Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Вілейка: выстава пра Курапаты, ушанаванне ахвяраў чырвонага тэрору і талака на габрэйскіх могілках

У Грамадскім цэнтры Вілейкі з 3 лістапада экспануецца дакументальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні».

На адкрыцці выставы

Выстава, падрыхтаваная грамадскай ініцыятывай “Эксперты ў абарону Курапатаў” разам з суполкай “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў пры падтрымцы шматлікіх структур грамадзянскай супольнасці краіны.

Жыхары Вілейшчыны пазнаёміліся з дакументальнай і мастацкай часткамі экспазіцыі, у якую, між іншым, увайшлі творы Уладзімера Анішчанкі, Лявона Грышука, Генадзя Драздова, Аляксея Марачкіна, Генадзя Мацура і Віктара Мікіты.

Выступае Генадзь Драздоў


У адкрыцці выставы прынялі ўдзел дэмакратычныя актывісты Вілейшчыны, прадстаўнікі моладзі і мясцовай інтэлігенцыі, у тым ліку Дзяніс Канецкі, Уладзімер Малярчук, Эдуард Мацюшонак, Павал Хаванскі і Зміцер Хаценчык.

Слова трымае айцец Ігар (Дражын) – святар праваслаўнага прыходу Усіх беларускіх святых з вёскі Любань, што на Вілейшчыне


Напярэдадні 100-годдзя Кастрычніцкага перавароту яны разам з гасцямі з Мінску ўшанавалі памяць ахвяраў чырвонага тэрору на Вілейшчыне.

Спачатку ва ўрочышчы Красны Беражок у двух кіламетрах на паўднёвы захад ад Вялейкі былі ўскладзены кветкі і запалены знічкі ля крыжу, усталяванага ў 2009 годзе мясцовымі актывістамі на месцы расстрэлу 28 кастрычніка 1950 году арганізатара і кіраўніка антыкамуністычнага моладзевага падполля на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне Расціслава Лапіцкага — ахвярнага 22-хгадовага юнака, які адмовіўся ад прапановы прасіць памілаванне. 

Аляксей Сюдак распавядае пра забойства Расціслава Лапіцкага ва ўрочышчы Красны Беражок

 

Затым была ўшанаваная памяць больш за 190 мужчын і жанчын, забітых у мясцовым астрозе НКУС  у 1939-1941 гадах і перапахаваных на Лясныя могілкі гораду ў 1995 годзе.

На гэтым месцы каля астрогу ў 1994 годзе былі знойдзеныя парэшткі ахвяраў чырвонага тэрору ў Вялейцы


Трэба ўзгадаць, што першымі вязнямі Вілейскага астрогу былі ўдзельнікі нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць расейскага самаўладдзя 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Затым у вязніцы сядзелі матросы з мяцежнага браненосца “Пацёмкін”, выбітны дзеяч нацыянальнага Адраджэння Сымон Рак-Міхайлоўскі, заходнебеларускі паэт Валянцін Таўлай і сусветна вядомы навукоўца Барыс Кіт.

Будынак былога Вілейскай турмы, дзе зараз месціцца анкалагічны дыспансэр


А раніцай 23 чэрвеня 1941 году — на другі дзень германа-савецкай вайны, спачатку забіўшы тых арыштантаў, каго нельга было эвакуяваць, ад варот Вілейскай турмы ў дарогу смерці на Барысаў нкусаўцы павялі вялізную калону вязняў. За 12 сутак шляху да Разані калона зменшылася на 142 чалавекі. Сярод тых, чые сляды згубіліся ў эвакуацыі, былі адзін з кіраўнікоў Беларускай Народнай Рэспублікі Антон Луцкевіч і першы рэдактар “Нашай Нівы” Аляксандр Уласаў. 

Ушанаванне забітых вязняў Вілейскай турмы на Лясных могілках горада


Апроч таго, мы наведалі старадаўнія Вілейскія габрэйскія могілкі, дзе ляжыць не адно пакаленне мясцовых іудзеяў, якія 600 гадоў па-сяброўску жылі разам з беларусамі да той пары, пакуль выжыўшых у Халакосце ад немінучай дэпартацыі ў сталінскі ГУЛАГ выратавала смерць тырана 5 сакавіка 1953-га…

Так выглядаюць старадаўнія Вілейскія габрэйскія могілкі


7 лістапада гарадскія актывісты правялі талаку па ўпарадкаванню мясцовых габрэйскіх могілак. 

Напрыканцы хацеў бы выказаць шчырую ўдзячнасць усім тым, хто цёпла прыняў нас і нашу выставу ў Вілейцы, у першую чаргу краязнаўцу і грамадска-палітычнаму дзеячу Аляксею Сюдаку і яго маці – таленавітай паэтцы Надзеі Далёкай.

Вандроўкі выставы па краіне і за яе межамі будуць працягвацца. 


Фота аўтара     

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-11-08 14:07:02
Гэты рэпартаж перадрукаваны са спасылкай на "НЧ" - на мове арыгіналу і ў перакладзе на рускую: http://belisrael.info/?p=13189

Каментаваць