Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Віктар Марціновіч: Не за тое збіраеце подпісы

Гісторыя з подпісамі, сабранымі пад петыцыяй за адстаўку міністра абароны пасля трагічных падзей у Пячах, мае застацца ў найноўшай гісторыі Беларусі з некалькіх прычынаў.

Гэта першы выпадак, калі прылады электроннай дэмакратыі выклікалі такую масіўную хвалю салідарнасці. Сітуацыя больш уражлівая за дзейнасць кампаніі “Анёл-ахоўнік”, якая самаарганізавалася, каб дапамагчы затрыманым пасля 19 снежня 2011-га (сайт “Анёла” на сёння зламаны з поўнай заменай кантэнту, пра саму ініцыятыву нагадваюць сія-тыя захаваныя сецівам сляды).

Колькасць подпісаў пад петыцыяй расла хутчэй, чым паказнікі электроннага галасавання за адмену Дэкрэта нумар тры. Пад апошнім за два гады падпісалася 63 тыс. чалавек, тут 8000 подпісаў пакінулі за першыя двое сутак. Агулам да блакавання пляцоўкі zvarot.by, паводле сцверджанняў ініцыятараў, было пададзена 11 000 подпісаў.

Байнэт памятае іншыя масавыя кампаніі з уражлівай статыстыкай, некаторыя за вялікі час акумулявалі па 170-130 тысяч аўтографаў (гл. няпоўны пералік тут). Але ні праз спробы энтузіястаў адстаяць Асмалоўку, ні праз кропкавыя пратэсты супраць асобных законаў ніхто change.org не клаў.

Не тое каб заява Міністэрства абароны, якое разгледзела ў хвалі абурэння “антывайсковую кампанію”, некага здзівіла. З часоў, калі МУС выпрацаваў звычку бачыць у любой спробе крытыкі міліцыі адразу “кампанію па дыскрэдытацыі” міліцыянтаў, рэагаваць на грамадскае меркаванне неадэкватна сталася добрай традыцыяй.

Што тут вялікая навіна, дык гэта канкрэтныя дзеянні, якія зрабіла Міністэрства абароны, каб заблакаваць нядобразычліўцаў. Яны — падкрэслю! — вельмі адметныя. Як zvarot.by блакавалі б раней, да наступлення Эпохі Палкага Кахання з Захадам? Пара хваляў DDos-атак, ініцыятараў — у пастарунак на 15 сутак за брудную лаянку, калі гэта не дапамагае — сайт уносіцца ў пералік забароненых у Беларусі за прапаганду экстрэмізму (экстрэмізм, калі ёсць жаданне зрабіць красіва, дадаецца за дзень да блакавання рукастымі адмыслоўцамі ў цывільным).

Што было зроблена гэтым разам? Па факце масавага паступлення электронных лістоў (першыя чатыры тысячы зваротаў дубляваліся на мэйл Міністэрства), Міністэрства абароны звяртаецца да міжнародных барацьбітоў са спамам SpamCop, а тыя — як гэта і абяцана на іх сайце — “determin the origin of unwanted email and reports it to the relevant Internet service providers”. Правайдар блакуе сайт са зваротамі на падставе масавай рассылкі спаму. Міністэрства абароны паралельна пачынае рассылку сваіх лістоў, якія патрабуюць пацвердзіць адасланыя звароты. Можна прагназаваць, што наступным крокам будзе агучванне колькасці рэальна атрыманых адказаў і дыягназавання фэйкавасці ініцыятывы (таксама маніпулятыўнае, бо хто сказаў, што гэтыя лісты не ідуць у spam folders паштовых кліентаў).

Выглядае на першы ў гісторыі Беларусі выпадак паўнавартаснай кібербойкі. Я б нават сказаў, гэта як кіберразгон кіберплошчы. І тут можна было б спыніцца, прагназуючы хуткі рост колькасці падпісантаў пад той самай петыцыяй, перанесенай ужо на іншую пляцоўку, але! Але ў мяне асабіста ёсць зазнака, якая не дазваляе цешыцца, гледзячы, як грамадская салідарнасць спаборнічае з кіберадмыслоўцамі  і нават мае ўсе шанцы перамагчы.

Тое, што адбылося ў Пячах, у тэорыі публічнай палітыкі мае назву focusing event. Гэта калі адзін выпадак адразу высвечвае ўсе хібы сістэмы, на якія тая хворая. Звычайна ўсе палітычныя актары чакаюць focusing event, каб згуляць сваю гульню і дабіцца зменаў, якія ім патрэбныя.

У петыцыі са zvarot.by тры патрабаванні: 1) адстаўка міністра абароны 2) публічная прававая ацэнка таго, што здарылася 3) усебаковае расследаванне.

Але пасля затрымання сяржантаў і прапаршчыка, адхілення ад працы пяці чалавек і звальнення з войска чатырох, а таксама афіцыйнага спачування, ужо выказанага маці Коржыча, ёсць адчуванне, што два з трох патрабаванняў петыцыі ўжо выконваюцца, расследаванне ідзе, прававая ацэнка будзе дадзеная.

Што да першага патрабавання, дык а ці дапаможа адстаўка выкараніць праблему? Ці пры цяперашнім міністры абароны з’явілася дзедаўшчына ў войску? І, калі яна існавала і да гэтага міністра, чаму вы вырашылі, што не будзе існаваць і пасля яго?

Мне падаецца, цяпер акно магчымасцяў марнуецца дарэмна. Казаць трэба не пра кадравыя перамены, а пра аздараўленне ўзброеных сілаў як такіх. Рэформаў трэба патрабаваць, шаноўныя сябры. Рэформаў, а не толькі адставак. Тыя, хто звяртаюцца да міністра абароны, патрабуючы, каб міністр абароны пайшоў з пасады, слаба ўяўляюць сабе дзейнасць дзяржаўнага апарату ў Беларусі. Яны думаюць, што топавы чыноўнік у нашай краіне можа сысці тады, калі яму захацелася. Яны не ведаюць пра людзей, якія дзесяцігоддзямі прасілі пра права сысці і не атрымалі гэтага права.

Я лічу, што Беларусі патрэбнае кампактнае кантрактнае войска.

У мяне за гэта ёсць тры аргументы.

Па-першае, Расія, маючы велізарнае і добра ўзброенае войска, вымушаная была звяртацца пры вырашэнні сапраўдных баявых задачаў ва Украіне і Сірыі да прыватных добра трэніраваных адмыслоўцаў колькасцю ў два батальёны. Не верыце — пачытайце пра феномен “ЧВК ВАГНЕРА”.

Па-другое, традыцыйнае прызыўнае войска савецкага кшталту зусім не дапамагло Украіне адбіцца ад рэальнай баявой пагрозы. Даваць адпор агрэсару давялося з дапамогай дабравольніцкіх атрадаў. Для байцоў якіх па першым часе не хапала нават ўніформы.

Па-трэцяе (і галоўнае), дзедаўшчына ў кантрактным войску немагчымая.

Што да контраргумента пра тое, што кантрактнае войска задорага, дык падлічыце, колькі каштуе наяўная сістэма ўсеагульнага прызыву, колькі моладзі штогод вымаецца з эканомікі, колькі сродкаў ідзе на пенсіі з 45 гадоў, на ільготнае жытло і г. д.

Грамадства мусіць кіравацца не крыўдай, а абачлівасцю.

Прага помсты мусіць саступіць захадам па прадухіленні трагедый у будучыні. На маю думку, гарантаваць гэта можа толькі рэформа войска.

 

Абмеркаванне:

  • тн
  • 2017-10-16 21:13:48
Очень верно!

Каментаваць