраўскія» песні і выгукваюць «бандэраўскія» воклічы. Тут горача спрачаюцца, як цяпер ставіцца да расіянаў, да прарасійскі настроеных грамадзянаў на паўднёвым усходзе Украіны. Цікава, што з варожых пазіцый выступіў пажылы чалавек з Луганшчыны, а з пазіцый неабходнасці дыялогу — малады хлопец з Жытоміршчыны

Камандзір наваград-валынскай Самаабароны Аляксандр распавёў, што зусім нечакана для яго да іхніх шэрагаў далучыліся… цыгане. Гэта абсалютна немагчы саюз для пячорных шавіністаў, якімі малюе іх расійская прапаганда.

«Зразумела, якое да іх стаўленне ў людзей было. Як паўсюль. А тут… Цэлая абшчына прыйшла, чалавек пяцьдзесят, мо і болей. Збіраюцца ў намёце ад малога да вялікага, што зрабіць, чым дапамагчы. Шчыра скажу, я зусім па-іншаму цяпер на іх гляджу, не ведаў іх з гэтага боку зусім. Ну і яны, мабыць, ніколі так шчыльна не кантактавалі з намі, мясцовым насельніцтвам, я маю на ўвазе. Такой вось у нас культурны абмен атрымаўся». 

Я збіраўся вярнуцца з Наваград-Валынскага ў санаторый «Дэнышы», дзе мяне чакала сям'я, раннім вечарам, але прэс-канферэнцыя, сустрэча з Самаабаронай і збор рэчаў для вайскоўцаў зацягнуліся на значна большы час, чым мы планавалі. Да санаторыя мы даехалі акурат у момант, калі ўжо маюць зачыняцца дзверы — аб адзінаццатай гадзіне. Айцец Сяргей раздумваў, ці не заначаваць тут з дзецьмі, але сума ў 450 грыўняў за ноч на траіх падалася яму завялікай.

Я прапанаваў патлумачыць сітуацыю адміністратарцы — мо зробіць зніжку. І расказаў ёй, хто да іх завітаў пасярод ночы. Яна як толькі пачула пра дапамогу для вайскоўцаў, адразу ж запэўніла, што возьме самы мінімум — 150 грыўняў, менш якога ўзяць проста не можа, хіба што пусціць да сябе ў пакой. І загадала, каб на стаянцы пільнавалі машыну святара, як сваю ўласную. А ў Наваград-Валынскім самаабаронцы заправілі яму поўны бак бензіну на зваротны шлях.

Так, нібыта дробязі. Але ж з гэтых маленькіх цаглінак паступова можа быць пабудавана сапраўды новая краіна. Я нешта не чуў пра падобную хвалю салідарнасці ў Расіі ў дачыненні да «вызваленых суайчыннікаў» у Крыму ці да вайскоўцаў, якія там знаходзяцца. А вы — чулі?

Абмеркаванне:

  • Адвент
  • 2014-04-03 00:13:12
Пазітыўны настрой. Нечаканы паварот тэмы перадфрантавога чакання, неймавернага напружання (уявіць немагчыма - гэта ж чаканне рэальнай вайны). Святар - герой украінскага жыцця і публікацыі на 100
адсоткаў! Прыемна.
  • тутэйшы
  • 2014-04-03 01:12:54
Дзякуй!
  • Григорий
  • 2014-04-03 17:32:54
Дмитрий, я уверена, что о.Сергий очень хороший, добрый и патриотично настроенный человек. Не хочу сейчас делать тщательный разбор его тезисов относительно роли церкви в жизни общества. Но, надеюсь,
Вы - умный и образованный человек, к тому же, как свидетельствуют Ваши статьи, добрый, совестливый, искренний. Поэтому прошу открыть "Книгу книг" и подумать над тем, что Царство
Христа - "не от мира сего" и мирскими мерками мерить дела церковные - совсем неправильно: они по другим законам и с другими целями делаются. А про житейское Христос сказал:
"Оставьте мёртвым хоронить своих мертвецов". Так что здесь не всё так просто и не всё настолько очевидно.
  • Яўген
  • 2014-04-03 20:11:36
ведаць праўду пра падзеі ва Ўкраіне. Яна з намі і перспектывамі нашага развіцця вельмі моцна звязана. З гэтай нагоды - прапанова: а ці не аб'яднаць намаганні і сродкі некалькіх рэдакцыйных калектываў
(НЧ, НВ, РС, Салідарнасць, Хартыя), как атрымоўваць на працягу хаця б, скажам, паўгоддзя, якое будзе поўна цікавых падзей і працэсаў на Ўкраіне, звесткі ад карэспандэнта, які цікава піша і глыбока
"капае"? Гэта было б цікава і чытачам, і добра выданням. Можна было б кожнай рэдакцыі даваць свае заказы. Бо ў сетцы ішла гаворка, што падтрымліваюць спадара Зміуера
добрахотнікі-друзі. Але ж ці доўга яны гэта змогуць рабіць? шкада было б страціць магчымасць атрымошваць інфармацыю, што завецца, з першых рук! Дзякуй, калі падумаеце над гэтай прапановай. З павагай,
Суркоў Я.М.
  • Яўген
  • 2014-04-03 20:19:42
Прабачце, неяк страціўся пачатак тэксту! Я звяртаўся да спадара Зміцера і рэдакцыіі з прапановай, якая выкладзена далей. Але пачынаў з таго, што артыкулы Зміцера аб падзеях на Ўкраіне, якія ён
дасылае адтуль, вядомы ня толькі ў Беларусі, але Ў расеі і ва Ўкраіне, абмяркоўваюцца ў сеціве. Таму і ўзнікла мая прапанова, бо, на мой погляд, гэта прынесла б вялікі поспех сайтам і шмат чаго
карыснага нашым грамадзянам і іх аб'яднанням. Дзякуй.
  • Чытач
  • 2014-04-04 21:24:58
Ня ведаю, дзе лепей падзякваць рэдакцыі за спецыяльную рубрыку, дзе сабраныя рэпартажы Будзіміра. Мо, я раблю гэта не ў тым месцы, дзе трэба. Але ж хацелася гэта зрабіць. Бо, чытаючы той ці іншы
ягоны рэпартаж, зацікавішся - хочацца і іншыя прагледзець, а шукаць доўга. А тут - ўсё , як "на тарэлцы", пададзена. Вельмі добра! Дзякуй "Новаму Часу" за цікавы
падыход. Яшчэ раз прабачце, што знайшоў, мо, не самае добрае месца для гэтай падзякі, але спадзяюся, яна дойдзе да вас. Поспехаў усім. Мая павага за добрую справу, якую робіце. Леанід Пятровіч..
  • Рэдакцыя
  • 2014-04-04 21:54:24
Дзякуй, Вам, за добрыя словы! Спадзяемся яшчэ не адзін раз парадаваць нашых чытачоў артыкуламі Зміцера. І не толькі з гарачай кропкі. І дзякуй за тое, што заўважылі нашу задумку. Сапраўды, шмат каму,
напэўна, хочацца паглядзець на ўсе артыкулы Зміцера ў НЧ.

Каментаваць