Вайскоўцы супраць прымусу

Былыя вайскоўцы, а зараз вядомыя беларускія палітычныя і грамадскія дзеячы выступілі з адкрытай заявай у падтрымку Івана Шылы, Зміцера Федарука і Франака Вячоркі, якіх прымусова прызвалі на службу ў войска.

Былыя вайскоўцы, а зараз вядомыя беларускія палітычныя і грамадскія дзеячы выступілі з адкрытай заявай у падтрымку Івана Шылы, Зміцера Федарука і Франака Вячоркі, якіх прымусова прызвалі на службу ў войска.

 Праваабаронца Алег Волчак, намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Рух «За свабоду» Аляксей Кавалец, юрыст Гары Паганяйла, старшыня «Саюза беларускіх пісьменнікаў» Алесь Пашкевіч і лідэр аргкамітэта па стварэнні «Народнай грамады» (Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі) Мікола Статкевіч выказваюць у заяве «рашучы пратэст супраць незаконных дзеянняў па прызыву на вайсковую службу моладзевых актывістаў».

«Тое, што адбылося, з’яўляецца супрацьпраўным актам, які дыскрэдытуе вайсковую службу і ідэю абароны Бацькаўшчыны як святы абавязак і права кожнага чалавека. Падобныя дзеянні адраджаюць практыку «палітычнай рэкрутчыны», якая практыкавалася царскім рэжымам для барацьбы з іншадумцамі», — гаворыцца ў заяве.

Праз супрацьпраўныя дзеянні шэрагу адказных асобаў беларускае войска ад інструменту абароны краіны ператвараецца ў інструмент палітычных рэпрэсій і падаўлення апазіцыі, зазначаюць падпісанты.

У звароце ўтрымліваецца заклік да ўсіх людзей, да медыкаў і вайскоўцаў, адказных за прызыўныя мерапрыемствы, «не заставацца бясслоўнымі заложнікамі палітычнай кан’юнктуры і праявіць цвёрдасць, не даць пераўтварыць беларускае войска ў турму».

Каментаваць