Віншаванні з Днём Волі з няволі

"Прашу Вас прыняць мае шчырыя віншаванні з Днём Волі! Таксама як і падзяку за тое, што робіце ўсё залежнае ад вас, каб наблізіць час, калі гэтае свята станецца агульным для нашага народу", — напісаў у лісце з глыбоцкай калоніі наш пастаянны чытач Ігар Златагурскі.



"Шкада, што з пэўных акалічнасцях вашае выданне не мае той аўдыторыі, якую заслугоўвае. Бо чалавек думаючы мае адшукаць у ім карысныя ўзоры таго, як належыць дзеяць, каб змяніць сваё жыццё. — піша Ігар. — Прыкладам, той артыкул, дзе распавядаецца пра львоўскі "Аўтаномны апор": былыя футбольныя фанаты здолелі выгадаваць з сябе праўдзівых патрыётаў сваёй краіны.

Прызнаюся, зайздрошчу вось гэтаму разуменню значнай рэшты ўкраінцаў, што змены грамадскія пачынаюцца са зменаў у свядомасці асобнага чалавека. Разуменню, якога бракуе нам, беларусам. Мы ўсё чакаем, калі падымецца люд, а яны... "сабралася нас дзесяць чалавек, вырашылі, што плацім складкі, выпрацоўваем план, што робім..." Ці "...першапачаткова гэта была тусоўка на 10 бабулек і 5 пенсіянераў..."

І якія залатыя словы: "...мы дапамагаем толькі тым, хто сам хоча сабе дапамагчы і штосьці зрабіць"... А мы... зусім па-беларуску ўсё чакаем, што нехта за нас нейкім цудам давядзе да ладу наша жыццё...

Яшчэ раз ад сэрца дзякую, што адгукнуліся на просьбу і дапамаглі і надалей  атрымліваць газету.

З павагаю і зычаннем усім Вам усяго самага найлепшага,

Ігар Златагурскі

Каментаваць