Віцебскі абласны суд адхіліў скаргу Леаніда Аўтухова

Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ хацеў абскардзіць рашэнне суду Кастрычніцкага раёну: 25 сакавіка суддзя Іна Грабоўская пакарала яго пяццю суткамі арышту за быццам бы парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах — за тое, што Леанід Аўтухоў разам з аднапартыйцам Кастусём Смолікавым раздавалі ў гандлёвым цэнтры "Эвіком"  бюлетэнь “Магістрат”, прысвечаны Дню Волі.



Леанід Аўтухоў


Скаргу  спадара Аўтухова разглядяла суддзя абласнога суду Ірына Смалякова. Леанід Аўтухоў хадайнічаў, каб разгляд адбываўся на беларускай мове. Аднак суддзя Смалякова гэтае хадайніцтва адхіліла. Як і пазнейшае хадайніцтва пра адвод суду, з якім выступіў актывіст.

Тлумачэнні  пра акалічнасці затрымання 23 сакавіка, калі супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС склалі на актывістаў пратаколы за  парушэнне заканадаўства  аб масавых акцыях на падставе факту распаўсюду бюлетэня, суддзю Ірыну Смалякову не пераканалі. Не адрэагавала яна і на факты парушэнняў з боку суддзі Кастрычніцкага райсуду Іны Грабоўскай, якая прысудзіла  абодвум затрыманым партыйцам па пяць сутак арышту. Хаця ў скарзе Леанід Аўтухоў падрабязна выклаў, што суддзя Грабоўская  неаднарозава ігнаравалі нормы Працэсуальна-выканаўчага Кодэксу РБ аб адміністратыўных правапарушэннях: не разгледзела скаргу на парушэнне кіраўніцтвам Кастрычніцкага РАУС нормы аб разглядзе справы не пазней як праз 48 гадзін пасля затрымання; пазбавіла права падачы скаргі старшыні суду на ўласныя неправамоцныя дзеянні, парушыла права Кастуся Смолікава мець абаронцу ў судзе і гэтак далей. Як і спадарыня Грабоўская, суддзя Ірына Смалякова пакінула па-за сваёй увагай той факт, што ніякай акцыі актывісты не праводзілі, і ўвогуле, раздаючы бюлетэні 23 сакавіка, яшчэ нічога не ведалі пра тое, ці дазволена ім праводзіць мітынг у Дзень Волі, ці не. Бо адказу на сваю заяўку Леанід Аўтухоў да таго часу так і не атрымаў.

Калі прысутны на пасяджанні Кастусь Смолікаў заявіў:  “Гэта чыноўнікі найперш парушылі закон!”,  то суддзя Смалякова  выдаліла яго з залі. А пасля абвясціла, што рашэнне суду першай інстанцыі пакідае без зменаў.
 

Каментаваць