Вайна па ўсіх франтах

Нарэшце «беларуская стабільнасць», здаецца, дагарэзнічала. Такога ціску «сінявокая» з абодвух бакоў — Захаду і Усходу — пэўна, яшчэ не ведала. І гэты ціск надарыўся неяк сінхронна.

Ці выпадкова гэта?



Нарэшце «беларуская стабільнасць», здаецца, дагарэзнічала. Такога ціску «сінявокая» з абодвух бакоў — Захаду і Усходу — пэўна, яшчэ не ведала. І гэты ціск надарыўся неяк сінхронна.

Ці выпадкова гэта?


Па-першае, Кіраўніцтва Савета Еўропы асудзіла вынясенне яшчэ двух смяротных прысудаў у Беларусі. 14 мая Гродзенскі абласны суд прыгаварыў да вышэйшай меры пакарання двух жыхароў Гродна. Яны прызнаныя вінаватымі ў забойстве з асаблівай жорсткасцю трох чалавек, разбоі з нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў, наўмысным пашкоджанні маёмасці і выкраданні малалетняга. Прысуд яшчэ не ўвайшоў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе на працягу 10 сутак.

«Гэтыя прыгаворы сведчаць пра неабходнасць тэрмінова абвясціць мараторый на смяротную кару, — заявіў генеральны сакратар Савета Еўропы Турб’ёрн Ягланд. — Прымяненне смяротнай кары па-ранейшаму з’яўляецца галоўнай перашкодай у адносінах Беларусі з Саветам Еўропы. Мы гатовы аказаць садзеянне ў вырашэнні гэтага пытання і дапамагчы Беларусі стаць бліжэй да стандартаў Савета Еўропы ў сферы правоў чалавека».

Адмяніць нядаўнія смяротныя прысуды афіцыйны Мінск таксама заклікалі старшыня Камітэта міністраў Савета Еўропы Антоніа Мілашоскі і кіраўнік Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Меўлют Чавушаглу.

«Мы заклікаем прэзідэнта Лукашэнку неадкладна адмяніць два смяротныя прысуды, неадкладна ўвесці мараторый на смяротную кару і замяніць усе смяротныя прысуды на іншыя віды пакарання, каб наблізіць Беларусь да стандартаў Савета Еўропы, — гаворыцца ў сумеснай заяве Мілашоскі і Чавушаглу. — Прымяненню смяротнай кары няма месца ў пенітэнцыярнай сістэме сучаснага грамадства. Гатоўнасць неадкладна аб’явіць мараторый на смяротную кару і яе далейшая адмена з’яўляюцца найважнейшай умовай для ўступлення ў СЕ».

Што гэта азначае для шараговых грамадзян Беларусі? Гэта азначае, што мы зрабілі два крокі назад ад спрашчэння візавага рэжыму з краінамі Еўрасаюза. То бок, візы па-ранейшаму застануцца занадта дарагімі для беларусаў, якія жадаюць выехаць у краіны ЕС. Да таго часу, пакуль краіна не наблізіцца да стандартаў ЕС.

Не лепшыя адносіны і з Расіяй. Беларускі бок на сустрэчы кіраўнікоў урадаў краін Мытнага саюза ў Санкт-Пецярбургу будзе настойваць на адмене мытных пошлін на нафту і нафтапрадукты ва ўмовах саюза. Пра гэта паведаміў Аляксандру Лукашэнку прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі падчас даклада 17 мая.

Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны аб тым, што 21 мая ў Санкт-Пецярбургу адбудзецца сустрэча прэм’ер-міністраў краін СНД у межах правядзення Савета кіраўнікоў урадаў СНД, а таксама двух пасяджэнняў Міждзяржсавета ЕўрАзЭС на ўзроўні кіраўнікоў урадаў — у фармаце пяці дзяржаў і ў фармаце вышэйшага органа Мытнага саюза.

Ёсць шэраг пытанняў, па якіх беларускі бок будзе адстойваць сваю прынцыповую пазіцыю. Гэта тычыцца найперш неўвядзення ў дзеянне або адмены абмежаванняў па свабодным перамяшчэнні тавараў у Мытным саюзе. Размова ідзе, да прыкладу, аб мытных пошлінах на нафту і нафтапрадукты.

Прэзідэнтам падчас сустрэчы да­дзены даручэнні адносна ўмоў увозу фізічнымі асобамі легкавых аўтамабіляў у Беларусь у межах Мытнага саюза. Паводле інфармацыі прэс-службы кіраўніка дзяржавы, пазіцыя беларускага боку заключаецца ў тым, каб яго інтарэсы былі максімальна ўлічаны. Трэба захаваць мытныя пошліны або прыняць узважанае рашэнне і зрабіць іх такімі, якія б задавольвалі ўсе тры дзяржавы. Прынамсі казахстанскі бок у перамоўным працэсе падтрымлівае прапанову Беларусі, паведаміў Сідорскі.

А тым часам аўтааматары рыхтуюцца да страйку. Яны заклікаюць беларусаў праігнараваць 4 чэрвеня запраўкі. Аўтааматары абураныя ўжо трэцім за год падвышэннем коштаў на бензін. Нагадаем, 12 мая цэны на паліва павысіліся ў сярэднім на 6%. Раней, 27 лютага яны былі падвышаныя ў сярэднім на 7%, 23 студзеня — на 2%.

Як вынік — сярод наведвальнікаў сайтаў «Аўтамалінаўка» і stop-gai.by выспела ідэя пратэстнай акцыі «Стоп бензін!». Неабыякавых аўтааматараў заклікаюць 1–4 чэрвеня (упор робіцца на 4 чэрвеня) абмежаваць сваё перамяшчэнне на аўто і праігнараваць запраўкі.

Як кажацца на сайтах аўтааматараў, абгрунтаваннем для чарговага павышэння коштаў паслужыла ўзняцце пошлін на нафту расійскім бокам. Але цана, па якой Беларусь набывае нафту для ўнутранага спажывання, не абкладаецца пошлінай. «Мы — не дойныя каровы. Чаму мы павінны пакутаваць і купляць бензін па тых коштах, якія не адпавядаюць нашаму ўзроўню даходаў?!» — задаюць пытанне аўтамабілісты

Кампанія «Стоп бензін!» ужо стала рэзананснай, яе падтрымалі прадстаўнікі некалькіх аўтаклубаў, ведаюць і сочаць за падрыхтоўкай акцыі і «на самым версе». Створаны сайт «Стоп бензін!», на днях будуць распаўсюджаны першыя майкі і налепкі з заклікам ігнараваць 4 чэрвеня аўтазапраўкі.

«Мы не патрабуем ад урада нізкіх коштаў на бензін. Мы хочам толькі, каб яго кошт залежаў ад ваганняў коштаў на сусветным рынку, а не ад жадання ўлады. Калі кошты на сусветным рынку панізіліся — паніжайце, калі падвысіліся — падвышайце, але яны не павінны ўстанаўлівацца ў прыказным парадку», — так раскрыў пасыл пратэстнай кампаніі адзін з яе ініцыятараў Уладзіслаў Бянько.

І за нас аўтааматары падлічылі, колькі недаатрымае дзяржава ад байкоту заправак на працягу 1–4 ліпеня. «5 дзён х 20 літраў х 2870 рублёў = 287000 рублёў х 2 = 574000 рублёў (паўмільёна або груба 190 баксаў) яны недаатрымаюць. А калі я не адзін такі буду? Што з гэтага атрымаем?» — задае пытанне на форуме адзін з аўтааматараў.

Я не ведаю, што «яны» недаатрымаюць, але я ведаю, што могуць атрымаць аўтамабілісты. За паўмільёна можна набыць някепскі ровар. А ровар — гэта шмат здароўя, шмат хто з аўтаа­матараў зможа палепшыць сваю фігуру, гэта стыльна, гэта прышпільна. Ровар несумяшчальны з паленнем і алкаголем. Гэта вам скажа любы супрацоўнік ДАІ — штодзень каля 30 кіроўцаў аўто трапляюць пад увагу ДАІ за кіраванне ў нецвярозым стане. Але пакуль што ніводнага раварыста не затрымалі за ваджэнне ровара «паддатым».

Можа, праспект Незалежнасці стане роварнай трасай?

Каментаваць