Віктару Шалкевічу — 55 гадоў

Сёння дзень народзінаў выдатнага беларускага барда Віктара Шалкевіча — 55 гадоў!



Віктар Шалкевіч нарадзіўся 9 лютага 1959 году ў Поразаве Гарадзенскай вобласці. Беларускі бард, актор, паэт і шоўмэн вырас на памежжы беларускай, жыдоўскай і польскай культураў.

Скончыў школу ў Поразаве, затым Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут у Мінску (у 1980 годзе). Працаваў у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры (1980—1987), выкладчыкам у Гарадзенскай культасьветвучэльні (1987—1990). З 1990 году працуе ў тэатры лялек у Горадні і Купалаўскім тэатры ў Мінску.


 «За частыя сустрэчы з дзецьмі і папулярызацыю сярод іх ведаў аб тэатры» быў узнагароджаны міжнародным Ордэнам усмешкі, кавалерамі якога з'яўляюцца Ян Павал II, Астрыд Ліндгрэн, Стывэн Спілберг і іншыя. Саркастычныя творы гарадзенца станоўча ўспрымаюцца сучаснікамі як прыклад класічнага гумару. Шалкевіч з'яўляецца лаўрэатам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў аўтарскай песні, у тым ліку «Басовішча-92», «Восень бардаў-93» (Польшча).

З канцэртамі выступае ў Беларусі, Літве, Нямеччыне, Польшчы, Расіі, Украіне, Францыі, Чэхіі.

Тэксты песень перакладзены на ангельскую, нямецкую, польскую,
украінскую і чэшскую мовы.

А павіншаваць барда з юбілеем можна:

15 лютага. 19:00 Палац культуры ім. Шарко (вул. Уральская, 3) — бард,

актор і гумарыст Віктар Шалкевіч з новымі і лепшымі песнямі да свайго

55-годдзя і да дня ўсіх закаханых!

Квіткі на канцэрт  Віктара Шалкевіча можна набыць: пераход Я.Коласа, каса к/з Мінск, каса ДК МТЗ

 

Каментаваць