Вельмі працяглы боль

На тыдні ўвесь інтэрнэт абмяркоўваў, куды Аляксандр Рыгоравіч паслаў народ і парламент. Але, насамрэч, гэта не падзея ў параўнанні з тым, пра што мы забываемся. Наступствы аварыі ў Чарнобылі, што здарылася 32 гады таму, мы адчуваем дагэтуль.

Чарнобыльскі Шлях – 2017


Прычым, адчуваем усе — незалежна ад таго, дзе жывём і ці адносіцца наша тэрыторыя пражывання да «забруджаных» ці «пацярпелых» зонаў.

Канешне, улады выхваляюцца тым, што Беларусь нібыта пераадолела наступствы Чарнобылю. Але з гэтым не згодныя адмыслоўцы. Сумарная альфа-актыўнасць трансуранавых элементаў, якія выпалі на тэрыторыі Беларусі, будзе нарастаць аж да 2056 года, нагадалі ў Дэпартаменце па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

Прычым, «рассакрэчаныя» гэтай структурай лічбы цягнуць на міні-сенсацыю. Паводле дадзеных навукоўцаў, палова (!) з 118 раёнаў Беларусі ў рознай ступені закрануты чарнобыльскай катастрофай. З іх найбольш пацярпелыя — тры раёны ў Брэсцкай, 13 — у Гомельскай і пяць — у Магілёўскай вобласці.

Палова краіны! Менавіта пра гэта доўгія гады казалі незалежныя даследчыкі. Але ўлада іх не чула (дакладней — не хацела чуць). Зараз тое, пра што казалі антыатамныя энтузіясты, прызнае афіцыйная структура.

Больш за тое, прафесара Юрыя Бандажэўскага ў свой час упяклі ў турму за тое, што ён сцвярджаў: малых дозаў радыяцыі не існуе, усе яны небяспечныя. Нябожчык Іван Нікітчанка неаднаразова заклікаў улады адмовіцца ад прынцыпу «дапушчальных узроўняў утрымання радыенуклідаў у харчовых прадуктах». Паводле яго дадзеных, небяспека радыяцыйнага забруджвання праз прадукты харчавання захоўваецца на ўсёй тэрыторыі Беларусі, у прыватнасці, радыенукліды прысутнічаюць у арганізме кожнага трэцяга мінчука, якія Чарнобылем нібыта закранутыя не былі…

Пётр Нікалаенка, намеснік дырэктара Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, расказаў, як радыяцыя трапляе ў Мінск. Па яго словах, на 1 студзеня 2018 года сельгасвытворчасць у Беларусі вядзецца на 877 тысячах гектараў сельгасзямель, забруджаных цэзіем–137. Канешне, яго паўраспад адбываецца за 30 гадоў. Але варта зазначыць, што гэта «паўраспад», — то бок, менш яго стала толькі напалову. А ўвогуле, навукоўцы разлічылі, што для поўнага распаду элементаў патрабуецца 10 перыядаў паўраспаду. Гэта значыць, зямля пасля аварыі на ЧАЭС будзе лічыцца чыстай ад цэзію–137 мінімум праз 300 гадоў!

«У апошні час за кошт распаду цэзію, пасля правядзення патрэбных мерапрыемстваў, радыелагічных даследаванняў (...) землі выводзяцца ў абмежаванае сельскагаспадарчае выкарыстанне», — сказаў Пётр Нікалаенка.

На забруджаных глебах, аддадзеных пад сельгасвытворчасць, праводзяць ахоўныя мерапрыемствы: кіслыя глебы вапнуюць, уносяцца павышаныя дозы мінеральных угнаенняў, падбіраюцца культуры і гатункі, што мінімальна назапашваюць радыенукліды, прымяняюцца спецыяльныя кармавыя дабаўкі для жывёл, ствараюцца культурныя пашы і сенажаці.

Разумееце, атрымліваецца не «чыстая» прадукцыя, а «культуры і гатункі, якія мінімальна назапашваюць радыенукліды». Але ўсё ж назапашваюць. А потым мы гэта ямо.

Чарнобыльскі Шлях – 2017


Варта ўзгадаць, што не адна Беларусь патрапіла пад Чарнобыльскі ўдар. Украінскія навукоўцы, напрыклад, у сваіх даследаваннях прыйшлі да высновы, што глебы ўкраінска-беларускага Палесся маюць спецыфічную асаблівасць — цэзій–137 дрэнна фіксуецца імі, і, як вынік, ён лёгка паступае ў расліны праз каранёвую сістэму. Таму яшчэ ў дааварыйныя часы ўтрыманне гэтага радыенукліду ў вырашчанай тут прадукцыі было ў 35–40 разоў вышэй, чым у цэнтральных раёнах краіны. Пасля аварыі на ЧАЭС людзей прыйшлося адсяляць з найбольш пацярпелых раёнаў зусім не з-за небяспечна высокага радыяцыйнага фону — там стала немагчымым вядзенне сельскай гаспадаркі. Ва Украіне ёсць месцы, дзе нельга атрымліваць чыстую прадукцыю нават пры ўзроўні забруджвання цэзіем–137 у 1 (адзін!) Кюры на квадратны кіламетр.

Ці згодныя нашы даследчыкі з украінскімі? Ці праводзіліся ў нас падобныя даследаванні? Падаецца, не. Прынамсі, апроч заклапочаных недзяржаўных экспертаў пра гэта ніхто не казаў.

Частка тэрыторыяў у нас забруджаная не толькі цэзіем–137, але і трансуранавымі элементамі. Гэта ізатопы плутонію–238, –239, –240, –241 і амерыцый–241. І хаця асноўная іх маса — 97% — знаходзіцца на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, ёсць такія забруджаныя раёны ў Гомельскай вобласці і адзін — у Магілёўскай.

Як адзначыў Нікалаенка, поўны распад трансуранавых элементаў займае вельмі доўгі час. «У плутонію–239 паўраспад — звыш 240 тысяч гадоў. У плутонію-241 — 144 года. Плутоній распадаецца і ператвараецца ў амерыцый–241, а ў яго распад — ужо 4300 гадоў. Менавіта за кошт амерыцыю сумарная альфа-актыўнасць трансуранавых элементаў будзе нарастаць аж да 2056 года, але ў асноўным на закрытых тэрыторыях», — адзначыў прадстаўнік дэпартамента. Амерыцый вельмі небяспечны, калі трапляе ў арганізм: з прадуктамі ці з паветрам (праз дыхальныя шляхі).

Мне падабаюцца агаворкі навукоўца: «у асноўным на закрытых тэрыторыях». А «не ў асноўным»? Ці ёсць гарантыя, што забруджванне праз прадукты ў тых самых малых дозах не будзе «міграваць» па ўсёй краіне?

Няма, кажа Нікалаенка: «Гэты элемент пакуль знаходзіцца ў вельмі малых колькасцях, і вызначыць яго досыць складана і дорага, даследаванні толькі пачынаюцца».

Крута! Праз траціну стагоддзя пасля аварыі і безліч затрачаных на ліквідацыю наступстваў грошай «даследаванні толькі пачынаюцца»! Можа, спачатку варта было ўсё дасканала высветліць, а толькі потым уводзіць забруджаныя землі ў «сельскагаспадарчае выкарыстанне»?

Ну і крыху статыстыкі наконт таго, да чаго прывяла такая палітыка дзяржавы ў замоўчванні ці памяншэнні маштабаў чарнобыльскіх праблем. На дыспансерным уліку па «чарнобыльскай лініі» стаяць больш за 1,5 мільёна чалавек, у тым ліку больш за 250 тысяч дзяцей і падлеткаў.

Праз 33 гады пасля трагедыі 250 тысяч дзяцей і падлеткаў, якія той аварыі нават не бачылі, адчуваюць яе наступствы! Уяўляеце маштаб катастрофы?

Чарнобыль яшчэ доўга будзе нашым болем і нашымі пакутамі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-04-26 11:37:08
Аварыя ў Чарнобылі "здарылася 33 гады таму"? Ну-ну... Ваабшчэ-та 2018 мінус 1986 будзе 32.

Каментаваць