Ветэраны Партыі БНФ ідуць у каманду Саннікава

Група вядомых палітыкаў — актывістаў Партыі БНФ на прэс-канферэнцыі, якая адбылася 23 чэрвеня, заявіла пра сваю падтрымку на прэзідэнцкіх выбарах кандыдатуры лідэра «Еўрапейскай Беларусі», экс-намесніка міністра замежных спраў Андрэя Саннікава. Сярод тых, хто ўвойдзе ў каманду ці проста падтрымае гэтага палітыка, такія ветэраны арганізацыі, як Юры Хадыка, Валянцін Голубеў, Аляксей Марачкін, Алесь Шатэрнік ды іншыя.

Група вядомых палітыкаў — актывістаў Партыі БНФ на прэс-канферэнцыі, якая адбылася 23 чэрвеня, заявіла пра сваю падтрымку на прэзідэнцкіх выбарах кандыдатуры лідэра «Еўрапейскай Беларусі», экс-намесніка міністра замежных спраў Андрэя Саннікава. Сярод тых, хто ўвойдзе ў каманду ці проста падтрымае гэтага палітыка, такія ветэраны арганізацыі, як Юры Хадыка, Валянцін Голубеў, Аляксей Марачкін, Алесь Шатэрнік ды іншыя.

А пачалося ўсё з заявы пра пераход у каманду Саннікава старшыні Мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, які абвясціў пра сваё рашэнне на апошнім Сойме пры канцы мінулага тыдня.

«Там жа прагучалі прапановы некаторых сябраў Сойму, што ў сувязі з гэтым мне неабходна сысці з пасады кіраўніка гарадской арганізацыі ці ўвогуле прыпыніць сваё сяброўства ў БНФ. У панядзелак адбылося пасяджэнне гарадской арганізацыі, дзе я ўзняў адпаведнае пытанне, але ніводзін сябра рады Мінскай гарадской арганізацыі такое пытанне не паставіў, таму ніякіх пераабранняў сталічная арганізацыя не плануе, — паведаміў Віктар Івашкевіч. — Прынята рашэнне збіраць раённыя сходы актывістаў партыі, дзе праводзіць абмеркаванне ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі, каб людзі мелі магчымасць самастойна вызначыцца, якога кандыдата падтрымліваць і ў якой форме актывістам прымаць удзел у гэтай кампаніі».

Трэба адзначыць, што пазачарговы з’езд Партыі БНФ, які адбыўся 29 мая, абраў прэтэндэнтам на кандыдата ў прэзідэнты намесніка старшыні арганізацыі Рыгора Костусева. Аднак вялікая частка фронтаўцаў не прызнала той форум з’ездам, а толькі сходам часткі сяброў партыі з прычыны нязгоды з працэдурай вылучэння дэлегатаў.

«Як сябра штаба Саннікава, я заяўляю, што мы ставімся з вялікай павагай да ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты, да ўсіх кіраўнікоў партый, як ранейшых, так і сённяшніх, і спадзяемся, што канкрэтная дзейнасць, накіраваная на змену рэжыму, дасць нам магчымасць аб’яднаць усе намаганні. І нават калі гэтая праца пачнецца ў камандах розных кандыдатаў, я думаю, што ў вельмі хуткім часе ўсе каманды пачнуць аб’ядноўвацца, і я як прадстаўнік штабу заяўляю, што дзверы ў штаб Саннікава адкрытыя, і любыя кандыдаты ці сябры іх каманд, якія на любым этапе прэзідэнцкай кампаніі вырашаць, што варта падтрымаць кандыдата Саннікава, прыйдуць у штаб, і з імі будзе супрацоўніцтва», — заявіў Віктар Івашкевіч.

Сябра Сойму Партыі БНФ Юры Хадыка адзначыў, што падтрымаць кандыдатуру Андрэя Саннікава яго прымусілі асабістыя якасці прэтэндэнта. «Кіраваць краінай павінны людзі, якія валодаюць адпаведным IQ — ступенню інтэлектуальнага развіцця. Хопіць нам кіроўцаў ад пліты, ад ската, бо ўсе нашы беды паходзяць ад недастатковай падрыхтаванасці нашай улады да правядзення разумнай незалежнай палітыкі. З гэтага пункту погляду Саннікаў — бездакорная кандыдатура, ён паходзіць з беларускамоўнай інтэлігентнай сям’і, атрымаў добрую адукацыю, працаваў на адказных дзяржаўных пасадах, і гэта ёсць гарантыя таго, што мы не пачнём у чарговы раз хістацца ад любові да бліжэйшай суседкі да нянавісці», — адзначыў прафесар Юры Хадыка.

Астатнія выступоўцы, якіх было больш за дзесяць асоб, таксама выказвалі сваё пазітыўнае стаўленне да спадара Саннікава, матывуючы, чаму вырашылі падтрымаць яго кандыдатуру. А сябра Кастрычніцкай раённай арганізацыі (Мінск) Партыі БНФ Зміцер Марчук нават падвёў астралагічную базу пад перавагі Андрэя Алегавіча на наступных прэзідэнцкіх выбарах.

Адказваючы на пытанне пра кандыдацкі лёс Лявона Баршчэўскага, які ўжо даўно заяўляў пра свае прэзідэнцкія намеры, Віктар Івашкевіч адказаў: «Справа ў тым, што ад Баршчэўскага няма яснага паслання, ідзе ён на выбары ці не ідзе. І ў гэтай сітуацыі я і сябры, якія тут сабраліся, абсалютна паважаючы спадара Баршчэўскага і лічачы яго аднадумцам, мусім адзначыць, што ён на сённяшні дзень не ўзяў на сябе функцыю «за мной, хто герой, і ідзе наперад і трымае сцяг», таму мы не можам больш чакаць… Мы спадзяемся, што спадар Баршчэўскі, якога лёс Бацькаўшчыны вельмі цікавіць і хвалюе, далучыцца да актыўнай працы. Зараз ён, відаць, думае, у якой форме будзе гэта рабіць».

Віктар Івашкевіч таксама выказаў спадзяванне, што і ў самой Партыі БНФ, нягледзячы на няпростую ўнутрыпартыйную сітуацыю, становішча стабілізуецца, і справа не дойдзе да партыйных чыстак з прычыны поглядавых разыходжанняў.

Каментаваць