Валанцёрства як натуральны абмен

У ААН упэўненыя: добраахвотная праца спрыяе эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю грамадства. Шмат карысці яна прыносіць і самім валанцёрам.



У ААН упэўненыя: добраахвотная праца спрыяе эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю грамадства. Шмат карысці яна прыносіць і самім валанцёрам.

5 снежня ў свеце адзначаецца міжнародны Дзень валанцёра. Распавядае Юлія, якая цягам года даглядала людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Германіі па праграме Лігі добраахвотнай працы: “Я палепшыла свае моўныя навыкі, атрымала жыццёвы досвед, і для мяне стала зразумела, што людзі, за якімі мы даглядалі, — яны нейкія незямныя, з вялікім пачуццём гумару. І невядома, адкуль гэта ў іх бярэцца. Напрыклад, у чалавека, у якога працуюць толькі два пальцы. І таму я пераацаніла некаторыя рэчы, пытанне “чаму я такая нешчаслівая перастала быць для мяне актуальным. На самай справе ты шчаслівы і можаш зрабіць сябе яшчэ больш шчаслівым.

Па словах прадстаўніка супольнасці валанцёраў-рэстаўратараў Цімоха Акудовіча, з кожным годам маладзёнаў, якія гатовыя добраахвотна працаваць на карысць сваёй краіны, толькі расце.

“Кожнае лета сотні чалавек выязджаюць на тыя ці іншыя помнікі, каб нешта зрабіць. Можна сказаць, што іх з кожным годам больш. Па шчырасці, сёння гэта вельмі замкнутае кола. Ад сяброў людзі даведваюцца пра тыя ж археалагічныя летнікі, якія адбываюцца кожнае лета ўжо шмат гадоў. Даведваюцца пра прыбіранне на замках. У Любчанскім замку, напрыклад, рэстаўрацыя вядзецца сіламі валанцёраў ужо сем гадоў. Пакуль інфармацыя ў нас распаўсюджваецца такім “сарафанным радыё, — адзначае Цімох Акудовіч.

Але цэнтралізаванай сістэмы ўліку валанцёраў і пошуку працы для іх пакуль няма. Яшчэ адна праблема: маладыя людзі не ўпэўненыя ў тым, што іх добраахвотная праца некаму патрэбная, і ўвогуле можа змяніць гэты свет да лепшага. Напрыклад, падчас апытання “Еўрарадыё ў Facebook адзін з наведвальнікаў напісаў, што валанцёрства не патрэбна ўвогуле, што яно не прыносіць грамадству ніякай карысці. А людзі, якім патрэбны дагляд, папросту паразітуюць за кошт тых, хто яшчэ здольны плаціць падаткі…

“Тое, што напісаў гэты хлопец, — нейкае глупства, — пярэчыць Юлія. Але з далейшага яе адказу робіцца зразумела, што валанцёрскую дзейнасць яна разглядае як карысную хутчэй для сябе, чым для грамадства: “Для мяне валанцёрства — гэта, па першае, зносіны з цікавымі людзьмі. Заўсёды падбіраецца цікавы круг кантактаў, а таксама выдатная магчымасць тым ці іншым чынам праявіць сябе. Таму што ініцыятыва заўсёды заахвочваецца і дапамога патрэбная заўсёды і ўсім. А калі б не было тых бабулек, якім патрэбны дагляд, дык не было б і самога маладога чалавека. Гэта, вядома, вельмі сумна, што ёсць такія людзі, як гэты хлопец, якія так лічаць.

За валанцёрскую працу таксама можна патрапіць на многія міжнародныя фестывалі. Збудаваўшы сцэну альбо пафарбаваўшы сцены, можна “на халяву патрапіць і адзін з фэстаў, якія ладзіць заснавальнік арт-вёскі Чырвоны кастрычнік у Рэчыцкім раёне Кірыл Краўцоў: “На гэты фестываль хоча трапіць шмат народу, але нямногія маюць дастаткова грошай. Я за тое, каб людзі атрымлівалі тое, што хочуць, праз іншыя сродкі. Проста дапамагаюць адно аднаму. Гэта натуральны абмен. Гэта больш цікава.
 
Пік валанцёрскай актыўнасці — гэта, натуральна, лета, калі студэнты сыходзяць на вакацыі. Цімох Акудовіч кажа, што ў Беларусі праходзяць вельмі розныя летнікі, як па мэтах, так і па арганізацыі і колькасці ўдзельнікаў.

“Кожны летнік арганізоўваецца па-рознаму, — кажа Цімох. — Кожны мае сваю арганізацыю і свае сродкі. Напрыклад, клубы ЮНЕСКА ладзяць сур’ёзныя арганізаваныя летнікі ў Нясвіжы, у Міры, у Залессі. Ёсць жа летнікі, на якія збіраюцца двое-чацвёра аматараў, бяруць рыдлёўкі, самі даязджаюць, самі харчуюцца і нешта робяць на гэтым помніку. Усюды вельмі па-рознаму.

Распачаць валанцёрскую актыўнасць у нашай краіне не так проста. Прынамсі, некалькі папераў у Міністэрстве культуры давядзецца запоўніць, як ні круці, скардзіцца Цімох Акудовіч: “Перш, чым валанцёры пачынаюць работы на помніку, яны атрымліваюць дазвол ад Міністэрства культуры. Ёсць пэўныя фармуляры, якія трэба запоўніць, каб атрымаць такі дазвол для фізічнай асобы ці для арганізацыі. Але трэба адзначыць, што валанцёры не займаюцца рэстаўрацыяй. Адзіным унікальным прыкладам з’яўляецца Любчанскі замак, на якім валанцёры займаюцца і рэстаўрацыяй таксама. Вось якраз там усё праводзіцца пад жорсткім кантролем міністэрства. А ва ўсіх астатніх выпадках — гэта спроба кансервацыі, захавання помніка. Таму варыянт пашкоджання будынку амаль выключаны.

Узнагарода для валанцёра — вандроўкі па свеце, новыя знаёмствы, моўная практыка і жыццёвы досвед, які нідзе больш не атрымаеш. І, вядома ж, задавальненне ад таго, што ўсведамляеш: сваёй працай ты спрыяеш працягу жыцця. Жыцця гістарычнага будынка ці чалавека сталага веку — не важна.

Аня Балаховіч, Павел Свярдлоў
Паводле “Еўрарадыё 

 

Каментаваць