Вайна з памяццю — беспадстаўнае глупства

У сувязі з апошнімі падзеямі ў Курапатах некаторыя беларускія аўтары пачалі гаварыць пра тое, што, маўляў, на шашы ў Лагойск няма польскіх пахаванняў. А таксама пра тое, што «узвядзенне помнікаў польскім афіцэрам на тэрыторыі галоўнага нацыянальнага мемарыяла з'яўляецца ўскосным сцвярджэннем рыжскага падзелу».



Меднае. Польскія могілкі


Гэта дэмагогія, якая ў пэўным сэнсе паўтарае пастулаты афіцыйнай беларускай прапаганды, якая адмаўляе факт масавых рэпрэсіяў супраць польскіх грамадзян у Мінску вясной 1940 года.

У якасці інфармацыі для разважання, прывяду толькі некаторыя факты, якія тычацца гісторыі тых страшных падзей.

22 сакавіка 1940 года Лаўрэнцій Берыя падпісвае загад № 00350 «Аб разгрузцы турмаў НКУС УССР і БССР». У гэтым дакуменце, у прыватнасці загадвалася з турмаў заходніх абласцей Беларускай ССР перавезці ў Мінскую турму 3000 арыштаваных.
З іх:
З Брэсцкай турмы — 1500 чалавек,
З Вілейскай турмы — 550 чалавек,
З Пінскай турмы — 500 чалавек,
З Баранавіцкай турмы — 150 чалавек.

Для аказання дапамогі НКУС БССР у арганізацыі перавозак арыштаваных загадвалася адкамандзіраваць начальніка аддзялення Галоўнага турэмнага ўпраўлення НКУС СССР, капітана дзяржаўнай бяспекі Чэчава. Наркаму ўнутраных спраў БССР, камісару дзяржаўнай бяспекі 3 рангу Л.Цанаве прадпісвалася працу па перавозцы арыштаваных з турмаў заходніх абласцей БССР у Мінскую турму скончыць у дэкадны тэрмін. Акрамя гэтага, намесніку наркама ўнутраных спраў СССР камкору Масленікаву і начальніку Галоўнага ўпраўлення канвойных войскаў, камбрыгу Шаранаву загадвалася вылучыць неабходную колькасць канвою і арганізаваць дбайную ахову арыштаваных з мэтай недапушчэння ўцёкаў.

У адпаведнасці з гэтым загадам, адказнасць за забеспячэння парадку пры транспарціроўцы ўскладалася на камандзіра 15-ай брыгады канвойных войскаў НКУС, палкоўніка П.Папова. Варта адзначыць, што дадзенае падраздзяленне ўнутраных войскаў было створана 13 красавіка 1939-га загадам НКУС СССР № 00206. У склад 15-й асобнай брыгады канвойных войскаў НКУС СССР ўваходзілі: 226-ы канвойны полк (Мінск), 131-ы (Гродна) і 136-ы (Смаленск). Крыху пазней у склад брыгады увайшлі 132-гі (Брэст) і 137-ы (Баранавічы) асобныя батальёны канвойных войскаў НКУС СССР.

У гэты ж час на імя Народнага камісара шляхоў зносін СССР Л. Кагановіча прыходзіць сакрэтнае паведамленне. Прывяду тую частку, якая тычыцца Беларусі: «Неабходна вывезці ў дзесяцідзённы тэрмін зняволеных з заходніх абласцей БССР у гор. Мінск — 3000 чалавек. Для гэтай мэты НКУС СССР просіць Вашага распараджэння выдзяліць па заяўках НКУС УССР і БССР абсталяваныя вагоны пад людскія перавозкі з наступных дарог:
• Брэст-Літоўскай чыгункі — 100 вагонаў,
• Беластоцкай — 23 вагона,
• Заходняй — 32 вагона.
Прызначэннем ў горад Мінск.
Аб Вашым распараджэнні прашу паведаміць Наркомвнудел Саюза ССР.

Аб тым як выглядала працэдура вывазу «польскага кантынгенту» з турам Заходняй Беларусі, мы можам даведацца з успамінаў палкоўніка Войска Польскага Уладзіслава Худога, які знаходзіўся ў турме ў Брэсце. «Напрыканцы сакавіка з камеры пачалі вывазіць маіх калег. Адбывалася ўсё без якога-небудзь судовага працэсу. Ніхто не агучваў прысудаў ці рашэнняў. У камеру уваходзіў афіцэр НКУС і з паперы прачытваў два — чатыры прозвішчы. Больш гэтых людзей мы не бачылі».
 
Паводле інфармацыі польскага даследчыка, былога вязня лагера ў Казельску, Здзіслава Пешкоўскага праз мінскія турмы прайшлі 5150 польскіх грамадзян, з іх каля 4 тысяч было расстраляна. Сярод гэтай масы людзей была вялікая колькасць дыпламаваных спецыялістаў па розных галінах навук, дактароў навук, дацэнтаў, інжынераў, урачоў, адвакатаў.

Як бачым, сярод арыштаваных тады польскіх грамадзян былі розныя людзі, таму памылкова казаць, што вясной 1940 года ў мінскіх турмах трымалі толькі афіцэраў Войска Польскага. Прывяду некалькі прыкладаў  тых, хто мог апынуцца ў сумна вядомым расстрэльным Беларускім катынскім спісе. У верасні 1939 года ў Ваўкавыску быў арыштаваны ўладальнік маёнтку Гарнастаевічы Хенрык Бутаўт-Анджэйковіч. Спачатку яго трымалі ў турме ў Ваўкавыску, а ўвесну 1940-га этапавалі ў Мінск. Сляды гэтага чалавека губляюцца ў сталіцы БССР.

13 снежня 1939 года ў Брэсце быў арыштаваны ўрач, хірург, былы камендант Акруговага шпіталя ў Брэсце, палкоўнік рэзерву Войска Польскага, уладальнік фальварка Перавілкі ў Брэсцкім павеце Леанард Шмурло. Да сакавіка 1940-га гэты чалавек утрымліваўся ў брэсцкай турме, а потым быў пераведзены ў Мінск. Да сённяшняга дня родныя не ведаюць пра далейшы лёс гэтага чалавека.
Гэты спіс можна працягваць далей, але і так зразумела, што ўвесну 1940-га ў Мінскіх турмах НКУС аказаліся не толькі вайскоўцы і паліцыянты, але і шмат грамадзянскіх асоб.

Аб тым, што польскіх грамадзян хутчэй за ўсё расстрэльвалі ў Курапатах, сведчылі і самі нкусаўцы. Напрыклад, вахцёр камендатуры НКУС БССР Сяргей Захараў успамінаў: «Па загаду каменданта я і іншыя канваіры, прозвішчаў іх ужо не памятаю, гадзіны ў 22–23 пад’ехалі на крытай брызентам грузавой машыне да «Амерыканцы. Ахова турмы пасадзіла ў кузаў некалькі арыштаваных. Было іх не менш за 20 чалавек. Я не хадзіў туды, дзе расстрэльвалі, я сядзеў у кузаве і ахоўваў асуджаных. Не памятаю дакладна, хто — выканаўца або ахоўнік — прыйшоў, узяў аднаго чалавека і павёў. Пачуўся стрэл. Потым прыйшлі за іншым асуджаным, вывелі яго , зноў прагучаў стрэл. Такім чынам расстралялі ўсіх. Сыходзячы з турмы, яны забіралі ўвесь свой, як мы называлі, “пасаг. Я сам бачыў у руках у асуджаных скруткі і сумкі з рэчамі. Яны выходзілі з імі з машыны. Мяркуючы па вопратцы, а асабліва па абутку, сярод канваяваных было шмат жыхароў Заходняй Беларусі. Некаторыя з іх былі апранутыя вельмі раскошна, іншыя больш сціпла. На некаторых быў вельмі дарагі абутак, выкананы на заказ. Такі насілі на Захадзе. У 1937–1938 гадах на расстрэл кожную ноч вазілі. І ў саракавым, пасля далучэння Заходняй Беларусі працы таксама было шмат».

Дрэчы, пратакол сустрэчы супрацоўнікаў польскай пракуратуры з іх беларускімі калегамі ў 1994 г. таксама сведчыць пра тое, што ў Курапатах маглі растрэльваць польскіх вайскоўцаў. Там, у прыватнасці, падкрэслівалася, што ў Курапатах былі знойдзены гузікі ад бялізны, якая выкарыстоўваліся ў войску ІІ Рэчы Паспалітай.

Прыведзеныя вышэй факты даказваюць, што вайна з памяццю, якую распачалі некаторыя прадстаўнікі беларускай грамадскасці з’яўляецца беспадстаўным глупствам. Дарэчы ў Расіі, ў Медным (Твярская вобласць) могілкі расстраляных у 1940 годзе польскіх паліцыянтаў знаходзяцца разам з могілкамі савецкіх грамадзян, якія таксама сталі ахвярамі НКУС. Тое ж самае і ў Катыні.

Курапаты — гэта агульны для беларусаў і палякаў боль і напамін пра сталінскія злачынствы. І зараз прыйшоў час ушанаваць памяць бязвінна забітых там людзей

Меднае. Рускія могілкі.

Помнік рэпрэсаваным у парку Чалюскінцаў

Пахаваныя прадстаўнікі ўсіх веравызнанняў

Каментаваць