Ва ўсім вінаваты, і ўжо не любімы

Апытанне грамадскай думкі напрыканцы 2012 года паказала, што рэйтынг кіраўніка дзяржавы застыў на адным узроўні, нягледзячы на паказальныя пакаранні чыноўнікаў, заробак у «500 у.а.» і запэўніванне, што Беларусь выбралася з эканамічнага крызісу.



Рэйтынгі прадстаўнікоў апазіцыйных сілаў нічога сенсацыйнага не дэманструюць. Выглядае на тое, што ад старога беларусы стаміліся, а з жаданнем новага яшчэ не вызначыліся.

Аналітыкі Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) адзначаюць, што эканамічныя пературбацыі дагэтуль не даюць веры вышэйшаму кіраўніцтву Беларусі ў вачах насельніцтва. Галоўным вінаватым у цяперашнім крызісе беларусы называюць Аляксандра Лукашэнку (41%), на другім месцы — урад (39,1%), апазіцыю вінавацяць 11,5%, Еўропу — 10,9%, Расію — 7,5%.

Скептычнае стаўленне да свайго эканамічнага стану пачынае распаўсюджвацца і на эканамічную палітыку ўлады. У якасці прыкладу прыводзіцца рэакцыя на скандал вакол кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак». Пра рашэнне Лукашэнкі ліквідаваць назіральныя саветы названых кандытарскіх прадпрыемстваў і перадаць абодва прадпрыемствы пад кантроль дзяржавы чула амаль палова (46,7%) апытаных, і большасць з іх (36,1%) не ўхваляе гэтае рашэнне, бо яно супярэчыць беларускаму заканадаўству.

Сумневу ўсё больш падвяргаюцца не толькі асобныя рашэнні, але і сама ідэалогія эканамічнай палітыкі ўладаў. Так, з нядаўняй заявай Лукашэнкі аб тым, што «рынкавую ідэалогію нам падкінулі для таго, каб знішчыць тую эканоміку, якая ў нас была», не пагадзіліся 56,2% рэспандэнтаў (пагадзіліся толькі 24%), з заявай аб тым, што «асновай палітыкі — і маёй перш за ўсё — з’яўляецца сумленнасць і справядлівасць. Гэта аснова ўсяго, у тым ліку і эканомікі, як бы ні дзіўным гэта здавалася», не пагадзіліся 52,6% (пагадзіліся 34,5%), а з заявай, што «нельга... ганіць тое, што было ў 1917 годзе, і наогул пускаць пад нож тыя добрыя ідэі, з якімі Ленін і яго каманда ішлі на гэтую рэвалюцыю», не пагадзіліся 48,9% (пагадзіліся 35,1%).

Можна сказаць, што цяпер назіраецца працэс стомленасці ад канцэнтрацыі ўлады ў руках аднаго чалавека. Гэта лагічна пачынае выклікаць раздражненне і пратэст. Між іншым, апытанні на вуліцах Мінска мінакоў на тэму таго, што б яны хацелі спытаць у Лукашэнкі, прадэманстравалі акурат негатыўнае стаўленне да кіраўніка дзяржавы, і, як бы тое ні дзіўна выглядала, але многія не баяліся агучваць кароннае кухоннае пытанне: «Колькі ж можна?!».

Асабісты рэйтынг кіраўніка Беларусі застыў: у снежні яму давяралі 39,1% рэспандэнтаў, а не давяралі 49,1% (у верасні было 38,5% vs. 51,9%), галасаваць за яго на новых выбарах прэзідэнта гатовыя 31,5% (у верасні 31,6%).

На пытанне: «Адны людзі думаюць, што пасля сыходу Лукашэнкі з пасады прэзідэнта жыццё ў Беларусі палепшыцца, а іншыя — наадварот, што пагоршыцца. А што думаеце Вы?» 24,5% адказалі, што жыццё палепшыцца, а 25,9% — што пагоршыцца (у снежні 2011 года было 31,7% vs. 21,5%). Відавочна, што перакладанне адказнасці на «нядбайных чыноўнікаў», якое прэзідэнт па-майстэрску выкарыстоўвае шмат гадоў, ужо не дае ранейшага эфекту, — падкрэсліваюць аналітыкі НІСЭПД.

Але папярэджваюць, што рабіць высновы пра рэвалюцыйныя настроі беларусаў зарана — большасць беларусаў да адкрытага выказвання сваёй незадаволенасці па-ранейшаму не гатовая. Прычым, зусім не з-за «татальнага страху» і «ўсеўладдзя спецслужбаў». На першы план выходзіць недавер да чыноўніцкага апарату, які абвінавачваюць у непадкантрольнасці і абыякавасці да праблем людзей. Далейшыя вынікі апытання дэманструюць загадкавую душу нашых суайчыннікаў. Бо надзеі на выхад Беларусі з крызісу больш за ўсё рэспандэнтаў (34,1%) звязваюць з Лукашэнкам, затым з прадпрымальнікамі — 28,8%, з Расіяй — 24%, з Захадам — 20,7%, з апазіцыяй — 8,6%.

Як бачым, Расія і Захад амаль зраўняліся ў рэйтынгу магчымых партнёраў, што прынясуць дабрабыт на беларускія землі. А апазіцыя, на жаль, па-ранейшаму не выклікае даверу — ці то праграм талковых не прапануе, ці то прапануе не там і не тым, а таму застаецца па-за зонай дасягальнасці сэрцаў і розумаў аўдыторыі.

Сябе ў апазіцыі да цяперашняй улады лічаць 21,3% рэспандэнтаў, давяраюць апазіцыйным партыям толькі 20% (не давяраюць 55,8% (!)), а рэйтынгі лідараў апазіцыі па-ранейшаму вагаюцца ад 4,8% у Андрэя Саннікава і 4,6% у Уладзіміра Някляева да 1,1% у Мікалая Статкевіча і 0,9 % у Анатоля Лябедзькі.

У знешнепалітычных арыентацыях беларусаў назіраецца зрух у бок сімпатый да Еўрапейскага саюза. Пры неабходнасці выбару паміж аб’яднаннем з Расіяй і ўступленнем ў Еўрапейскі саюз за першы варыянт выказваюцца 37,7%, а за другі — 43,4% апытаных. Аднак у больш глыбокай рэтраспектыве «дрэйф» грамадскай думкі ад Расіі да Еўрапейскага саюза становіцца ўсё больш прыкметным. Так, калі ў снежні 2011 года за ўступленне ў ЕС на гіпатэтычным рэферэндуме прагаласавалі б 35,9%, а супраць — 36,9%, за аб’яднанне з РФ — 29%, а супраць — 42,9%, то ў снежні гэтыя суадносіны сталі 38,9% vs. 37,6% і 28,7% vs. 47,5% адпаведна.

Аналітыкі НІСЭПД мяркуюць, што на стаўленне да Расіі магла паўплываць акурат падтрымка Беларусі, дзякуючы якой з канца мінулага года і пачалася эканамічная стабілізацыя. А гэта, у сваю чаргу, выклікала пытанні ў «масавага беларуса». Разам з тым у СМІ можна адсачыць даволі агрэсіўную рыторыку, калі размова тычыцца беларуска-расійскага супрацоўніцтва: пачынаючы ад канфліктаў вакол нафтапрадуктаў і да настойлівых «рэкамендацый» аб увядзенні на тэрыторыі Беларусі расійскага рубля. Для беларусаў, якія ўсё ж прызвычаіліся да таго, што наша дзяржава ўнітарная і самастойная (знешнюю палітыку правядзення гэтай самастойнасці пакінем за дужкамі) падобныя пасланні патыхаюць непрыхаванай агрэсіяй і пагрозай страты суверэнітэту, што нават на простым эмацыйным узроўні не выклікае сімпатый.

Што, на Ваш погляд, мусіць рабіць апазіцыя (магчыма больш за адзін варыянт адказу)?

Прапанаваць дыялог ураду

35 %

Дабівацца адстаўкі прэзідэнта

33,4 %

Дабівацца адмены эканамічных санкцый супраць Беларусі

19,9 %

Дабівацца адстаўкі ўраду

17,9%

Дабівацца адстаўкі парламенту

13 %

Байкатаваць усе ініцыятывы ўраду

5,6 %

Дабівацца ўвядзення эканамічных санкцый супраць Беларусі

4,7 %

Арганізаваць узброенае паўстанне ці рэвалюцыю

3,1 %

Не змаглі адказаць

16,7 %

Каментаваць