Валютны мінус

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч падчас сваёй справаздачы аб выкананні Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі паведаміў Аляксандру Лукашэнку, што база для ўстойлівага развіцця беларускай эканомікі створаная. І Нацбанк мае намер нарошчваць аб’ём золатавалютных рэзерваў. Адначасова назіраецца дэфіцыт на валютным рынку, які вымывае той самы стратэгічны золатавалютны запас.

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч падчас сваёй справаздачы аб выкананні Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі паведаміў Аляксандру Лукашэнку, што база для ўстойлівага развіцця беларускай эканомікі створаная. І Нацбанк мае намер нарошчваць аб’ём золатавалютных рэзерваў. Адначасова назіраецца дэфіцыт на валютным рынку, які вымывае той самы стратэгічны золатавалютны запас.

Паводле справаздачы кіраўніцтва Нацбанка, усе асноўныя паказчыкі грашова-крэдытнай палітыкі ў Беларусі па выніках васьмі месяцаў выконваюцца. Курс нацыянальнай валюты да кошыка замежных валют застаецца стабільным, захоўваюцца высокія тэмпы крэдытавання эканомікі, працэнтная палітыка адпавядае «Асноўным кірункам грашова-крэдытнай палітыкі». Так, курс беларускага рубля да кошыка замежных валют за студзень-жнівень паменшыўся толькі на 0,29% пры запланаваным на год калідоры ваганняў у межах +/-10%.

«Устойлівасць нашай нацыянальнай валюты, стабільнасць курсавой палітыкі заснаваныя не толькі на паспяховай працы нашай эканомікі, але і на тым, што мы маем дастаткова золатавалютных рэзерваў», — патлумачыў кіраўніку дзяржавы Пётр Пракаповіч. На 1 верасня золатавалютныя рэзервы Беларусі, па дадзеных Нацбанка, разлічаныя па нацыянальнай методыцы, склалі 6055 мільёнаў долараў ЗША, павялічыўшыся за студзень–жнівень 2010 года на 1,3%.

Старшыня праўлення Нацбанка рост золатавалютных рэзерваў тлумачыць тым, што павялічваецца валютная выручка беларускіх прадпрыемстваў, якая ў бягучым годзе больш чым на 20% (або на 2,5 мільярда долараў) перавышае паказчык мінулага года. Аднак не трэба забываць, што 1 мільярд долараў паступіў у казну ад продажу еўрааблігацый, 670 мільёнаў долараў выдзеліў Міжнародны валютны фонд, і 625 мільёнаў долараў выплаціла Расія за «Белтрансгаз». Сёлета, у адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі, золатавалютныя рэзервы мусяць павялічыцца на 0,5–1,8 мільярда долараў.

Разам з тым на беларускай валютна-фондавай біржы назіраецца значнае перавышэнне попыту на валюту над прапановай. Розніца, натуральна, пакрываецца з рэзерваў Нацбанка. Так, за першае паўгоддзе дэфіцыт пры аперацыях куплі-продажу склаў 1 455 357 тысяч долараў і 304414 тысяч еўра. У ліпені і жніўні — прапанова валюты ў доларах на біржы перавысіла на 17 795 тысяч, дэфіцыт еўра склаў 93 387 тысяч. Калі да канца года будуць падвышацца заробкі, то, натуральна, павялічыцца і попыт на валюту сярод насельніцтва, бо захоўваць свае прыбыткі беларусы ўсё ж любяць у замежных еўра і доларах, а не мясцовых рублях, тым больш, што хутка Новы год, а памяць пра дэвальвацыю беларускага рубля 2 студзеня 2009 года яшчэ свежая.

Прыкрыць дзіркі ў фінансавых запасах магчыма праз знешнія пазыкі, але сёлета Беларусь на гэтым полі і так адзначылася (як паведамляе БелаПАН, на 1 ліпеня знешні доўг дасягнуў 23 мільярдаў 171 мільёна долараў ЗША, што складае 45,5% ВУП; у разліку на душу насельніцтва валавы знешні доўг цяпер 2447 долараў). Калі прадаць тое-сёе з гаспадаркі, можа, што-небудзь і прыкрыецца.

Але міністр фінансаў Андрэй Харкавец, калі прымаўся бюджэт на наступны год, заявіў, што прыбыткі ад прыватызацыі аб’ектаў пойдуць на павелічэнне золатавалютных рэзерваў краіны. «Марнаваць прыбыткі ад прыватызацыі на бягучыя выдаткі бюджэту мы не маем намеру», — сказаў міністр. Таксама і Расія (важнейшы партнёр) падразае гандлёвыя крылы Беларусі, а наступствы фінансава-эканамічнага крызісу негатыўна ўплываюць на попыт на міжнародных рынках.

Апроч названых праблем, вымалёўваецца і рост пратэрмінаваных пазыкаў перад банкамі — па інфармацыі Нацбанка, яны дасягнулі 319 мільёнаў долараў. Запазычанасць насельніцтва складае 38 мільёнаў долараў, юрыдычных асобаў — 281 мільён долараў. Агульная сума праблемнай запазычанасці (пралангаванай і пратэрмінаванай) на 1 верасня дасягнула 844,5 мільярда рублёў, павялічыўшыся на 28,4% з пачатку года. Аб’ём запазычанасці па крэдытах і іншых актыўных аперацыях павялічыўся з пачатку года на 24% да 85,7 трыльёна рублёў. Нацыянальны банк Беларусі плануе стварыць спецыялізаванае фінансавае агенцтва, якое будзе займацца абслугоўваннем праблемных крэдытаў, што з’явіліся ў выніку рэалізацыі дзяржпраграм. Па меркаванню Пракаповіча, гэта дапамагло б падвысіць крэдытныя рэйтынгі беларускіх банкаў і павялічыць стабільнасць працы сістэмы.

Цікавы факт: у 2006 годзе Аляксандр Лукашэнка паставіў перад Нацыянальным банкам задачу да 2011 года сфармаваць золатавалютныя рэзервы ў памеры 32 тоны золата і 3 мільярда долараў (план выкананы). Тады кіраўнік дзяржавы пажартаваў: «Апошнім часам усё пытаюць, а колькі Лукашэнка прабудзе ва ўладзе? Мы з Пракаповічам будзем ва ўладзе, пакуль не створым залаты запас у 100 тон золата і золатавалютныя рэзервы ў 10 мільярдаў долараў». Яшчэ нямала часу і крэдытаў спатрэбяцца Беларусі, каб задуманае стала рэальным.
 

Каментаваць