Выйсці на свабоду ў калоніі

Цяжка ўявіць, што, знаходзячыся ў турме, чалавек можа быць на свабодзе. Тым не менш, ужо трэці месяц палітвязень Мікіта Ліхавід не выходзіць на свабоду ў наваполацкай калоніі — не выходзіць з карцару, ці, як афіцыйна называецца гэтая турэмная камера — штрафнога ізалятара (ШІЗА).



Цяжка ўявіць, што, знаходзячыся ў турме, чалавек можа быць на свабодзе. Тым не менш, ужо трэці месяц палітвязень Мікіта Ліхавід не выходзіць на свабоду ў наваполацкай калоніі — не выходзіць з карцару, ці, як афіцыйна называецца гэтая турэмная камера — штрафнога ізалятара (ШІЗА).

І гэта сапраўдная шыза. Карцар забірае ў зэкаў усе тыя маленькія радасці, якія хоць неяк палягчаюць іх турэмнае жыццё: спатканні, тэлефонныя размовы, «шопінг» у турэмнай краме, атрыманне перадач, шпацыры на свежым паветры, ліставанне, гулянне ў настольныя забаўкі — спрадвечны ўлюбёны занятак вязняў! У штрафным ізалятары нават не выдаецца пасцельная бялізна!

Напэўна, прасцей пералічыць тое, што дазваляецца тым гаротным, хто праштрафіўся. Умовы ўтрымання вязняў у штрафным ізалятары, апісаныя ў «Крымінальна-выканаўчым кодэксе» выглядаюць зусім інакш, калі думаеш, што 20-гадовы танклявы Мікіта Ліхавід вымушаны ім падпарадкоўвацца дзень за днём, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам…

Вы ўяўляце, як гэта — праводзіць доўгія дні, якія немагчыма скараціць напісаннем лістоў ці гульнямі, на голых нарах, без магчымасці ўбачыць ці хаця б патэлефанаваць маці? Як гэта — месяцамі не выходзіць з цёмнай камеры і не бачыць сонца з небам? Як распавёў Мікіта адвакату, яны з таварышамі па камеры дасталі шкло з вакна карцара, каб атрымаць хоць глыток свежага паветра. Выглядае на змрочную фантазію, але гэта — рэальнасць на адлегласці пару соцень кіламетраў ад Мінска.

Мікіта Ліхавід трапляе пад жорсткія меры з-за таго, што публічна называе сябе «незаконна асуджаным» і адмаўляецца выконваць зарадку нароўні з іншымі вязнямі — проста стаіць на месцы. Адміністрацыя калоніі трактуе гэта як парушэнне правілаў адбыцця пакарання. Паводле словаў юнака, ён не можа паводзіць сябе інакш, бо гэта бу­дзе азначаць, што ён здаўся.

Аднак далей Ліхавіда можа чакаць заключэнне ў памяшканне камернага тыпа (накшталт СІЗА), адзіночную камеру ці новая крымінальная справа. У нашых сілах спыніць гэты нарастаючы ком гвалту — неабходна лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі даказаць хлопцу, што ён ужо праявіў сябе годным і мужным барацьбітам, што мы клапоцімся пра ягонае здароўе і жыццё, якое без перабольшання знаходзіцца пад пагрозаю.

Важна пісаць і кіраўніку наваполацкай калоніі сп. Сівоху, матывацыя якога зразумелая — не дапусціць бунту вязняў, якія могуць паследаваць прыкладу Мікіты. Але ж аналагічны бунт можа наступіць і зараз, калі зэкі бачаць несупынныя катаванні 20-гадовага хлопца. Сп. Сівоха, за ўсё, што адбываецца з Мікітам Ліхавідам, адказнасць ляжыць персанальна на вас — дык можа не так і важна, ці робіць ён практыванні зранку?

Адрас калоніі: 211440 Віцебская вобл., г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, папраўчая калонія № 10.

Каментаваць