Выбары ўжо на носе?

Выбары ў парламент яшчэ не абвешчаныя, але некаторыя раяць да іх рыхтавацца. І рыхтавацца тэрмінова. Бо не выключана, што выбары пройдуць значна раней, чым чакалася. «Таямніцу следства» ў сераду раскрыла расійская газета «Коммерсант».

Паводле расійскіх крыніц, улады Беларусі маюць намер правесці парламенцкія выбары ў красавіку наступнага года. Паводле «Коммерсанта», плануючы правесці датэрміновыя выбары, Аляксандр Лукашэнка разлічвае пазбегнуць ціску Захаду, які патрабуе ад яго дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства.



Выбары ў парламент яшчэ не абвешчаныя, але некаторыя раяць да іх рыхтавацца. І рыхтавацца тэрмінова. Бо не выключана, што выбары пройдуць значна раней, чым чакалася. «Таямніцу следства» ў сераду раскрыла расійская газета «Коммерсант».

Паводле расійскіх крыніц, улады Беларусі маюць намер правесці парламенцкія выбары ў красавіку наступнага года. Паводле «Коммерсанта», плануючы правесці датэрміновыя выбары, Аляксандр Лукашэнка разлічвае пазбегнуць ціску Захаду, які патрабуе ад яго дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства.

Як паведаміла газеце крыніца, блізкая да кіраўніцтва беларускага парламента, улады рыхтуюцца да правядзення будучых парламенцкіх выбараў у красавіку наступнага года, хаця з самага пачатку меркавалася, што яны пройдуць восенню. Паводле звестак крыніцы, рашэнне аб пераносе выбараў звязанае са спробай Мінска ліквідаваць адзін з раздражняльнікаў у яго адносінах з Захадам. Патрабаванне ўнесці змяненні ў заканадаўства Беларусі, якія пазбавілі б уладу магчымасці фальсіфікаваць выбарчы працэс, застаецца каменем спатыкнення ў дыялогу Беларусі з ЕС.

Газета зазначае, што для Беларусі карэкціроўка даты выбараў ужо стала звыклай практыкай. Так, у 2006 годзе ўлады правялі прэзідэнцкія выбары на чатыры месяцы раней за тэрмін — у сакавіку замест ліпеня. Тады афіцыйныя структуры тлумачылі сваё рашэнне імкненнем зрабіць так, каб выбарчая кампанія не перашкодзіла ўборцы ўраджаю. Праўда, беларуская апазіцыя сцвярджала, што ўлады проста не далі ёй правесці паўнавартасную выбарчую кампанію. На апошніх прэзідэнцкіх выбарах адбылося тое ж самае — замест сакавіка 2011 года яны прайшлі ў снежні 2010 года.

Пакуль што афіцыйныя асобы гэтую інфармацыю абвяргаюць. Пытанне аб пераносе даты парламенцкіх выбараў на больш ранні тэрмін не абмяркоўвалася ні ў парламенце, ні ў Цэнтрвыбаркаме. Як паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, пытанне аб пераносе даты выбараў у парламенце не абмяркоўвалася і ніякіх ініцыятыў адносна гэтага парламентарыям не паступала. Сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік заявіў, што ў ЦВК Беларусі такіх ініцыятыў таксама не ўносілася.

«Выбары ў Беларусі прызначае прэзідэнт. Яны павінны прайсці ў тэрміны, вызначаныя Канстытуцыяй. 18 кастрычніка маючая адбыцца выбарчая кампанія абмяркоўвалася на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіяй Ярмошынай. Там было вызначана, што выбары ў парламент пройдуць прыкладна ў сярэдзіне верасня 2012 года, не пазней за 26 верасня. Больш ніякіх установак мы ні ад прэзідэнта, ні ад парламента не атрымлівалі», — заявіў Лазавік.

Аднак гэтыя заявы выклікаюць хутчэй заклапочанасць, чым спакой. Народу ўжо столькі разоў абяцалі шмат усялякага рознага, што афіцыйным крыніцам папросту няма даверу. Значна больш даверу «агенцтву АБС» (адна бабка сказала). І калі «Коммерсант» піша пра беларускія выбары, то, значыць, у яго нейкая інфармацыя пра гэта ёсць. Тым больш, што «Коммерсант», — газета сур’ёзная, гэта не нейкі малавядомы інтэрнэт-партал.

Палітыкі пакуль што вагаюцца наконт удзелу ў парламенцкіх выбарах.

«Рэжым хоча, каб апазіцыя пайшла ў «выбарчую кампанію» ў час, калі палітвязні сядзяць у турмах. Гэта прынцыповы момант для ўлады. Пакуль ёсць хоць адзін палітвязень — асабіста я ні ў якіх «выбарах» не ўдзель­нічаю, ні ў якіх іншых палітычных акцыях, акрамя акцый па вызваленні палітвязняў», — заявіў лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў.

«Для АГП не з’яўляецца актуальным пытанне «Калі праводзіць?» — заявіў лідар Аб’яднанай грама­дзянскай партыі Анатоль Лябедзька. — Дня нас важна разуменне таго, што гэта будзе — выбары ці чарговая кампанія без правілаў. Мы гатовыя да выбараў, і калі гэта будуць выбары па стандартах АБСЕ — мы гатовыя хоць заўтра выставіць сваіх кандыдатаў на 70% выбарчых акругаў. І гэта будуць тыя людзі, якія здольныя выходзіць у другі тур і выйграваць. Калі гэта будзе кампанія без правілаў, то наш адказ адназначны — няма сэнсу быць дэкарацыяй у гэтым спектаклі».

То бок, пакуль апазіцыя вагаецца, на якіх умовах яна будзе ўдзельні­чаць у выбарах. Хаця некаторыя сваю выбарчую кампанію ўжо пачынаюць. І зусім не ў тым рэчышчы, пра якое кажуць улады і апазіцыянеры.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Дзмітрый Ус працягвае дабівацца змянення выбарчага заканадаўства. Палітык фарміруе ініцыятыўную групу, якая зоймецца зборам подпісаў для змянення трох артыкулаў Выбарчага кодэкса.

Як паведаміў Ус, стварэнне групы пачалося ў канцы кастрычніка. На сёння ў ёй ужо каля тысячы чалавек. «Мы разлічваем, што да студзеня, калі пройдзе сход ініцыятыўнай групы, у яе складзе будзе ўжо да 5 тысяч чалавек», — сказаў палітык.

У выпадку афіцыйнай рэгістрацыі членам групы на працягу месяца трэба будзе сабраць 50 тысяч подпісаў, каб законапраект аб унясенні змяненняў у Выбарчы кодэкс разгледзеў парламент.

«Наша галоўная мэта — змяніць выбарчую сістэму Беларусі, зрабіць так, каб улік галасоў грамадзян і падпісанне выніковых пратаколаў сталі празрыстымі», — падкрэсліў экс-кандыдат у прэзідэнты.

Паводле яго слоў, размова ідзе пра змяненне артыкулаў 34, 35 і 72 Выбарчага кодэкса. Неабходна, каб кандыдаты мелі права накіроўваць ва ўчастковыя камісіі сваіх прадстаўнікоў, спіс якіх павінен быць пададзены за 15 дзён да галасавання. Прадстаўнікам кандыдата павінны выдавацца пасведчанні членаў выбаркамаў на працягу трох дзён.

Апрача таго, членам камісіі, якія прадстаўляюць кандыдатаў, павінна быць дадзена права ставіць свой подпіс на адваротным баку кожнага бюлетэня. Гэта, на думку Уса, дазволіць пазбегнуць незаконнага ўкідвання бюлетэняў у скрыні падчас датэрміновага галасавання і фальсіфікацый падчас падліку галасоў.

Палітык упэўнены, што яго ініцыятыўнай групе ўдасца сабраць не менш за мільён подпісаў. «Усе людзі цвярозага розуму ў Беларусі павінны падпісаць, каб у нас былі сумленныя і адкрытыя выбары», — падкрэсліў Ус.
 

Каментаваць