"Вясна" адчыняе дзверы

Першага красавіка, зусім не жартуючы, у Мінску незарэгістраваны праваабарончы цэнтр "Вясна" адчыніў дзверы для журналістаў. Дакладней — прэзентаваў новы офіс. Стары офіс быў сканфіскаваны па рашэнні суду.



Фота: svaboda.org


З канца лістапада арганізацыя працавала "па хатах", а яе грамадская прыёмная знаходзілася ў офісе Руху "За свабоду". Зараз праваабаронцы займелі новы офіс.

У новым офісе адбываецца адчуванне "дэжа вю". Гэта таксама кватэра ў цэнтры Мінска, у такім жа будынку, у якім быў і стары офіс. Планіроўка кватэры — тая ж самая. Толькі больш якасны рамонт і новая мэбля. У калідорах яшчэ пахне фарбай.

Намеснік старшыні "Вясны" Валянцін Стэфановіч кажа, што праблема з памяшканнем была вырашана, як мяркуюць сябры арганізацыі, надоўга. "Гэтай кватэрай мы карыстаемся па даверанасці з высокімі паўнамоцтвамі. Само памяшканне належыць чалавеку, які не з'яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, таму на яго націснуць цяжка. Да таго ж, у Беларусі ён не пражывае, таму маем спадзеў, што мы тут надоўга. Паўнамоцтвы ў нас шырокія, амаль генеральнай давернасць: мы можам прадаць кватэру, заключыць дамову субарэнды альбо прапісаць тут тых, каму патрэбная мінская прапіска", — жартуе Стэфановіч.

Адразу ж ён заявіў: "Вясна" сваёй дзейнасці не спыняла і спыняць не збіраецца. "Мы пераследуем цалкам легітымныя мэты. Апошняя рэзалюцыя Савета па правах чалавека ААН у дачыненні да праваабаронцаў кажа пра тое, што ўлады не павінны перашкаджаць дзейнасці праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый. Прынамсі там гаворыцца, што "ніякі закон не мусіць крыміналізаваць або пазбаўляць легітымнасці дзейнасць у абарону правоў чалавека з прычыны паходжання фінансавання". Больш за тое, у рэзалюцыі вызначана, што дзяржава павінна ствараць умовы для дзейнасці праваабарончых арганізацый, у тым ліку ўмовы іх фінансавання, у тым ліку — фінансавання з-за мяжы", — адзначыў Стэфановіч.

"Паўза" ў дзейнасці "Вясны", якую стварылі ўлады, дарэчы, не толькі не перашкодзіла праваабаронцам, а наадварот — дазволіла сканцэнтраваць увагу на аналітычных праектах. Сёлета, у адрозненне ад 2011 года, праваабаронцы здолелі выпусціць у папяровым варыянце, у выглядзе кнігі, традыцыйны штогадовы агляд парушэнняў правоў чалавека за 2012 год. Больш таго, вясна нават зрабіла справаздачы па выніках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Беларусі. Гэты маніторынг ахоплівае перыяд часу ад прэзідэнцкіх выбараў 2010 года да сённяшніх дзён і падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з вопытным экспертам, юрыстам з вялікай адвакацкай практыкай Паўлам Сапелкам.

Як паведаміў сам Сапелка, такі маніторынг — гэта толькі пачатак даследавання сітуацыі ў беларускіх месцах зняволення. Усе пытанні, узнятыя ў ім зараз (катаванні зняволеных, парушэнне іх грамадзянскіх, эканамічных, палітычных і сацыяльных правоў) патрабуюць паглыбленага даследавання. Адзінае, што адзначыў Сапелка, гэта тое, што "праблемы беларускай пенітэнцыярнай сістэмы — гэта праблемы не кропкавыя, а сістэмныя". “Іх вырашэнне залежыць не толькі ад тых, хто выконвае пакаранне, не толькі ад тых, хто сочыць за гэтым выкананнем, але яны вынікаюць з самой сістэмы выканання пакаранняў у Беларусі. Таму гэтыя праблемы можна вырашыць толькі ўносячы змены ў дзейснае заканадаўства", — лічыць Сапелка.

Што тычыцца дзейнасці праваабарончага офісу і арганізацыі ў цэлым, то тут, зазначыў Стэфановіч, усё будзе не толькі без зменаў, але і будзе пашырацца. "Па-першае, зараз мы працуем над альтэрнатыўным універсальным перыядычным аглядам. Працэдуру якога павінна ў 2014–2015 годзе прайсці Беларусь. Па-другое, мы рыхтуемся да назірання на мячсцовых выбарах, якія пройдуць у будучым годзе. Як бы хто не казаў, што мясцовыя выбары не маюць сэнсу і нецікавыя нікому, выбарчыя правы — гэта адзін з нашых прыярытэтаў, і мы павінны адсочваць змены ў заканалдаўстве і практыцы правядзення выбараў", — сказаў Стэфановіч. Зразумела, гэтае ж тычыцца і прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.

Праваабаронцы працягнуць і адукацыйную дзейнасць. У гэтым годзе сумесна з сеткай Дамоў правоў чалавека пройдуць традыцыйныя Школы праў чалавека. Дарэчы, як паведаміла Таццяна Рэвяка, яны карыстаюцца высокай папулярнасцю: конкурс на ўдзел у іх дасягае васьмі чалавек на месца. Зразумела, будуць працягнутыя міжнародныя кантакты, інфармацыйныя кампаніі.

Але галоўным клопатам для праваабаронцаў застаецца ўсё ж адно пытанне: пытанне вызвалення і рэабілітацыі палітычных зняволеных. Асабліва, пытанне рэабілітацыі.

Як сказаў Стэфановіч, у апошнія месяцы еўрапейскія структуры і МЗС Беларусі вядуць перамовы па нармалізацыі адносінаў. На першым плане, канешне ж, вызваленне палітвязняў. Падзякаваўшы Еўропе за тое, што ў гэтым пытанні яна займае прынцыповую пазіцыю, Стэфановіч адзначыў, што дагэтуль не вырашана пытанне, як быць з тымі, хто ў літаральным сэнсе слова, за кратамі не знаходзіцца. "Гэта тыя сорак чалавек, якія былі асуджаныя за Плошчу–2010 на ўмоўныя тэрміны альбо з адтэрміноўкай прысуду, альбо на іншае пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Гэта былыя кандыдаты ў прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, Уладзімір Някляеў, журналістка Ірына Халіп і іншыя. Усе яны знаходзяцца ва ўмовах абмежавання волі, ва ўмовах нагляду, крымінальныя справы ў дачыненні іх не знятыя. Улады трымаюць іх "на кароткім ланцужку", і ў любы момант могуць іх пазбавіць волі за невыкананне ўмоваў адбыцця пакарання, як гэта ўжо было з Васілем Парфянковым", — адзначыў Стэфановіч.

Ну і, канешне, актуальным застаецца вызваленне з-за кратаў лідара арганізацыі, Алеся Бяляцкага.

Дарэчы, апошняга ягоныя калегі зноў вылучылі на месца віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. Праваабаронцы спадзяюцца, што на чарговым з'ездзе МФЧП Бяляцкі застанецца на гэтай пасадзе, нягледзячы на тое, што знаходзіцца ў зняволенні.

Карацей, планаў у арганізацыі шмат. Праваабаронцы толькі спадзяюцца, што ім дадуць працаваць. "Увосень гэтага года споўніцца 10 год, як "Вясна" пазбаўленая афіцыйнай рэгістрацыі. Артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, не прымяняецца з 2008 года. Тым не менш, "Вясна" працуе, і будзе працаваць надалей", — зазначыў Стэфановіч.

Абмеркаванне:

  • Nika
  • 2013-04-02 03:31:25
"Вясна" прыйшла! Ура!

Каментаваць