Валянцін Стэфановіч: Апошнія падзеі — поўнае беззаконне

Ад пяці да пятнаццаці сутак адміністратыўнага арышту, велізарны штраф пенсіянерцы — і толькі за тое, што людзі выказалі салідарнасць з украінцамі ды ўшанавалі памяць загіблых год таму — памяць «Нябеснай сотні Майдану».



Пра тое, што магілу Героя Майдана Міхаіла Жызнеўскага пастаянна паскудзяць у тым ліку і месцічы, медыі ўжо пісалі. Бог суддзя тым бязбожнікам, што робяць такое. Але як ставіцца да тых дзеянняў праваахоўных і судовых структураў, якія жорстка караюць людзей толькі за жаданне ўшанаваць памяць забітых? Словаў няма. Нават у журналіста.

Суды адбываліся ў закрытым рэжыме. У выніку дэмакратычныя актывісты Алесь Макаеў і Максім Вінярскі атрымалі па 15 сутак зняволення, Яўген Батура і Мікола Колас – па 10 сутак, рэжысёр Вольга Мікалайчык – 5 сутак адміністрацыйнага арышту. А 67-гадовая пенсіянерка Ніна Багінская мусіць сплаціць 3 мільёны 600 тысяч рублёў штрафу. За што?!

Сітуацыю ў інтэрв’ю «Новаму Часу» пракаментаваў намеснік старшыні зачыненага ўладамі Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч. З аднаго боку, кажа праваабаронца, у дадзеным выпадку мы не ўбачылі нічога новага. «У апошнія часы любая вулічная актыўнасць у абсалютна любых формах жорстка падаўляецца ўладамі. Распаўсюд улётак на вуліцы трактуецца як несанкцыянаваны пікет, публічныя фотасесіі. У гэтым выпадку было ўскладанне кветак, расцэненае праваахоўнікамі як несанкцыянаванае мерапрыемства. Мне падаецца, што ўсё гэта сведчыць пра набліжэнне прэзідэнцкіх выбараў, — кажа юрыст. — Для ўладаў скрайне важна падаўляць любыя вулічныя актыўнасці, не важна, па якой тэматыцы, не важна, хто гэта робіць. Проста не дапускаць выхаду людзей на вуліцы».

Па словах Стэфановіча, дзеянні ўладаў у пятніцу насілі дэманстратыўна жорсткі характар. «Суды прайшлі цалкам закрыта. Справы разглядаліся не ў будынку суда Цэнтральнага раёна, а фактычна было праведзена выязное пасяджэнне суда ў будынку РУУС Цэнтральнага раёна. Прычым ніхто не здолеў папрысутнічаць на разглядзе гэтых справаў, толькі самі людзі, у дачыненні да якіх вёўся адміністрацыйны працэс, адвакаты, якіх паспелі знайсці, і  нешматлікія сведкі, якіх апытвалі пасля падачы хадайніцтваў. Ні журналісты, ні прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў, ні прадстаўнікі грамадскасці на суды не патрапілі», — канстатуе Валянцін Стэфановіч.

Ён падкрэслівае, што гэта з’яўляецца грубейшым парушэннем аднаго з асноўных прынцыпаў адміністрацыйнага працэсу, які замацаваны ў Працэсуальна-выканаўчым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, — публічнага адкрытага разгляду адміністрацыйных справаў. І, натуральна, санкцыі да затрыманых. Адміністрацыйныя арышты вынесеныя практычна да ўсіх — ад пяці да пятнаццаці сутак, выключэнне толькі складае 67-гадовая пенсіянерка спадарыня Багінская, аштрафаваная на 20 базавых велічыняў.

«Яна распавяла, што падчас і пасля затрымання, калі яны ўжо знаходзіліся ў аўтобусе, потым у РУУС супрацоўнікі АМАПу паводзілі сябе скрайне непрыстойна, яны абражалі затрыманых нецэнзурнай лаянкай, дазвалялі сабе цынічныя выказванні нават у дачыненні да жанчыны паважанага веку, забралі ў яе кіёчак. У мяне такое ўражанне, што супрацоўнікі АМАПу і Цэнтральнага РУУС вельмі дакладна зразумелі словы міністра ўнутраных справаў Шуневіча, што міліцыя — гэта карны орган. Вось яны і паводзяць сябе як карнікі. Іншых словаў я проста не магу падабраць», — скарушаецца суразмоўца.

Ад «Вясны» каля РУУС была Наста Лойка, якую, паводле Стэфановіча, двойчы выстаўлялі з будынка. «Апошні раз яна спрабавала зрабіць запіс у кнізе скаргаў і прапановаў, але бедную дзяўчынку ўзялі за каўнер як кацяня і проста выкінулі з гэтага РУУСа. Абсалютна нахабныя дзеянні, калі супрацоўнікі міліцыі адчуваюць сваю беспакаранасць, ведаючы, што ім ніхто нічога за гэта не зробіць. Тым не менш, калі ў арыштаваных будзе жаданне, мы абскардзім гэтыя судовыя пастановы. Са спадарыняй Багінскай я спадзяюся сустрэцца, і мы будзем абавязкова абскарджваць гэтыя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў адпаведнасці з заканадаўствам. Я б ёй яшчэ параіў запісацца на прыём да Шуневіча і распавесці, як працуюць ягоныя падначаленыя, што лічаць сябе карнымі органамі і дапускаюць такія дзеянні. Яны — прадстаўнікі ўлады, і яны ж сваімі дзеяннямі гэтую ўладу канчаткова дыскрэдытуюць», — падсумаваў Валянцін Стэфановіч. 

Каментаваць