Ва Украіне запускаюць грамадскае тэлебачанне

Беларускім журналістам паказалі як працуе украінскае тэлебачанне.



Група беларускіх журналістаў наведала Украіну: Кіеў, Чаркасы і Умань. Журналісты пазнаёміліся з функцыянаваннем дзяржаўнага ўкраінскага тэлебачання на ўзроўнях цэнтральнай, абласной і раённай студый. Асаблівую цікавасць візіту надаваў той факт, што дзяржаўнае ўкраінскае тэлебачанне знаходзіцца на этапе рэфармавання ў грамадскае тэлебачанне.

15 траўня 2014 года пачаў дзейнічаць прыняты Вярхоўнай Радай Закон пра грамадскае тэлебачанне. 7 красавіка 2015 года адбыўся афіцыйны запуск грамадскага тэлебачання на базе Першага нацыянальнага канала.

Беларусы сустрэліся з гендырэктарам Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Зурабам Аласаніем (які ўласна і каардынуе працэс рэфармавання дзяржаўнага тэлебачання ў грамадскае), журналістам, які доўгі час працаваў для інтэрнет-тэлеканала “Громадске ТВ” Антонам Емельянавым, галоўным рэдактарам і ўласнікам інтэрнэт-выдання “Правінцыя” Віктарам Барысавым, журналістам прыватнага каналу “Віка” Валянцінам Чарняўскім (ягоныя дасціпныя відэаролікі з праекта “Правакацыя” скарылі інтэрнэт), а  таксама з кіраўнікамі і работнікамі Чаркаскага і Уманьскага тэлебачання.

Украінцы распавялі пра спецыфіку працы нацыянальных СМІ з акцэнтам на асаблівасцях і ўмовах працы тэлевізійных каналаў, якіх у кожнай вобласці па некалькі дзесяткаў. Дзякуючы вялікай колькасці як дзяржаўных, так і прыватных тэлеканалаў, а таксама мінімімальнаму ўплыву на інфармацыйную палітыку з боку дзяржавы, тэлевізійнікам удаецца ствараць цікавы, змястоўны кантэнт, рознабакова асвятляць як падзеі дзяржаўнага ўзроўню, так і цікавосткі мясцовага жыцця.

Некалькі беларускіх журналістаў бралі ўдзел у запісе перадачы Чаркаскага тэлебачання “Країна, яка нам потрібна”.

Паездку арганізавалі Беларускі калегіум сумесна з Фондам Фрідріха Эберта (Friedrich Ebert Stiftung).

Каментаваць