Вайсковая сувязістка: зарплата 3,2 мільёна

Гумовыя панчохі і плашч, процігаз, падсумак, аўтамат, штык-нож, рацыя — у сваёй экіпіроўцы Алеся (імя гераіні зменена па яе просьбе) нагадвае Віні-Пыха і тэлепузіка адначасова. Агульнавайсковы ахоўны гарнітур насіць — гэта вам не ў бікіні па пляжы прагульвацца! Але ёй пашанцавала: у гэтай вайсковай часці сувязістак не прымушаюць бегаць шматкіламетровыя марш-кідкі.



Алеся


Дзе падвязка на панчосе? Як ты ваяваць збіраешся?! — крычыць маёр на Алесю, якая згубіла, нібыта туфлік Папялушка, падвязку для гумовай панчохі падчас мітусні ў першыя хвіліны пасля абвяшчэння навучальна-баявой трывогі.

 

— А я… не збіраюся ваяваць, — разгублена і шчыра адказвае радавая, гледзячы на маёра блакітнымі вачыма.

 

Мо, ты яшчэ і не памятаеш нумар свайго аўтамата? — злуецца камандзір.

 

Але лічбы адскокваюць ад дзявочых зубоў. Ты можаш не памятаць нумар свайго мабільнага, але нумар аўтамата — мусіш. Сваю зброю Алеся можа разабраць і сабраць з заплюшчанымі вачыма. Нават умее страляць.

 

Гучыць каманда «Газы!», і Алеся хуценька нацягвае на галаву процігаз, ад чаго мне робіцца млосна: перад вачыма ўсплылі кадры з хронікі Першай сусветнай — «жоўтая смуга» хлору напаўзае ў траншэі, перакошаныя твары салдат, што задыхаюцца…

 

Да трывог Алеся — механік радыёрэлейнай станцыі (а па-іншаму — сувязістка) у адной з вайсковых частак Мінскага раёна — прызвычаілася.

 

Сёння яна паднялася а чацвёртай раніцы, нягледзячы на ўласны выходны, бо а пятай мусілі абвясціць чарговую трывогу. Але тэлефон маўчаў. Сонная Алеся прачакала да сямі і сама патэлефанавала ў частку. Нават у выходны трэба быць на сувязі, каб быць гатовай у любы момант выехаць на службу па першым жа загадзе камандзіра.

 

За выключэннем трывог, увесь працоўны час дзяўчына суткі праз суткі сядзіць у невялікім, нашпігаваным правадамі памяшканні і злучае па вайсковай сувязі сваю частку з іншымі. Мяне так і падкідвае даведацца што-небудзь з вайсковых таямніц, але сувязістка расчароўвае.

 

Вось тут у гэтых машынах у холад і спякоту працуюць сувязісткі

 

— Працы амаль няма, — прызнаецца Алеся. — Ем саладосці, каб неяк сябе заняць, гэта — парушэнне, нам нічога нельга есці на дзяжурстве. Як і прыносіць з сабой мабільнік, наўтбук, карыстацца інтэрнэтам, разгадваць крыжаванкі і чытаць літаратуру. Сядзім дзень і ноч, чакаем, калі хтосьці патэлефануе…

 

За месяц перманентнага чакання з начнымі дзяжурствамі ўключна Алеся атрымлівае 3 мільёны 200 тысяч, ці $368.

 

— Калі без дзяжурстваў, — каментуе яна, — то было б усяго 2,5 мільёна.

 

Вынікае, што заробак сувязісткі-кантрактніцы беларускага войска чыстымі складае $288.

 

— Мне яшчэ добра, сяджу ў звычайным памяшканні, — цешыцца дзяўчына. — Частка сувязістак душыцца ў бункеры, дзе няма вентыляцыі, і ўлетку там кроплі вільгаці збягаюць па сценах, як у лазні. Выходзіць з бункеру падчас сутачнага дзяжурства забаронена.

 

Змушаныя гультайства і чаканне — не самы моташны момант працы сувязістак. Сапраўднае выпрабаванне — маральная знявага з боку тых, на каго Алеся калісьці пазірала з захапленнем.

 

— Да прыходу ў частку я млела ад выгляду вайскоўцаў! Падавалася, што афіцэр — гэта выхаваны, галантны і дужы чалавек. І калі ў мой каледж сувязі прыехалі «купцы» за выпускнікамі, я ўзрадавалася, што магу трапіць у войска, да сваіх куміраў, — узгадвае Алеся. — Самыя высокія заробкі сувязістаў — на «Белтэлекаме», але ўладкавацца туды без досведу працы дастаткова складана. Вайскоўцы ж наабяцалі нам залатыя горы: высокі заробак, працоўны графік — суткі праз трое (!), чаргу на льготнае будаўніцтва жылля.

 

На крылах дзявочых мрояў Алеся паляцела служыць у войска. Там яе сустракалі не паручнікі ды карнэты ў белых пальчатках, а сапраўдны шок. Майстры лаянкі ў пагонах шчодра абклалі дзяўчыну трохпавярховымі мацюкамі, а «сталічная штучка» ў званні падпалкоўніка ўзнагародзіў абразлівай мянушкай «калгасніца», бо Алеся не здолела яго адразу з кімсьці злучыць.

 

— Давёў мяне да слёз, увогуле шмат плакала першы час. І зараз слёзы здараюцца на службе, бо мацюкі ў свой адрас чуеш ад усіх афіцэраў, за выключэннем трох чалавек, — распавядае Алеся. — Ніхто не заўважае, што перад імі жанчына, няма размежавання. Кантрактнікі шмат п’юць. Такіх хамаў і алкашоў, як у войску, я не сустракала нідзе! Вось салдаты-тэрміновікі зусім іншыя — і дапамогуць, калі трэба што, і павітаюцца, як трэба. А афіцэры… Мне сорамна за іх. І я хацела б, каб мой будучы муж быў кім заўгодна, толькі не вайскоўцам. Вярнуўшыся дахаты, афіцэры спаганяюць на сям’і злосць — ведаю ад іхніх жонак. Але ўсё хаваецца.

 

Рацыя

 

Як лічыш, чаму кантрактнікі маральна дэградуюць?

 

— Нізкія заробкі, незадаволенасць жыццём, але, галоўнае, сама сістэма гэтаму спрыяе. Шмат кантрактнікаў бяжыць з войска. Я сама ледзь выкручваюся па грошах.

Амаль уся касметыка Алесі — беларускай вытворчасці, сярод якой расійскі крэм «Чорны жэмчуг» выглядае экзотыкай. З ежы ніколі не набывае морапрадукты і сыры, затое слоікамі паглынае арэхава-шакаладную пасту — падсалоджвае жыццё. У адпачынак збіраецца да бацькоў у іншы горад, ніякіх курортаў.

 

Чаму трымаешся за войска?

 

— Я хачу паступіць ва ўніверсітэт, а войска можа аплачваць арэнду жылля ў памеры да 1 мільёна 200 тысяч, калі здымаеш яго афіцыйна. Пакуль здымала не па дамове, за свае грошы, бо гаспадыня кватэры пазбягала падаткаў. Зараз знайшла варыянт арэнды з дамовай. Як скончу вучыцца, кіну службу. Што тычыцца абяцанай ільготнай чаргі на жыллё, то трапіць у яе можна толькі праз пяць год службы. А пачаць будаваць кватэру — яшчэ мінімум праз дзевяць, менавіта столькі, напрыклад, чакала мая знаёмая сувязістка.

 

А чым яшчэ падтрымліваюць так званы баявы дух у войску?

 

— Калі зверху прыходзіць тэлеграма наконт ідэалагічнай працы, нас збіраюць у клубе і круцяць патрыятычныя перадачы. Сярод «дрэнных» войскаў у свеце, як нам паказваюць, войскі краінаў Еўрасаюза і ЗША. Дэманструюць «ганебныя і хворыя» чалавечыя стасункі ўнутры замежных войскаў, здзекі і дзедаўшчыну.

 

Алесіны папярэдніцы з германскага войска, 1943 г.

 

Заробкі ў арміях іншых краін

 

Расія

 

Мінімальны заробак службоўца, з улікам падаходнага падатку, — 17 400 расійскіх рублёў ($553) на месяц. У камандзіра ўзвода ён даходзіць да 58 812 рублёў ($1870). Бонусы: забеспячэнне жыллём (пры яго наяўнасці) ці сумай для яго арэнды і пазаконкурснае паступленне ў ВНУ.

 

ЗША

 

У залежнасці ад досведу, шараговы салдат атрымлівае ад $17 000 да $24 000 на год. Бонусы: бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, вылучэнне дзяржавай больш за $50 000 на аплату навучання ў каледжы (калі мабілізаваны жадае вучыцца) і каля $4 000 штогод на харчаванне кожнага салдата, таксама бясплатная вышэйшая адукацыя ў ваенных вучэльнях.

 

Велікабрытанія

 

На пачатковым узроўні — каля 272 фунтаў ($409) на тыдзень, аплата можа вырасці аж да 17 514 фунтаў ($26 390) на год. На працягу пяці гадоў можна даслужыцца да сяржанта і атрымліваць да 32 756 фунтаў ($49 358) штогод. Бонусы: дапамога ў набыцці нерухомасці, безадсоткавая «вайсковая» пазыка памерам да 8 500 фунтаў ($12 808), а калі салдат праслужыў больш за чатыры гады — да 75 000 фунтаў ($113 013). Кантрактнікі, што адслужылі больш за два гады, маюць права на пенсію па старасці (яе памер — у адпаведнасці з памерам апошняй зарплаты вайскоўца). Матэрыяльная (да 8 000 фунтаў) падтрымка ў навучанні, калі кантрактнік абавязваецца служыць прынамсі тры гады пасля ўніверсітэта.

 

Германія

 

У залежнасці ад выслугі, умоў службы і шэрагу іншых параметраў, шараговы салдат атрымлівае ад 1 200 да 2 000 еўра на месяц, афіцэры — да 4 000. Апроч гэтага, салдату вяртаюць кожны дзень ад 110 еўра падаткаў. Такім чынам, зарплата нямецкага кантрактніка можа даходзіць аж да 4 000–5 000 еўра штомесяц. Бонусы: добрая пенсія і бясплатнае медыцынскае абслугоўванне.

Каментаваць