Венесуэла дапаможа і газам

«Усе дамоўленасці па пастаўках нафты застаюцца ў сіле», — запэўніў надзвычайны і паўнамоцны пасол Баліварскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Амерыка Дыяс Нуньес.

«Усе дамоўленасці па пастаўках нафты застаюцца ў сіле», — запэўніў надзвычайны і паўнамоцны пасол Баліварскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Амерыка Дыяс Нуньес.

Паводле яго слоў, у мінулым годзе ў гісторыі развіцця гандлёва-эканамічных адносін адбыўся важны прарыў: з мэтай дыверсіфікацыі паставак энергарэсурсаў Беларусь закупіла ў Венесуэлы вялікія аб’ёмы нафты. Бліжэйшым часам будзе разглядацца варыянт паставак у Беларусь азербайджанскай нафты па своп-кантракту, што дазволіць скараціць затраты часу і грошай на транспарціроўку. То бок Азербайджан пастаўляе ў Беларусь нафту і атрымлівае наўзамен адпаведныя аб’ёмы нафты ў Венесуэле, пастаўляе яе на рынкі краін Карыбскага басейну. «Трэба ўлічваць час і адлегласць. Ад Венесуэлы да чарнаморскіх партоў 13 800 кіламетраў, з Азербайджана да гэтых жа партоў — 1 300 кіламетраў», — патлумачыў пасол Венесуэлы ў Беларусі.

Пасол зазначыў, што Беларусь і Венесуэла цяпер рэалізуюць больш за 120 дамоваў і кантрактаў у розных сферах — ад здабычы нафты, будаўніцтва аўтамабільных заводаў і да супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і культуры.

Па словах пасла, Беларусь актыўна супрацоўнічае з Венесуэлай у галіне будаўніцтва. Ёсць дамоўленасці, што беларускія спецыялісты пабудуюць у Венесуэле сучасны аграпрамысловы гарадок. Цяпер распрацоўваецца пілотны план па стварэнню такога гарадка ў сельскагаспадарчым штаце Гуарыка.

У сувязі з вялізным дэфіцытам жылля ў Венесуэле, які ацэньваецца ў два мільёна кватэр, Беларусь пабудуе ў Венесуэле каля 30 тысяч кватэр. Пасол адзначыў праекты па будаўніцтву жылля на дзвюх вайсковых базах. У сувязі са стыхійнымі бедствамі, што абрынуліся на Венесуэлу напрыканцы мінулага года, ідзе абмеркаванне дадатковага аб’ёму будаўніцтва беларусамі ў 10 тысяч кватэр. Рашэнне па гэтым праекце будзе прынятае ў лютым у Каракасе на пасяджэнні сумеснай беларуска-венесуэльскай камісіі. Таксама бакі плануюць абмеркаваць ход рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, выкананне дасягнутых раней дамоўленасцяў, а таксама пытанні арганізацыі візіту кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Венесуэлу.

Пасол падзякаваў Беларусі, якая дапамагала дзіцячымі рэчамі, палаткамі, медыкаментамі пацярпелым жыхарам Венесуэлы ад стыхійных бедстваў напрыканцы мінулага года. Амерыка Дыяс Нуньес сказаў, што гуманітарную дапамогу Венесуэлу пастаўлялі таксама Іран, Іспанія, Аргенціна, Нікарагуа. 

У гэтым годзе Венесуэла адзначае 200-годдзе незалежнасці. 5 ліпеня 1811 года Нацыянальны кангрэс абвясціў краіну вольнай ад каланіяльнага прыгнёту. Таксама ў лютым лацінаамерыканская дзяржава святкуе 12-я ўгодкі Баліварскай рэвалюцыі, падчас якой у Венесуэле да ўлады прыйшоў цяперашні сябра Аляксандра Лукашэнкі Уга Чавес.

Каментаваць