Валожын: на месцы растрэлаў габрэяў дом будаваць не будуць

Пасля таго, як на валожынскім стадыёне былі знойдзеныя чалавечыя косткі і фрагменты рэчаў, выканкам перанёс запраектаванае будаўніцтва дома на іншую пляцоўку.



Пра гэта "Новаму Часу" паведаміў гісторык Алесь Белы. Нагадаем, раней наша газета пісала, што на стадыёне ў Валожыне, дзе ў Другую сусветную вайну фашысты растрэльвалі габрэяў, кампанія "Трайпл" (прыналежыць алігарху Юрыю Чыжу) распачала будаўніцтва жылога дома. Відавочцы паведамлялі, што будаўнікі складваюць знойдзеныя косткі і рэчы ў пластыкавыя пакункі і вывозяць у невядомым накірунку. 

У сераду дэлегацыя саюза габрэйскіх арганізацый Беларусі наведала валожынскі стадыён і высвятліла акалічнасці на месцы. Паводле ўдакладненай інфармацыі, на планаваным месцы будучага дома па ініцыятыве выканкама пачалася толькі праверка, а не будаўніцтва. Пры гэтым, месца для будаўніцтва было абранае ўдалечыні — больш за 100 метраў — ад помніка, на іншым баку стадыёна. Як спраўдзіў Алесь Белы, калі былі выкапаныя косткі, выканкам забараніў будаўніцтва дома не толькі на месцы раскопак, але і на ўсім стадыёне. Паводле гісторыка, адмыслова выкліканы спецбатальён працуе акуратна, і ўсе знойдзеныя рэчы збіраюцца і ўключаюцца ў вопіс.

На дадзены момант знойдзеныя парэшткі 104 чалавек, але працы працягваюцца, і, як паведаміў Алесь Белы, ваенкамат пазней прадставіць поўную інфармацыю па знойдзеных костках і рэчах.

Каментаваць