«Віна за сённяшні стан беларускай мовы ляжыць перадусім на патрыётах беларускай мовы»

Гэты пост пад назвай «Зрабіць Беларусь Беларуссю» з'явіўся сёння на фб Змітра Дашкевіча. Мы палічылі, што ён варты таго, каб яго пачыталі не толькі карыстальнікі сацсеткі і з дазволу аўтару публікуем яго на нашым сайце.

Мара Дашкевіч


«Дзень роднай мовы — добрая нагода паразмаўляць пра тое, хто вінаваты і што рабіць? Я прыхільнік таго, каб мы рэчы называлі сваімі імёнамі. Прыемна гэта ці не, паліткарэтна ці радыкальна, але так ёсьць: сучасная беларуская дзяржава дваццаць тры гады здзяйсьняе этнацыд беларускага народу. Адно тое, што ў Беларусі па-беларуску вычыцца 0,3% студэнтаў ВНУ — адно гэта прысуд кіраўніцтву краіны.

Прыклады этнацыду беларусаў “беларускай” жа дзяржавай можна прыводзіць бясконца. Чаму ніводны дакумент у дзяржустанове не дублюецца па-беларуску? Чаму ніводны чыноўнік не размаўляе са мной па-беларску, калі я да яго на мове зьвяртаюся? Чаму бацькі вымушаны ваяваць за беларускамоўныя садочкі? Чаму 10-мільённы беларускі народ ня мае ніводнай беларускамоўнай ВНУ? А вы чыталі сьведчаньні пра беларускамоўных дзяцей, сабраныя Вадзімам Пракопчыкам і Аляксандрай Баярынай? Як назваць такую палітыку? Давайце прызнаемся, гэта этнацыд.

Але, з іншага боку, пра што мы размаўляем? Ці не пра дзяржапарат, які з 94-га будуецца на нянавісьці да беларушчыны? Ці не пра тых, хто ў 95-ым драў сьцяг і нішчыў мову? Ці ня глупа гэта, пра беларускую мову спытваць з ненавісьнікаў беларускай мовы? Дык а з каго спытваць? — рэзонна запярэчыць чытач. А я вам скажу сваю версію. “Каму шмат дадзена, з таго шмат спытана будзе”, — гаварыў Хрыстос.

Перакананьне, да якога я йшоў гадамі, прагучыць для кагосьці жорстка, але я ў гэтым пэўны: віна за сёньняшні стан беларускай мовы ляжыць перадусім на патрыётах беларускай мовы. Сітуацыя, калі прыхільнік мовы мову любіць, але на ёй не размаўляе — гэта невытлумачальна, бо як можна любіць свайго дзіцёнка і даць яму камень замест хлеба? Сітуацыя, калі беларускамоўны чалавек беларускамоўны толькі ў публічнай прасторы (офісе, імпрэзе, з журналістамі і гд) — гэта невытлумачальна, бо разумны чалавек паводзіць сябе непасьлядоўна. Я назіраю ці не штодня, як беларускамоўны ў краме кажа “дайце пажалуста”, дастаўшчыку піцы – “спасіба бальшое”, любому майстру — “ізьвініце, памагіце”. Калі этнацыд беларусаў ворагамі Беларусі хоць неяк можна патлумачыць, як патлумачыць гэта?

Зразумейце мяне правільна, я нікога не хачу абвінаваціць: я ведаю, што такое раптам і паўсюль перайсьці на мову — я сам у 20 год праходзіў ломку сваіх савецкіх комплексаў. Сядзіш ты такі ў маршрутцы і кажаш “астанавіце пажалуста”, а потым выходзіш — і аж нешта баліць унутры, так млосна ад двудушша. У нейкі момант я зразумеў: кожнае маё “пажалуйста” і “спасіба” на крок набліжае да прадказанай ЮНЭСКА сьмерці беларускай мовы.

Тады я вырашыў пайсьці супраць патоку. І як радасна, калі цягам гэтай хады заўсёды яшчэ нехта разварочваецца і праходзіць пару крокаў з табою: у лазьні палова парыльшчыкаў імкнецца ўставіць пару словаў па-беларуску, калі я з моўнымі каментамі паддаю пары; на прамзоне незнаёмыя людзі кажуць “Жыве Беларусь!” і “як прыемна”, калі чуюць мову ад простых хлопцаў з піларамы(с). Бо мова мяняе сьвядомасьць, а потым мяняе рэальнасьць.

Дык гаманіце на мове заўсёды, з усімі і пасюль, і вы адразу ўбачыце, як мяняецца рэчаіснасьць вакол вас — гэта Беларусь становіцца Беларусьсю».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • З-пад Менску
  • 2018-02-21 16:50:51
Справа не ва ўніверсытэтах, а ў садках і школах. У ВНУ кожны можа вучыцца па-беларуску і ніхто яму не забароніць гэтага.
  • З Крэсаў Усходніх
  • 2018-02-22 17:41:45
Ды вышто? Прама так - кожны? Не чула я .каб ліцейку.сапрамат і астатнія тэхнічныя ці эканаміныя дысцыпліны выкладчыкі проста без "ля-ля" згаджалися чытаць па-беларуску.А патрабаваць - сабе ствараць праблемы рэальныя.Сутыкаліся.Ведаем. не сорамна ВНУ ад гэтага.І чыноўнікам не сорамна парушаць Закон аб дзяржслужбе,дзе напісана,што яны АБАВЯЗАНЫ ведаць дзяржаўныя мовы РБ.Не звольнілі за гэта ніводнага чалавека.Лічу сябе патрыётам.Размаўляю па- беларуску.У сына - рэдкае беларускае імя.Але мне трэба было расціць сына тут.У Беларусі,бо другая палова з-за сваіх пазіцый адносна ўлады ,маючы 2 вышэйшыя адукацыі, была без працы. Браць на працу НІХТО не рызыкаваў. Сыну сёння ўжо 23 гады.Дык мне трэба было яго расціць ці змагацца, а цёткі чужыя павінны выхоўваць майго сына і выдаткаваць на яго. Мы абодва, муж і жонка - познія дзеці ў сваіх бацькоў.То й нянек не маем. За гэтыя гады перахавалі ўсіх родзічаў сталага веку. Карацей, штосьці тут не так.....З абвінавачваннем патрыётаў...
  • Олег (Київщина)
  • 2018-02-22 22:40:42
Патріоти мови лише тоді зможуть її врятувати, коли будуть при владі.
  • ВР
  • 2018-02-21 17:49:11
Найперш не варта кідацца словамі тыпу "этнацыд". Не маю вялікіх сімпатый да сучаснай РБ, але казаць, што яна 23 гады вядзе масавае знішчэнне беларусаў - жорсткае перебольшванне.
"Чаму ніводны дакумент у дзяржустанове не дублюецца па-беларуску?" Так ужо і "ніводны"! Трэба настойваць, і будуць пераклады. Асабіста я дабіваўся перакладаў судовых рашэнняў у 2001-2004 гг., а цяпер дзяржслужбоўцы яшчэ больш баяцца скаргаў.
"Чаму ніводны чыноўнік не размаўляе са мной па-беларску, калі я да яго на мове зьвяртаюся?" Няўжо аўтару так не шанцавала? Са мной дык не раз размаўлялі, асабліва ў міністэрстве культуры. Пісьмовыя ж адказы з дзяржустаноў атрымліваў апошнім часам амаль заўсёды па-беларуску.
  • Олег (Київщина)
  • 2018-02-22 22:38:02
==Са мной дык не раз размаўлялі, асабліва ў міністэрстве культуры.==
)))
Якщо українці вижили після 1932-33, то й Голодомору "не було". Якщо євреїв не винищили, то й Голокосту "не було". Якщо в міністерстві культури можна почути білоруську мову, то і етноциду "нема".
  • ВР
  • 2018-02-23 12:37:18
Не толькі ў міністэрстве культуры РБ, а і ў міністэрствах замежных спраў, інфармацыі і г. д. Беларускамоўных чыноўнікаў няшмат, але не ўсё адразу...
Вашыя прыклады мала стасуюцца з нашай сітуацыяй, аднак, калі на тое, яны якраз і даказваюць, што свабода важнейшая за мову. Ва Украіне 1932-1933 гг. бальшыня жыхароў гаварыла па-украінску, і ў гета ды канцлагерах яўрэям не забаранялі размаўляць на іхніх мовах. Гэта ахвярам не дапамагло. З іншага боку, ірландская ў Ірландыі зараз - мова меншасці, універсітэты там збольшага англамоўныя. І нічога, ніхто ўсур'ёз не разважае пра "этнацыд".
  • Михайло
  • 2018-02-22 03:50:21
Як не захищатиме свою мову сьогодні - завтра вже матиме захищати свою землю... Масква зі своїми "братніми" кайданками - поряд.

Каментаваць