Віцебчука асудзілі на два гады за відэаролікі ў сацыяльнай сетцы

Віцебскі абласны суд прызнаў віцебчука Пятра Трублінскага вінаватым у распальванні нацыянальнай варожасці. За размяшчэнне ў сацсетцы «УКантакце» відэаролікаў нібыта экстрэмісцкага характару суддзя Людміла Ларына 13 верасня вынесла рашэнне пакараць яго двума гадамі зняволення з адтэрміноўкай на адзін год.
Пётр Трублінскі. Фота: https://vitebskspring.org

Пётр Трублінскі. Фота: https://vitebskspring.org


Калі на працягу гэтага тэрміну асуджаны здзейсніць якое-небудзь правапарушэнне, яму давядзецца адбываць рэальны тэрмін.

Акрамя гэтага, Пётр Трублінскі павінен выплаціць крымінальна-прававую кампенсацыю ў памеры 50 базавых велічынь (1125 рублёў) і 25,50 рублёў за паслугі адваката. Гэтыя грошы хлопец павінен, паводле рашэння суду, унесці цягам не больш як 6 месяцаў пасля набыцця прысудам законнай моцы.

Рэчавыя доказы з відэазапісамі па справе павінны быць знішчаныя.

На працягу 10 дзён рашэнне можа быць абскарджанае ў Вярхоўным судзе. Але, паводле словаў Пятра, ён, найхутчэй, не будзе абскарджваць рашэнне абласнога суду.

Слуханні па гэтай крымінальнай справе паводле артыкулу 130, частцы 1 Крымінальнага кодэксу супраць 28-гадовага супрацоўніка «Віцебскхлебпраму» распачаліся ў абласным судзе 3 верасня. Нагодай сталі відэаролікі з Гітлерам, якія Пётар спампаваў ва "УКантакце", захаваў у тэчку на сваёй старонцы ды пакінуў у вольным доступе.

На просьбу бока абвінавачання, каб папярэдзіць распаўсюд экстрэмісцкага матэрыялу, працэс быў зроблены закрытым.

Пётр Трублінскі раней быў ужо пакараны за гэтыя ролікі, але ў межах адміністрацыйнай справы. 20 ліпеня Першамайскі райсуд Віцебску паводле артыкулу 17.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць) прысудзіў яму штраф у памеры 15 базавых велічынь (367,5 рублёў). Штраф ён ужо выплаціў.

Адвакат параіў маладому чалавеку абскардзіць тое рашэнне суду Першамайскага раёну. Бо шанцы дамагчыся адмены штрафу ў 15 базавых велічынь высокія, паколькі рашэнне абласнога суду па крымінальнай справе ёсць больш суворым. Пётр адказаў, што будзе думаць, як дзейнічаць.

Уладзімір Бяляўскі, vitebskspring.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць