Віцебск — горад гістарычных кантрастаў

У горадзе на Заходняй Дзвіне на выходных адбываўся фэст экскурсаводаў. Гэта была добрая магчымасць распавесці пра ўласны досвед у справе папулярызацыі гісторыі Беларусі.



Архітэктура: савецкая і дарэвалюцыйная

У "паўночную сталіцу” Беларусі я прыехаў ужо ў другі раз. У мінулым годзе ў Віцебску мне давялося выступіць з лекцыяй па гісторыі ўдзелу беларусаў, грамадзян Другой Рэчы Паспалітай, у Вераснёўскай кампаніі 1939 года. І тады і цяпер мяне ўразіла пасляваенная архітэктура гэтага горада. Гэтым ён вельмі нагадвае Мінск. І сапраўды на большасці цэнтральных будынкаў вісяць ахоўныя дошкі, на якіх пазначана, што "камяніцы” былі пабудаваныя ў 1950-я гады. Аднак ёсць і іншы Віцебск. Дарэвалюцыйны. На вуліцы Пакороўскай можна ўбачыць шмат утульных цагляных домікаў пабудовы канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.

У пэўны момант злавіў сябе на думцы, што я не ў Віцебску, а ў родным Бабруйску. У горадзе на Бярэзіне да сённяшняга дня захавалася шмат старых дамоў так званай яўрэйскай бізнэс-пабудовы. Тое ж самае назіраецца і ў горадзе Марка Шагала.

Напрыклад, будынак былой махорачнай фабрыкі, якую заснавалі ў 1883 годзе. У пачатку XX стагоддзя прадпрыемствам валодаў віцебскі купец Арон Вольфовіч Калбаноўскі. Тады на фабрыцы працавала 75 чалавек. Да 1913 года калектыў прадпрыемства пашырыўся, што дазволіла выпускаць за год 80 тысяч пачак тытуню і махоркі. Пасля кастрычніцкага перавароту бальшавікі нацыяналізавалі фабрыку, а ў 1930-м яна атрымала назву «Віцебская махорачная фабрыка "Змычка””. У гады Другой Сусветнай прадпрыемства было ў эвакуацыі, а ў пачатку 1970-х гадоў яго аб'ядналі з Гродзенскай табачнай фабрыкай. Зараз будынак гэтага, некалі славутага прадпрыемства, а таксама разбураная сінагога і дом краўца нагадваюць пра мінулае, з'яўляюцца выдатнымі аб'ектамі для гарадскіх экскурсій.

Помнік Альгерду

У горадзе на Заходняй Дзвіне ўсё жыве гісторыяй і гэта выдатна. Як вядома, летам 2014 года ў Віцебску быў усталяваны помнік вялікаму князю літоўскаму Альгерду. Тут "паўночная сталіца” пераплюнула Мінск. І гэта адбылася ў горадзе дзе досыць моцныя ўплывы мае, так званая "расійская грамадскасць”, якая з'яўляецца заходнерускай "пятай калоннай” на Беларусі. "Не ўсё так проста”, — адзначыў у размове са мной экскурсавод Раман Воранаў.

"Цяжкасці былі. Нейкія актыўныя таварышы накіравалі ў Гарвыканкам ліст з гнеўным абурэннем на тое, што ў славянскім горадзе хочуць паставіць помнік "ворагу славянства”. Што, маўляў, гэта сапсуе выгляд Беларусі ў вачах расіян. І гэтае пасланне, калі я не памыляюся, падпісала некалькі дзесяткаў чалавек. Тады мы сабралі некалькі соцен подпісаў у падтрымку ўстанаўлення гэтага манумента. Як бы то ні было, але праўда перамагла і помнік нашаму славутаму князю з'явіўся”, — падкрэслівае Раман.

Тая ж "расійская грамадскасць” у свой час выступала за пабудову ў Віцебску помнікаў Аляксандру Неўскаму і княгіне Вользе. Аднак даследчыкі гісторыі горада адказалі апанентам, што гэтыя гістарычныя асобы не маюць прамога дачынення да гісторыі Віцебска. Што ж тычыцца гісторыі князя Альгерда, дык гэтай гістарычнай асобай беларусы павінны ганарыцца. У 1318 годзе Альгерд ажаніўся з дачкой віцебскага князя Марыяй. Такім чынам, шляхам дынастычнага шлюбу Віцебск і Віцебскае княства ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага.

Сучаснай заходнерускай "пятай калонне” вельмі не падабаецца, што дзейнасць князя Альгерда была накіравана на ўмацаванне і развіццё як ВКЛ у цэлым, так і горада на Заходняй Дзвіне ў прыватнасці. Дзякуючы намаганням князя хутка выгляд Віцебска змяніўся ў лепшы бок. Не любяць змагары за "рускі свет” узгадваць, што Альгерд вымушаны быў абараняць горад ад магчымай агрэсіі з Усходу. Так, "адзінакроўныя браты” з Масквы ўвесь час імкнуліся акупаваць тэрыторыі хрысціянскага Вялікага Княства Літоўскага. Дарэчы, Альгерд эфектыўна змагаўся супраць крыжакоў, а перамога ў бітве на Сініх Водах у 1362 (1363) годзе паклала пачатак вызваленню земляў Русі ад ардынскага панавання. Менавіта падчас праўлення гэтага князя ўсе беларускія землі апынуліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага.

Сённяшнюю сітуацыю ў беларускай "паўночнай сталіцы” можна назваць неадназначнай. З аднаго боку, пакуль стаяў і чакаў знаёмага ў цэнтры Віцебска, заўважыў тры машыны з беларускімі нумарамі, у салоне якіх віселі героргіеўскія стужкі. Можа іх павесілі несвядомыя грамадзяне, якія да сёння лічаць іх сімваламі 9 мая. А можа, якраз "свядомыя”. Тыя, хто марыць пра прыход «зялёных чалавечкаў” і анэксію беларускіх тэрыторый «рускім светам”. У віцебскіх газетных шапіках прадаюцца брашуры адэптаў заходнерусізму Андрэя Герашчанкі і Вячаслава Бандарэнкі. З другога боку, у цэнтры Віцебска стаіць помнік Альгерду, а на адным з будынкаў, побач з рэкламай «Славянскага базара”, вісіць герб Віцебскай вобласці на якім выява гістарычнага герба беларусаў — "Пагоні”. Вось такія метамарфозы.

Ну, і яшчэ адно віцебскае новаўвядзенне, якое не звязана з гісторыяй і палітыкай. Летам 2014 года ў горадзе, дзе нарадзіўся Марк Шагал, з'явіўся…”Макдональдс”. Раман Воранаў пазначае, што ў першыя месяцы, пасля адкрыцця рэстарана там былі такія чэргі, што на вуліцу выходзілі. "Нагадвала тое, што адбывалася ў Маскве і Мінску, калі там з'явіліся першыя "Макі””, — смяецца мой суразмоўца.

Living history як інструмент для адукацыі

Мой візіт у Віцебску праходзіў у рамках агульнабеларускай акцыі «Фэст экскурсаводаў”. У рамках мерапрыемства былі заплаваны две экскурсіі: "Задзвінская гісторыя” і "Віцебскае барока”, на першую з якіх я нават паспеў трапіць. А пазней адбылася і мая лекцыя, прысвечаная ўласнаму досведу ў справе папулярызацыі гісторыі Беларусі. Удзельнікаў імпрэзы асабліва цікавіў феномен "вайскова-гістарычнай рэканструкцыі” і як з яго дапамогай магчыма паўплываць на жаданне людзей ведаць сваю гісторыю. Насамрэч, "living history”, ці "ажыўшая гісторыя” вельмі папулярная з'ява ў ва ўсім свеце. У Расіі і Польшчы штогод праводзяцца сотні рэканструктарскіх фэстаў, якія з задавальненнем наведваюць тысячы жыхароў і гасцей краін. У канцы 2013 года расійскае Федэральнае агенцтва па турызме прыняло рашэнне прасоўваць ваенна-гістарычны турызм. Гістарычныя рэканструкцыі - асноўная яго складаючая. Тады была выказана думка, што на іх аснове трэба ствараць якасны турпрадукт.

Тады ж на Расійскае Вайскова-гістарычнае таварыства ўсклалі функцыю кансультавання Растурызму ў пытанні распрацоўкі маршрутаў і выдзялення сродкаў. У Беларусі рэканструкцыю як сферу турызму ніхто на дзяржаўным узроўні не разглядае. Ёсць ГКК "Лінія Сталіна”, але ён даўно ператварыўся ў аб'ект для правядзення аднатыпных фэстаў па аднаму і таму ж сцэнару і з аднымі і тымі ж удзельнікамі. Да таго ж сучасная тэхніка псуе агульны від гістарычнага аб'екта. Праводзіцца шэраг малых мерпрыемстваў, напрыклад фестываль па Першай Сусветнай «Скокі” у Брэсцкай вобласці. Аднак усё гэта з большага трымаецца на прыватнай ініцыятыве і амаль без удзелу дзяржавы.

У Польшчы праводзяцца буйныя рэканструкцыі па розных эпохах, і перш за ўсё па Першай і Другой Сусветным войнам і там дзяржава (ад узроўня міністэрстваў, да гарадскога кіраўніцтва) актыўна імкнецца дапамагчы і садзейнічаць арганізацыі такіх мерапрыемтсваў. А калі грошай не хапае, то, прынамсі, не перашкаджае іх правядзенню. Як вынік — выдатная лекцыя па гісторыі і для мясцовых і для гасцей.

Беларусам застаецца на ўласную ініцыятыву прасоваць вайскова-гістарычныя рэканструкцыі і фэсты, а таксама развіваць экскурсіі з анімацыямі. У гэтым сэснсе актыўную пазіцыю займае Група вайскова-гістарычнай рэканструкцыі "Беларусы ў Войску Польскім”, адным з паспяховых вынікаў дзейнасці якой з'яўляецца экскурсія-рэканструкцыя "Па былой "рыжскай мяжы” пад Заслаўем”.

На лекцыі была прадстаўлена кніга "Заходнебеларуская Атлантыда 1921 — 1939 гг.”, а таксама адбылася цікавая дыскусія па розных пытаннях, звязаных з праблемай папулярызацыі гісторыі Беларусі ў сучасных, няпростых умовах. Пры ўсіх цяжкасцях, якія сёння існуюць у згаданай сферы, галоўнай задачай гісторыкаў, культуролагаў, журналістаў, краязнаўцаў і ўсіх неабыякавых да нашай мінуўшчыны людзей ёсць актыўнае распаўсюджванне гістарычных ведаў сярод усіх прадстаўнікоў беларускага грамадства.

Абмеркаванне:

  • Гардон
  • 2015-04-20 19:28:47
Wydatna! Wicebsk - cikawaje mesca. I dobra, shto tam jesc belaruskija patryjoty. Wazhna, kab jany sachyli za hetaj ruskaj heuraj i ne dawali im halawu padniac.
  • Аляксей Хадыка
  • 2015-04-30 22:44:26
Мельнікаў з БРСМаўскім сцягам на лацкане? Мальчык для мяне памёр. Шкада, што публікуецца ў прыстойнай газеце Новы Час. А так - паганай мятлой пад сраку.
  • Дэвид.
  • 2016-09-18 16:50:38
Прекрасая статья! . Спасибо! Не обращайте внимание на зту никчемность. Аляксея Хадыку паганай мятлой пад сраку. Вон з Беларусі, у след за бацькай у ЗША! Чёрная зависть это у вас семейное, как и продажность.
  • Аляксей Хадыка
  • 2015-04-30 22:50:28
Пэдзік.

Каментаваць