VII з’езд БАЖ абраў новае кіраўніцтва арганізацыі

22 мая ў Мінску адбыўся VII справаздачна-выбарчы з’езд ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў, у працы якога ўзялі ўдзел 80 дэлегатаў з амаль усіх рэгіёнаў краіны. Форум абраў новыя кіроўныя органы арганізацыі і прыняў шэраг дакументаў і зваротаў.



22 мая ў Мінску адбыўся VII справаздачна-выбарчы з’езд ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў, у працы якога ўзялі ўдзел 80 дэлегатаў з амаль усіх рэгіёнаў краіны. Форум абраў новыя кіроўныя органы арганізацыі і прыняў шэраг дакументаў і зваротаў.

На з’езд прыбылі 81 з 84 абраных дэлегатаў з усёй Беларусі. На самым пачатку дэлегаты і госці ўшанавалі памяць сябраў БАЖ, якія пайшлі з жыцця ад часу мінулага з’езда, — Святланы Багачовай, Дзмітрыя Балахонава, Алега Белавусава, Уладзіміра Вербавікова, Мікалая Капчонава, Ганны Ляшкевіч, Віталя Мурылёва, Феафана Раманоўскага, Ірыны Сакаловай, Яўгена Цумарава, Юрыя Шырокага.

Са справаздачным дакладам выступіла старшыня БАЖ Жанна Літвіна, якая адзначыла, што ўмовы працы незалежных журналістаў у Беларусі працягваюць заставацца вельмі складанымі, але і ў гэтых няпростых варунках арганізацыя выжыла, а колькасць яе сябраў павялічылася да 1157 чалавек. “На жаль, апошнія тры гады прынеслі шмат выпрабаванняў. Але незалежная прэса засталася грамадскім інстытутам, была крыніцай непадцэнзурнай інфармацыі, — адзначыла ў сваім дакладзе кіраўнік БАЖ.

Жанна Літвіна вызначыла тры адметнасці перыяду, які мінуў пасля апошняга з’езда, — гэта змены ў заканадаўстве і практыка прымянення новых нарматыўных актаў, змена палітыкі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі, скіраваная на далучэнне нашай краіны да еўрапейскіх працэсаў, а таксама сусветны эканамічны крызіс і пагаршэнне сітуацыі ў беларускай эканоміцы.

Дарэчы, па словах Літвіной, і ў Еўропе сёння журналісты, асабліва тыя, хто працуе ў друкаваных выданнях, б’юць трывогу: рэклама сыходзіць у інтэрнэт, і працадаўцы вымушаныя скарачаць наклады і звальняць супрацоўнікаў газет. Беларусь, адзначыла Жанна Літвіна, гэта тэндэнцыя пакуль што мала закранула, і сёння галоўнай праблемай для “папяровых медыя з’яўляецца адсутнасць канкурэнцыі, як вынік палітыкі дзяржавы ў галіне свабоды слова і СМІ.

Вядомы тэлежурналіст і рэжысёр Леанід Міндлін падкрэсліў, што ў сённяшніх варунках БАЖ застаецца унікальным грамадскім аб’яднаннем, якому ўдалося не толькі захавацца, але і развівацца, ладзіць новыя праекты, конкурсы, хаця менавіта арганізацыя незалежных журналістаў выклікае найбольшае, хоць і прыхаванае, непрыняцце з боку ўладаў.

Пасля абмеркавання справаздачнага дакладу адбыліся выбары новых кіроўных органаў БАЖ. Старшынёй арганізацыі дэлегаты аднагалосна абралі Жанну Літвіну. Яе намеснікамі, ужо на альтэрнатыўнай аснове, былі абраны Андрэй Бастунец, Аліна Суравец, Аляксандр Старыкевіч і Андрэй Аляксандраў, які змяніў на гэтай пасадзе Таццяну Мельнічук — яна ўзяла самаадвод з прычыны вялікай занятасці не толькі ў журналісцкай працы, але і ў выкладчыцкай (Таццяна выкладае журналістыку ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце). Дэлегаты таксама абралі Праўленне і Раду БАЖ, а таксама Кантрольна-рэвізійную камісію і Камісію па этыцы.


Падчас працы з’езда дэлегаты прынялі шэраг дакументаў, сярод якіх — Зварот да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі (у ім удзельнікі форума заклікалі парламентароў адхіліць запланаваныя прапановы па ўстанаўленні адміністратыўнай адказнасці за выпуск, распаўсюд і захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама ўнесці змены ў закон “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму або даць яму тлумачэнне для недвухсэнсоўнага вызначэння дзейнасці, якая трапляе пад вызначэнне “экстрэмісцкая дзейнасць, з улікам рэкамендацыяў БДІПЧ АБСЕ).

Яшчэ адзін зварот адрасаваны прэм’ер-міністру Беларусі Сяргею Сідорскаму, да якога дэлегаты з’езда звярнуліся ў сувязі з эканамічнай дыскрымінацыяй недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў, якая асабліва выразна праяўляецца ў галіне іх распаўсюду.

Дэлегаты з’езда заклікалі Сідорскага вярнуць сітуацыю ў прававое поле, дамагчыся спынення прававой і эканамічнай дыскрымінацыі недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў і забяспечыць рэалізацыю канстытуцыйных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь на атрыманне і распаўсюд інфармацыі і выказванне свайго меркавання.

Падчас форума адбылася прэзентацыя кнігі “Інтэрв’ю, якіх не было — аўтабіяграфічных зацемак сарака беларускіх журналістаў, сабраных у адзіную кнігу сябрам БАЖ Аляксандрам Тамковічам. Кожны дэлегат з’езда атрымаў у падарунак асобнік новага зборніка, а таксама новы нумар “бажаўскага часопіса “АБАЖУР, які акурат у дзень правядзення форума выйшаў з друкарні.
 

Каментаваць