Вакацыі на выспе Перапіс

На 11 дзён цэнтр Еўропы сышоў у папярова-апытальнае падполле. Так думала б я, калі б не была актыўным падпольшчыкам. Перапісчыкам, то бок. Мы не на 11 дзён адмовіліся ад жыцця і з’ехалі на выспу Перапіс, мы аселі там на месяц.



На 11 дзён цэнтр Еўропы сышоў у папярова-апытальнае падполле. Так думала б я, калі б не была актыўным падпольшчыкам. Перапісчыкам, то бок. Мы не на 11 дзён адмовіліся ад жыцця і з’ехалі на выспу Перапіс, мы аселі там на месяц.

Мала хто ведае, што на гэтай выспе існуюць тры асноўныя законы. Першы — ажыццяві папярэдні абыход. Другі — перапішы! Трэці — вазьмі за шкірку інструктара і здзейсні кантрольны абыход. Чацвёртым (негалосным) законам стаўся — падлічы, падбі, аформі партфель. Толькі пасля гэтых аперацый можна здаць зброю (флікер, свісток, ліхтарык звычайны кітайскі, дзве гелевыя чорныя асадкі ды аловак), дакументы (пасведчанне ды значок) і вярнуцца ў краіну Жыццё.

Міністэрства статыстыкі ж наогул вымушана заняць пазіцыю зацягнутай абароны: не менш як два гады кампутары будуць сканаваць крывенькія почыркі перапісчыкаў, статысты будуць хапацца за галовы, ламаць алоўкі і падлічваць, падлічваць, падлічваць…

Cяджу я зараз на выспе і перад чарговым рэйдам разведкі пішу гэтыя нататкі.

На вайне як на вайне

Збіралі перапісчыкаў як на вайну. Прыйшла да нас спадарыня Адміністрацыя і заявіла: «Вы ж, дарагія студэнты, не хочаце ісці супраць дзяржавы? Вы абавязаныя падпарадкавацца! Вы не маеце права адмовіцца! А калі заўтра вайна, вы таксама скажаце: не пайду?!!» З нервова-істэрычнай плыні свядомасці мы, «дарагія студэнты» (як высветлілася пасля, ніякія мы не дарагія: кошт нам — 4 базавыя велічыні), зразумелі адно — пратэставаць бессэнсоўна. Мне асабіста пагразілі адлічэннем. Маўляў, нам такія студэнты, вядома, неабходныя, але ж не забывайце, што мы таксама людзі і можам вам дужа нашкодзіць. У словах і позірку чыталася: «Адлічыць, вядома, не адлічым, але памятайце пра размеркаванне, што вас неўзабаве чакае, мілая Ася!»

Пасля гэтая спадарыня Адміністрацыя скардзілася журналістам, што студэнты яе няправільна зразумелі, што ніякага прымусу не было, што ўсе як на духу сказалі: добраахвотнікам хачу ў стройныя шэрагі перапісчыкаў!

Усімі няпраўдамі нас сабралі ў адным пакойчыку, дзе цягам некалькіх дзён адбываліся палявыя вучэнні. Нас вучылі карыстацца асадкай і алоўкам («Літары трэба друкаваныя пісаць! Друкаваныя, я сказала! Зараз на дошцы напішу! Вось так, усім зразумела?»), ліхтарыкам, што выдалі па прынцыпу «адзін ліхтарык на тры студэнты», флікерам («Пра флікер, флікер не забудзьце! Гэта апазнавальны знак! Вас павінна быць бачна ў цемры!»), свістком (таксама адным на трох), значком («І значок абавязкова чапляйце! Гэта адзін з асноўных паказнікаў, што вы — перапісчык!») і, канечне, бланкамі («Нават калі бланк парвалі, калі ён упаў у лужыну, калі на яго напісала котка ці яшчэ хто, не выкідайце! Усё вяртайце нам. Для справаздачнасці»; «Ставім толькі крыжыкі! Ніякіх птушачак! Гэта ж кампутарам чытаць!»; «Усім зразумела, што такое домагаспадарка? Што мы павінны запытацца, калі чалавек не разумее гэта слова?»). Пасля нас праз тэсты (ну зусім як пры паступленні на свае факі) праверылі на профпрыдатнасць да такой адказнай і нялёгкай справы, як перапіс насельніцтва. Падсунулі кантракты з пратэрмінаванымі датамі і няўцямнымі фармулёўкамі… І адправілі ў бой.

Першы бой. Ён цяжкі самы

А 8 раніцы 14 кастрычніка мы ўжо былі на сваіх пастах. Інструктары выдалі нам тыя самыя зялёныя партфелі з усім неабходным начыннем (мне нават удалося адваяваць ліхтарык), раздалі кожнаму па 114 кватэр і скамандавалі: «Наперад!»

На папярэдні абыход. Мне дасталіся 2 дамы: корпус аднаго дзевяціпавярховіка і пяціпавярховая хрушчоўка. Раён нам, журфакаўцам, дастаўся нядрэнны — Фрунзенскі, вызначаны па няхітрай формуле: «Дзе вучацца, там няхай і перапісваюць», — вырашылі спадары статысты.

У першы дзень ува мне змагаліся два пачуцці: няўпэўненасці (што за людзі трапяцца?) і няёмкасці перад людзьмі, якіх вымушаная дарма турбаваць. Дарма, бо так ужо было: падчас папярэдняга абыходу мы высвятлялі колькасць чалавек, што пражываюць у кватэры, але ж гэтыя дадзеныя ёсць у ЖЭСе. Лішнім аказалася і дамаўляцца з жыхарамі пра час і дзень наведвання: амаль усе кватэры адчыніліся мне ў іншыя тэрміны. Да няёмкасці прымешвалася дурное адчуванне сябе паштальёнам. Літаральна як у вершы Самуіла Маршака: «Кто стучится в дверь ко мне// С толстой сумкой на ремне…» І яшчэ я вельмі баялася расчаравацца.

А атрымала нечаканую радасць ад першых жа сустрэч з людзьмі. Пачуццё гэта не знікае і зараз, калі перапіс скончыўся. Жыхары маіх кватэр аказаліся на дзіва прыемнымі людзьмі. У першым доме да мяне выбегла жанчына і хадзіла са мной па ўсіх паверхах, сама званіла ў дзверы, тлумачыла, з якой нагоды: «Валюша, адмыкай! Перапіс!» Дапамагала з апытаннем: «Гавары, колькі ў вас чалавек жыве?..»

У другім доме і таго лепей: жанчына з першага пад’езда расказала, колькі чалавек дзе жыве, прычым не толькі ў сваім пад’ездзе, але і ў астатніх трох:

— Я чаму ўсё ведаю? Жыву тут з 1970 года. Спачатку ў трэцім пад’ездзе, а цяпер вось у першым. А што ж ты будзеш бегаць? Мне ж шкада цябе! Ты ж студэнтачка…. Ой, бедныя вы, бедныя. У мяне ўнучка таксама студэнтка… Ооёёёй…


11 дзён вясёлага жыцця

Час асноўнага перапісу быў сапраўды вясёлым. Канечне, быў ён і цяжкім: прыходзіла дадому і не еўшы падала спаць (праўда, некалькі разоў такі прымусіла сябе напісаць справаздачу ў ЖЖ за дзень, а пасля стамлялася настолькі, што пісала справаздачы назаўтра.

Мы мясціліся ў школе, як і большасць перапісных пунктаў, і нам на два інструктарскія ўчасткі выдзелілі адзін пакой. Так шчасліва супала, што інструктарамі майго і не майго ўчастка былі маладыя абаяльныя, а галоўнае — вясёлыя людзі: мой інструктар Макс і не зусім мой інструктар Надзя. Паміж намі неяк адразу ўсталяваліся нефармальныя, сяброўскія стасункі.

Акрамя таго, што Макс прыцягнуў бумбокс, пад які мы калбасіліся, было шмат нагодаў для смеху ў самім перапісе. Дакладней, у перапісчыках. Справа ў тым, што не ўсе перапісчыкі прайшлі такую добрую падрыхтоўчую школу, як я. Хтосьці з іх на занятках спаў, балбатаў, чытаў… Хтосьці заняткі наогул прагуляў. Вось гэтыя дзве катэгорыя студэнтаў-перапісчыкаў і былі пастаўшчыкамі «гумарэсак». Праўда, пад канец перапісу Максу, мне і маёй сяброўцы Вераніцы хацелася застрэліцца, правяраючы бланкі гэтых невукаў. Яны такое панапісвалі ў анкетах, што мама дарагая!.. То ў іх 28-гадовы мужчына ходзіць у дзіцячы садок, то 85-гадовая бабуля вучыцца ва ўстанове адукацыі, то сын з’яўляецца яшчэ і мужам (а адзін раз сын быў і мужам, і братам адначасова!), то мужчыны нарадзілі аднаго, а то і некалькі дзяцей… Выпраўляючы гэта, мы згубілі часу болей, чым перапісваючы.

Вельмі забаўляла і весяліла Макса мая беларуская мова. За час нашых размоў ён вывучыў такія смешныя словы, як «асадка, «ліхтарык, «шкарпэткі», «прас», «прышпільна»… Кожнае слова ён суправаджаў забаўнымі каментарамі, паўтараў яго па некалькі разоў, каб запомніць. А адзін дзень нават сам з усімі па-беларуску размаўляў. «Ох, цяжка…» — прызнаўся пасля Макс.

Забаўныя нечаканкі здараліся і падчас перапісу. Перапісвала адзінокую жанчыну, у якой жыве шыкоўны вялізны пухнаты кот. Толькі я села запаўняць бланк, як гэты цуд скокнуў мне на калені, звярнуўся клубочкам і захроп! У другой кватэры, пакуль я перапісвала, сімпатычны шчанюк не толькі аблізаў мне ўсе рукі, але і неўпрыкмет пагрыз мой зялёны партфель… Дзверы трэцяй адамкнула дзяўчына і са страхам у вачах запыталася: «Нас, што, высяляць будуць?..»

Яшчэ адзін выпадак. Калі я перапісвала спявачку Галіну Шышкову, яе непаседлівы сынок усё абураўся: чаго гэтая цёця ад іх хоча?! Калі ж Галіна задумалася, як лепей пазначыць род заняткаў, ён рашуча спыніў наша абмеркаванне: «Вы няправільна пішаце! Пішыце: зорка!»

«Вы такая адна!»

Асобна варта сказаць колькі слоў пра рэакцыю людзей на маю беларускую мову. Мяне гэта парадавала і крыху здзівіла, але толькі аднойчы я пачула: «Я не понимаю по-вашему. По-русски говорите!» Але тое быў чалавек з ярка выражанай каўказкай знешнасцю.

Людзі рэагавалі ў асноўным прыязна, з добрай усмешкай. Адны самі пераходзілі на беларускую мову і доўга выбачаліся, што гавораць з памылкамі, іншыя проста хвалілі, трэція пасміхаліся, маўляў, нічога-нічога, пагаворыш крыху і супакоішся. Толькі адна жанчына запыталася: «А вы беларускую мову выкладаеце?..» А іншая маладзіца доўга і падрабязна выпытвала, чаму я размаўляю па-беларуску, да якой партыі належу, дзе працую, чым займаюся…

Большасць людзей называла роднай мовай беларускую. Шмат людзей суправаджала адказ каментарам: «Ну, а як інакш? Жывем у Беларусі, па нацыянальнасці беларусы, то і родная — беларуская!» Некаторыя адказвалі так: «Родная беларуская, а размаўляем, натуральна, па-руску! Пакажыце мне таго чалавека, хто па-беларуску размаўляе!» Я падымала на іх вочы, і яны спяшаліся выправіцца: «Ой, даруйце, калі ласка… Але вы такая адна! Гэта дакладна!»

Фішкай другога перапіснога дня (дый наступных таксама) на пытанне: «На якой мове размаўляеце дома?» стаў адказ: «Як прэзідэнт!» Людзі паглядзелі сюжэт, у якім Аляксандр Рыгоравіч адказаў, што размаўляе дома і па-руску, і па-беларуску, і на трасянцы, і адказвалі, як ён. З такім гонарам, маўляў: і мы так жа!

За ўвесь перапіс толькі адна жанчына адмовілася ад перапісу: «Нічога я вам не скажу. Бярыце звесткі ў ЖЭСе», — і захлопнула дзверы. Зараз я чакаю кантрольнага абыходу: пойдзем з інструктарам у кожную дзесятую кватэру правяраць, ці правільна я ўсё запісала. Вось тут пачнецца, мусіць, самае цікавае.

Ася Паплаўская

Каментаваць