Валянціне Быкавай стала лепш

Пра тое, што Валянціне Быкавай стала лепш, паведаміў на сваёй старонцы ў ФБ Глеб Лабадзенка:


«Размаўляў з лекаркай, якая працуе ў Вушацкай лякарні і пераведвала Валянціну Уладзімераўну. Тая ўжо адышла ад першага шоку і пачуваецца больш-менш. На паламаную руку наклалі гіпс, пальцы варушацца. Пераведваць у рэанімацыю нікога не пускаюць, таму апроч лекараў Валянціна Уладзімераўна яшчэ нікога не бачыла. Дагляд, кажуць, вельмі добры, увага падвышаная, непадалёк пост медсястры. Валянціне Уладзімераўне перадалі, што пра выпадак з ёй напісалі многія смі і сайты, што ў каментарах усе зычаць здароўя. Яна кранутая і вельмі дзякавала ўсім! Лекарка кажа, што найбольш пацыентка хвалюецца, ці пакорміць там нехта яе котку Жучку (суседка спраўна гэта робіць). А значыцца — працэс выздараўлення ідзе імкліва!»


Нагадаем, жахлівую гісторыю нападу на Валянціну Быкаву у суботу ўвечары апісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку журналіст Глеб Лабадзенка.


Валянціна Быкава знаходзіцца ў рэанімацыі Вушацкага раённага шпіталя. У яе зламаная правая рука і тры рабра з левага боку, вельмі шмат сінякоў. Наведаць пацярпелую сястру Быкава прыходзілі работнікі Вушацкага райвыканкаму. Таксама ўважліва сочаць за яе станам дактары.


Праз два месяцы — у ліпені — Валянціне Уладзіміраўне споўніцца 90 год.

Каментаваць