Вашы гаражы можа змыць — вы і ратуйце

Калі праязджаеш на цягніку з Мінску ў напрамку на Гомель, у Бабруйску можна пабачыць цудоўнае рамантычнае месца — гаражы на беразе возера. «Вельмі прыгожае месца для пікнікоў і адпачынку», — можа замілавацца нехта. Аднак уладальнікам гэтых гаражоў такім ужо цудоўным яно не падаецца.
 



Возера ля гаражнага кааператыва


Гэты гаражны кааператыў паўстаў у 1986 годзе, фактычна, памылкова. З-за гэтай памылкі ўладальнікі гаражоў ледзьве не штогод нясуць страты. А ўлады Бабруйска ну аніяк не хочуць недарэчнасць выправіць, з-за чаго амаль дзве з паловай тысячы грамадзян могуць увогуле страціць сваю маёмасць агульным коштам каля 15 мільёнаў долараў.
 

Дом на пяску

Калісьці, за Саветамі, у гэтым месцы быў пясчаны кар’ер. Але ў 1985 годзе яго распрацоўка была скончаная. Па розуме і заканадаўстве, гэтае месца падлягала альбо заводжванню, альбо рэкультывацыі. Аднак у Бабруйску на той момант у чарзе на будаўніцтва гаражоў стаялі каля 5000 чалавек.

У гаражах расказваюць байку пра ўзнікненне кааператыва. Нібыта кіраўнік пясчанага кар’еру, які сам стаяў у чарзе па гараж, прыйшоў да гарадскіх начальнікаў, якія скардзіліся, што не могуць знайсці месца для гаражнай забудовы. І сказаў: «Вось вам выдатнае месца для гаражоў». У выніку ў кар’еры паўсталі два гаражных кааператывы, а чарга аўтааматараў скарацілася ўдвая.

Але на гэтым месцы гаражы будаваць было нельга, бо не было распрацавана дэталёвага плану забудовы гарадскога раёна. Такога дэталёвага плана на той момант не існавала, — ён з’явіўся толькі праз 20 гадоў, у 2006-м, дзе гаражы ўжо былі пазначаныя «па факце». Аднак у 1986-м бабруйскія ўлады настолькі былі радыя пазбавіцца двух галаўных боляў, — рэкультывацыі кар’ера і гаражнай чаргі, — што дазволілі грамадзянам будаваць дамкі для сваіх жалезных коняў без плана забудовы.

Грамадзяне ж нічога не ведалі ані пра месца, дзе ім дазволілі будавацца, ані пра адсутнасць планаў. Далі зямлю — будуй, пакуль назад не адабралі! І людзі пачалі забудову гэтага кар’ера.

Падпісаў рашэнне пра перадачу былога кар’ера для гаражнай забудовы тагачасны галоўны архітэктар Бабруйска Анатоль Нічкасаў. Той самы Нічкасаў, які пазней стаў міністрам архітэктуры і прамысловасці Беларусі, а зараз — надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Казахстане.

Прыроду не падманеш

Бабруйск вырастаў, змяняліся ўлады, эканамічныя ўмовы. Два гаражных кааператывы аб’ядналіся ў адзін — СГК–10. Закрываліся бабруйскія прадпрыемствы, людзі ставілі лічыльнікі на ваду. Непадалёк ад гаражоў спыніла існаванне вайсковая частка. Спажыванне вады ў Бабруйску значна скарацілася. У сувязі з гэтым скарачэннем ля «гаражнага» раёна закрыўся водазабор №2 — 11 свідравінаў, якія месціліся за 600–1200 метраў ад гаражоў. Раней яны выпампоўвалі 15 тысяч кубаметраў грунтавой вады ў суткі.

Калі водазабор спыніўся, каля гаражоў натуральным чынам і ўтварылася тое самае прыгожае возера.

Гэта зусім не дадало радасці ўладальнікам гаражоў, бо пачаліся рэгулярныя падтапленні іх маёмасці. Зразумела, што вада збіраецца ў нізінах. Гэтай нізінай з’яўляецца кар’ер. А значыць, і гаражы разам з ім. Кожную вясну залівае гаражныя ямы. 2 455 чальцоў гаражнага кааператыва справядліва непакояцца, што іх маёмасць можа ўвогуле змыць.

Так рашэнне пра будаўніцтва гаражоў без плана забудовы і адпаведнага даследавання тэрыторыі стала галаўным болем для грамадзян.

Пра сур’ёзнасць праблемы сведчыць тое, што бабруйскае прадстаўніцтва «Белдзяржстраха» нават адмаўлялася заключаць дамовы на страхаванне маёмасці, бо, як напісана ў адказе гэтай арганізацыі, «верагоднасць наступлення страхавога выпадку пры страхаванні гаражоў у СГК–10 г. Бабруйска практычна непазбежная».

Ужо 15 гадоў грамадзяне патрабуюць ад уладаў выправіць памылку 30-гадовай даўніны. Менавіта столькі людзі вядуць перапіску з чыноўнікамі. І, падавалася б, гэтую праблему павінны разумець усе. У розныя дзяржаўныя органы — Бабруйскі гарвыканкам, Магілёўскі аблвыканкам, міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Савет міністраў, КДК і пракуратуру — былі накіраваныя недзе паўтары сотні (!) лістоў з апісаннем праблемы, распавядае Сяргей Махлаеў, афіцыйны прадстаўнік спажывецкага гаражнага кааператыва. Аднак адказу, які б задаволіў чальцоў гэтага кааператыва, ніадкуль не атрымалі.

 

Чырвоны ўзровень небяспекі

Пакуль толькі прырода дазваляе гэтаму кааператыву існаваць. Сяргей Махлаеў паказвае лічбы маніторынгу вады і ападкаў, якія кааператыў заказвае ў Магілёўаблгідрамеце. «Узровень ападкаў па Бабруйску за два апошнія гады быў ніжэй за норму: 84% у 2014 годзе і 78% — у 2015-м. Таму ўзровень вады знізіўся на 70 сантыметраў. На гэта спасылаюцца ўлады Бабруйска, пішучы нам, што «ў сённяшні час адсутнічаюць падставы для ацэнкі працэсу як надзвычайнай сітуацыі». Аднак у папярэднія гады ўзровень ападкаў стабільна падвышаўся. 107% ападкаў выпала ў 2008-м, 130% — у 2009-м, 103% — у 2010-м, 123% — у 2012-м, 103% — у 2013-м», — распавядае Махлаеў.

І калі спрыяльныя прыродныя ўмовы скончацца, затапленне гаражоў стане надзвычайнай сітуацыяй рэспубліканскага маштабу. Як напісана ў законе пра папярэджванне надзвычайных сітуацый, «да рэспубліканскай (дзяржаўнай) адносіцца надзвычайная сітуацыя, у выніку якой пацярпелі больш за 500 чалавек, альбо парушаныя ўмовы жыццядзейнасці больш за 500 чалавек, альбо матэрыяльны ўрон складае звыш 0,5 мільёна базавых велічынь на дзень узнікнення надзвычайнай сітуацыі». Зараз гаражны кааператыў падпадае пад усе гэтыя пункты: пацерпяць 2 455 сябраў кааператыву і матэрыяльны ўрон будзе больш 0,5 мільёна базавых велічыняў.

Улада, як той мужык, не хрысціцца, пакуль гром не грымне. А сябры кааператыва папярэджваюць: калі грымне, будзе ўжо позна.

Затопленая тэхнічная яма ў адным з гаражоў

Ігнараванне «на месцах»

Дзеля справядлівасці, варта заўважыць, што не ўсе чыноўнікі ігнаруюць клопат гаражнага кааператыва пра недапушчэнне надзвычайнай сітуацыі рэспубліканскага маштабу. З гэтым клопатам Сяргей Махлаеў дайшоў нават да намесніка прэм’ер-міністра Анатоля Калініна і міністра па надзвычайных сітуацыях Уладзіміра Вашчанкі.

У 2014 годзе Савет Міністраў, а дакладней, камісія па надзвычайных сітуацыях Саўміна, выдала загад Магілёўскаму аблвыканкаму «прааналізаваць ступень выканання (рэалізацыі) мерапрыемстваў Генеральнага плана Бабруйска… у частцы ліквідацыі Бабруйскім гарвыканкамам прычын і ўмоў, што спрыяюць узнікненню надзвычайнай сітуацыі, звязанай з падтапленнем СГК–10 Бабруйска… Для прыняцця аб’ектыўнага рашэння забяспечыць правядзенне даследаванняў і інжынерных гідрагеалагічных вышукаў з мэтаю высвятлення сапраўдных прычын падтаплення. Пры неабходнасці арганізаваць праверку Бабруйскага гарвыканкама ў галіне абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый».

Магілёўскі аблвыканкам у адказ піша, што «неаднаразова даручалася СГК–10 сумесна з Бабруйскім гарвыканкамам разгледзець пытанне пра неабходнасць дадатковых інжынерных і гідрагеалагічных вышукаў кар’ера з мэтаю забеспячэння неабходнага віду работ, скіраваных на водапаніжэнне, і прыняцця дзейсных захадаў, якія выключаюць узнікненне надзвычайнай сітуацыі на тэрыторыі СГК–10».

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях нават правяло выязное пасяджэнне па пытанні падтаплення СГК–10. Ягоным вынікам стаў адказ, што «сітуацыя не класіфікуецца як надз­вычайная, аднак штогадовы прырост узроўню грунтавых водаў… сведчыць пра наяўнасць перадумоў да ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі». У сувязі з гэтым МНС унесла прадстаўленне ў Бабруйскі гарвыканкам «пра скасаванне прычынаў і ўмоў, што садзейнічаюць узнікненню надзвычайнай сітуацыі і неабходнасці прыняцця дзейсных захадаў па вырашэнні дадзенай праблемы».

У прадстаўленні МНС гарвыканкаму Бабруйска, дарэчы, кажацца, што «прымаемыя Бабруйскім гарвыканкамам захады па згаданым пытанні неэфектыўныя, да сённяшняга часу не выяўлены пералік прычын павышэння грунтавых водаў, а таксама не вызначаны шляхі выйсця з сітуацыі, якая склалася».

Аднак усё, што зрабіў Бабруйскі гарвыканкам, — гэта толькі арганізаваў замеры ўзроўню грунтавых водаў на тэрыторыі СГК–10. Ані пра якія інжынерныя і гідрагеалагічныя работы размова не ідзе.

Пакуль гром не грымне…

Замест таго, каб правесці належныя даследаванні тэрыторыі і вызначыць, што трэба для недапушчэння надзвычайнай сітуацыі, ад уладаў Бабруйска паступілі некалькі ідэяў. Дзеля скасавання падтапленняў яны рэкамендуюць падсыпаць плошчу кааператыву, павышаючы такім чынам узровень зямлі над вадою. Альбо надбудоўваць гаражы. Альбо адвесці ваду праз каналізацыю. Альбо ўвогуле ліквідаваць кааператыў і перанесці яго ў іншае месца.

Што тычыцца падсыпкі і ўмацавання берагоў возера, то гэта кааператыў робіць і без парадаў чыноўнікаў. «Але гэта нічога не дае. Па-першае, дарогі і так падсыпаныя ўшчыльную да варотаў гаражоў. Калі гэтую дзейнасць працягваць, то вароты ў людзей проста не адкрыюцца. Па-другое, гэта ж школьны курс фізікі. Вада падымаецца па прынцыпе злучаных сасудаў. І грунтавыя воды ўсё роўна прасочваюцца ў гаражныя ямы, затапляючы іх», — тлумачыць Махлаеў.

Чальцы гаражнага кааператыва прапрацоўвалі і пытанне адводу вады ў каналізацыю. Аднак з мясцовага дарожна-эксплуатацыйнага прадпрыемства яны атрымалі адказ, што мясцовая «ліўнёўка» не разлічаная на дадатковыя нагрузкі: «Далейшая прапрацоўка гэтай ідэі таксама немэтазгодная, улічваючы дарагавізну яе складнікаў у частцы будаўніцтва дадатковых водаачышчальных збудаванняў, насоснай устаноўкі з павышэннем узроўню каля 20 метраў, устаноўкі вадамера» і гэтак далей. Надбудова гаражоў? Гэта ўсё роўна, што будаваць новыя гаражы. Роўна як і «ліквідаваць кааператыў». Калі яго ліквідуюць, хто выплаціць людзям кампенсацыю за страчаную маёмасць? Бо страчаная яна ж будзе не па іх правіне, а з-за таго, што ўлады, насуперак заканадаўству, калісьці выдзелілі грамадзянам пад забудову неналежнае месца.

«Зараз па Бабруйску ёсць абвесткі аб продажы гаражу за 6000 долараў. Вось і лічыце кошт пытання: 2 455 чальцоў кааператыва памножым на 6000 — каля 15 мільёнаў долараў», — кажа Махлаеў.

Справа, як заўсёды, у грошах?

Сяргей Махлаеў, з аднаго боку, разумее бабруйскія ўлады. І самі сябры кааператыва цікавіліся, колькі ж каштуе даследаванне тэрыторыі. У цэнах 2014 года — гэта мільярд рублёў. Каля ста тысяч долараў. Грошы, канешне, немалыя.

Тым не менш, упэўнены Махлаеў, знайсці іх можна. Кааператыў поўнасцю, — нават тыя, хто не карыстаецца гаражамі, — спраўна сплачвае і зямельны падатак, і падатак на нерухомасць. Агулам гэта якраз і выходзіць мільярд у год. Аўтааматары плацяць падвойны падатак «на дарогі» — сам падатак і акцызы на бензін — і падаражэлы нядаўна тэхагляд… Улада магла б ужо і прыслухацца да такіх шчырых і шчодрых падаткаплацельшчыкаў.

«Сродкі на папярэджанне — падкрэсліваю, не ліквідацыю, а папярэджанне — надзвычайных сітуацый штогод закладаюцца ў бюджэт, гэта прадугледжана Бюджэтным кодэксам. У тым жа кодэксе (артыкул 42 «Рэзервовыя фонды», пункт 5) таксама кажацца: «Сродкі рэзервовых фондаў Урада Рэспублікі Беларусь і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў выдаткоўваюцца на папярэджанне і ліквідацыю наступстваў надзвычайных сітуацый». Так што пры жаданні ўлада магла б знайсці грошы на тое, каб вызначыцца, як прадухіліць надзвычайнае здарэнне, зрабіць так, каб яго не было ўвогуле», — тлумачыць Махлаеў.

Канешне, сярод прапаноў гарвыканкама сябрам кааператыва была і такая: «Вашы гаражы? Вы і скіньцеся на гэтыя гідрагеалагічныя работы». Але Махлаеў упэўнены, што гэта — абавязак не людзей, а ўлады перад людзьмі. «Ёсць, па-першае, закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, згодна якому ў кампетэнцыю мясцовых уладаў уваходзіць абавязак па ліквідацыі і папярэджанні надзвычайных сітуацый. Па-другое, закон аб абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый таксама накладае на мясцовыя ўлады абавязак прымаць меры па папярэджанні надзвычайных сітуацый. Па-трэцяе, гэта ж не быў самазахоп тэрыторыі: улады выдзялялі гэтую зямлю, тым больш з парушэннем заканадаўства. І абавязак улады — выправіць памылку», — лічыць Махлаеў

Такім чынам, дэ-факта сябры СГК–10 патрабуюць аднаго: выканання заканадаўства, рашэнняў Савета Міністраў і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. «Трэба правесці інжынерныя і гідрагеалагічныя вышукі, як было напісана ў паперы за подпісам намесніка прэм’ер-міністра Калініна, і міністра па надзвычайных сітуацыях Беларусі Вашчанкі», — настойвае Махлаеў.

Зразумела, аднымі даследаваннямі праблему падтаплення СГК–10 не вырашыш. З-за таго, што будуць праведзеныя гідрагеалагічныя вышукі, вада не перастане збірацца ў тэхнічных ямах гаражоў сябраў кааператыва. Але, па словах Махлаева, потым ужо ад гэтага можна будзе «плясаць далей».

«Потым адпаведная праектная арганізацыя павінна выпрацаваць рашэнне: што рабіць? На якім узроўні грунтовыя воды, ці варта іх адкачваць, куды іх адкачваць, якім чынам гэта рабіць. Можа, гэта сапраўды будзе вельмі дарагая праца, і можа, людзям прасцей будзе выплаціць кампенсацыю за гэтыя гаражы? І нават калі выплачваць кампенсацыю, гэта трэба прымаць рашэнне «наверсе», калі не кіраўніком дзяржавы, але каля таго. А можа, абыдзецца водаадводам. Але, зноў жа, гэтае рашэнне трэба прымаць на падставе даследаванняў і вышукаў, і прымаць яго павінны кампетэнтныя арганізацыі», — кажа Махлаеў.

Грамадзяне ўмацоўваюць берагі возера будаўнічым смеццем, але дапамагае гэта мала
 

Рука руку мые?

Як бачна, людзі не патрабуюць ад Бабруйскага гарвыканкаму нічога, што б не патрабавалі ад яго вышэйшыя ўлады. І, тым не менш, чыноўнікі нічога не робяць. Чаму?

«Чаму не хочуць гэта рабіць? Чыноўнікі не хочуць гэтым займацца, таму што трэба шукаць грошы ў бюджэце, а значыць, даводзіць пытанне ледзьве не да прэзідэнта. Ніхто не хоча пазбавіцца сваёй пасады, высвятляць, з-за чыіх памылак гэтая сітуацыя склалася», — кажа Махлаеў.

А сапраўды, з-за чыіх памылак? «Анатоль Нічкасаў, які ад пачатку памыліўся з месцам кааператыва, быў міністрам архітэктуры, зараз — пасол у Казахстане. Першы намеснік Магілёўскага гарвыканкама Анатоль Чорны, які пісаў нам адпіскі па гэтым пытанні, зараз — міністр архітэктуры і будаўніцтва краіны. За апошнія два гады бабруйскае гарадское і магілёўскае абласное кіраўніцтва два разы змянілася. А нашае пытанне — на тым жа месцы», — зазначае Махлаеў.

Калі гром грымне

А вось калі гром грымне, і гэты гаражны кааператыў затопіць, улады павінны будуць кампенсаваць людзям іх страты. І гэта, як ужо казалася, каля 15 мільёнаў долараў. А ўсё таму, што на шматлікія папярэджанні пра магчымасць гэтай надзвычайнай сітуацыі яны ўвагі не звярталі.

«Нават калі мы потым будзем дамагацца кампенсацыі праз суд — у нас ёсць усе паперы. Тое, гаражы, гэта не самабудоўля — гэта факт. Зямлю нам выдзелілі з памылкай — але гэта памылка ўлады, а не людзей. Мы папярэджвалі ўлады пра магчымую надзвычайную сітуацыю — гэта факт. Мы рабілі ўсё, каб яе не адбылося, — гэта факт. І тое, што ўлада да нас шматкроць не прыслухоўвалася — таксама факт. У выніку суд будзе проста абавязаны прызнаць, што ўлада парушыла заканадаўства, і, больш за тое, не рэагавала на неаднаразовыя папярэджанні аб магчымасці надзвычайнага становішча. А ў гэтым выпадку могуць быць не толькі маёмасныя зыскі, але і, верагодна, крымінальная адказнасць за службовую нядбайнасць, якая пацягнула за сабой прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры», — канстатуе Махлаеў.

Пакуль гром не грымнуў, яшчэ можна выправіць сітуацыю. Можа, гэта будзе дорага. Але калі грымне — усё роўна даражэй выйдзе. Усяго толькі варта — прыслухацца да грамадзян і, урэшце, выканаць тыя пастановы, якія неаднаразова ім прапанавалі выканаць.

Каментаваць