Валянціна Каваленка просіць гаранта Канстытуцыі дапамагчы аплаціць штраф

Жыхарка Бабруйску, пенсіянерка Валянціна Каваленка пісьмова звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьба дапамагчы аплаціць штраф за ўдзел у несанкцыяваным пікетаванні.

Валянціна Каваленка (другая злева) пад час пікету 31 сакавіка на пляцы Волі ў Мінску 

Нагадаем, што 31 сакавіка на сталічным пляцы Волі 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры — пенсіянеры і інваліды з розных рэгіёнаў краіны — правялі несанкцыяваны пікет, каб дамагчыся дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзянаў. Людзі сталага веку трымалі плакаты: «Гульні ў дэмакратыю скончыліся з намі 11 кастрычніка», «Патрабуем ад чыноўніцтва выканання Канстытуцыі краіны!», «Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак». 

22 красавіка суддзя суду Цэнтральнага раёна горада Мінска Валер Есьман аштрафаваў Валянціну Каваленку на 20 базавых велічынь (420 руб.) за ўдзел у несанкцыяванай акцыі. 

Пастановай ад 4 жніўня судовы выканаўца аддзелу прымусовага выканання Бабруйскага раёну і гораду Бабруйск Вольга Азоўцава наклала арышт на дом пенсіянеркі з прычыны таго, што тая не аплаціла адміністрацыйны штраф у суме 420 рублёў.

 8 жніўня пенсіянерку выклікалі ў аддзел прымусовага выканання і ўручылі пастанову аб накладанні спагнання. Разам з тым, грамадская актывістка двойчы адмовілася ўпускаць у сваю хату судовых выканаўцаў для апісання маёмасці. Затым Валянціна Каваленка абскардзіла дзеянні Вольгі Азоўцавай ва ўпраўленні прымусовага выканання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму.

Урэшце чыноўнікі вырашылі вылічваць штраф з пенсіі Валянціны Каваленкі, пра што яна даведалася 6 кастрычніка, калі атрымала пенсію ў памеры на 20 адсоткаў меншым, чым звычайна. 

У каментары НЧ спадарыня Валянціна назвала дзеянні ўладаў «незаконным рабункам» і паведаміла, што напісала ліст кіраўніку дзяржавы – гаранту Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — з просьбай дапамагчы ў аплаце штрафу. «Бо без матэрыяльнай падтрымкі я проста не выжыву на тыя грошы, што засталіся ў мяне пасля вылічэння штрафу», — заявіла жыхарка Бабруйску. 

Нагадаем, што пасля таго, як Адміністрацыя прэзідэнта адмовіла ў падобнай просьбе другой бабруйчанцы, актывістцы Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры Любові Санкевіч і параіла ёй звярнуцца за дапамогай да мясцовых уладаў, жанчына напісала лісты ў Бабруйскі гарвыканкам і Магілёўскі аблвыканкам.

Каментаваць