Вечар памяці філосафа Уладзіміра Конана

29 чэрвеня ў Доме-музеі Якуба Коласа адбылася грамадская вечарына памяці вядомага беларускага філосафа Уладзіміра Конана.

Месца сустрэчы аказалася сімвалічным: як і Конан, Якуб Колас прысвячаў шмат часу навуковай працы, а яго сядзіба знаходзіцца побач з Акадэміяй навук, якой амаль усё жыццё аддаў Уладзімір Міхайлавіч, працуючы ў Інстытуце філасофіі і права з 1962 года. Прыгадаць сябра і паплечніка, які пайшоў з жыцця 6 чэрвеня 2011 г., прыйшлі навукоўцы, філосафы, літаратары — прафесары Аляксей Рагуля, Адам Мальдзіс, Алесь Разанаў і многія іншыя.

Атрымаўшы адукацыю гісторыкаў БДУ, Уладзімір Конан шмат увагі надаваў не толькі вывучэнню гісторыі беларускай філасофскай і эстэтычнай думкі, але і літаратуры і рэлігійнага жыцця. Спецыяльныя нарысы ён прысвяціў Максіму Багдановічу, заснавальніку літаратурных аб'яднанняў “Маладняк і “Узвышша Адаму Бабарэку, лідару каталіцкага адраджэння Беларусі ХХ ст. ксяндзу Адаму Станкевічу. Але ўсё-такі найбольш увагі даследчык надаваў гісторыі беларускай  эстэтычнай думкі і культуралогіі. Яшчэ ў 1972 годзе разам з Энгельсам Дарашэвічам Уладзімір Конан выдаў у серыі “Гісторыя эстэтычнай думкі СССР беларускі том. За год да смерці навукоўца выйшаў першы з трох тамоў “Гісторыі эстэтычнай думкі Беларусі — праца, якая падсумавала тое, што ён даследаваў усё жыццё.

Паўтараючы выслоўе Кузьмы Чорнага, прафесар Рагуля зазначыў, што ў сваіх даследаваннях Конан ішоў “шляхамі назапашвання народнай жыццяздольнасці, народнага віталізму, па драбінках збіраючы каркас нацыянальнага светабачання ад яго выяўлення ў помніках народнага фальклору да высокай філасофіі. Удзячнасцю да заняткаў Конана фалькларыстыкай прагучалі на вечарыне народныя купальскія спевы.

З экспедыцый па Беларусі Уладзімір Конан прывозіў не толькі ўражанні пра народны мелас, але і рарытэтныя старыя выданні і цудам захаваную першую беларускую перыёдыку, шмат працаваў у архівах, якія апынуліся за межамі Беларусі. Толькі ў Вільні, па падліках сяброў, правёў у камандзіроўках 5 гадоў. І паспяваў рабіць працу як у акадэмічным інстытуце, так і ў Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф. Скарыны, адной з задач якога была папулярызацыя беларусазнаўства ў свеце. Гэты час свайго даследчыцкага шляху Уладзімір Конан прайшоў разам з Адамам Мальдзісам. У яго будынку на Рэвалюцыйнай 15, дзе калісьці месціўся і Інстытут беларускай культуры, пачатак Акадэміі Навук і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына, зараз знаходзіцца амбасада Швецыі. Будзем спадзявацца, заўважыў Адам Мальдзіс, што помнікам навукоўцу будуць не толькі напісаныя ім кнігі і артыкулы пра яго ў энцыклапедыях, але і мемарыяльная шыльда на гэтым памятным доме. 

Фота аўтара: на вечары памяці Уладзіміра Конана
 
Каментаваць