Выратававаць жыццё палітвязняў

Палітзняволеным экс-кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву і лідару зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога фронта Змітру Дашкевічу пагражае смяротная небяспека. Не лепшая сітуацыя і з палітвязнем Міколам Статкевічам. Пра гэта 28 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявілі жонка Саннікава журналістка Ірына Халіп і праваабаронца Алена Танкачова. 



Палітзняволеным экс-кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву і лідару зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога фронта Змітру Дашкевічу пагражае смяротная небяспека. Не лепшая сітуацыя і з палітвязнем Міколам Статкевічам. Пра гэта 28 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявілі жонка Саннікава журналістка Ірына Халіп і праваабаронца Алена Танкачова. 

“Я магу сказаць абсалютна дакладна, што жыццю майго мужа пагражае небяспека. Такая ж небяспека пагражае жыццю Змітра Дашкевіча. Адвакат Андрэя, якая наведала яго ў СІЗА горада Магілёва, перадала яго пасланне: ратуйце Дашкевіча любымі шляхамі, хоць да напісання прашэння аб яго памілаванні ўсім беларускім народам! Інакш ён не выжыве, паведаміла Ірына.  

Па словах жонкі Саннікава, яшчэ 20 верасня ніхто не ведаў пра перавод яе мужа ў іншае месца. Адміністрацыя Наваполацкай калоніі, дзе знаходзіўся Саннікаў, была скрайне здзіўлена, атрымаўшы нейкую дэпешу, што яго трэба адпраўляць на этап. Папярэдне, адзначае журналістка, яе мужу паведамілі, што, магчыма, яго вязуць у Бабруйскую калонію.

“Мы з адвакатамі тэлефанавалі ў Бабруйск, і нам сказалі, што этап прыбудзе ў чацвер. У пятніцу, калі адвакаты ўжо збіраліся ехаць у Бабруйск, ім паведамілі, што этап быў, але Саннікава там не было, ён прыбудзе ў суботу, распавядае Ірына. – У панядзелак высветлілася, што ў суботу ён таксама не прыбыў. Толькі пасля гэтага, у той жа панядзелак, я накіравалася ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Беларусі, дзе мне сказалі, што ён знаходзіцца ў Магілёўскім СІЗА. Са слоў Андрэя, 20 верасня этапам яго адвезлі ў Віцебскае СІЗА. Падчас вобшуку чалавеку, які займаўся асабістым даглядам Саннікава, некалькі разоў нехта тэлефанаваў на мабільнік, і Андрэй выпадкова праз слухаўку некалькі разоў чуў сваё прозвішча. Затым яго завялі ў камеру, дзе ўжо знаходзіліся трое, адзін з іх быў Зміцер Дашкевіч, якога, як высветлілася, прывезлі ў той жа дзень. Два іншых зняволеных – Сяргей Давыдовіч і Андрэй Грыгор’еў – паводзілі сябе вельмі дзіўна. Давыдовіч, у прыватнасці, некалькі разоў сыходзіў з камеры, потым вяртаўся, чаго з “транзітнікамі не бывае ўвогуле. Ён казаў, што яму робяць планавыя ўколы, але гэта малаверагодна. Затым той жа самы Давыдовіч пачаў казаць Дашкевічу, што недзе краем вуха чуў, што ў Дашкевіча будуць вялікія праблемы ў Глыбокім, куды яго пераводзяць, што, хутчэй за ўсё, яго заб’юць. Дашкевіч заявіў, што ўспрымае гэта як правакацыю, і папрасіў перавесці яго ў іншую камеру… Па словах Саннікава, Дашкевіч знаходзіцца ў страшэнным стане, вельмі схуднелы, у яго не было ежы, бо ён быў пазбаўлены перадач і ўсяго іншага ў Горацкай калоніі… Потым Саннікава пачалі рыхтаваць да этапу, разам з ім адправілі сукамерніка па Віцебскай турме Грыгор’ева. У Магілёўскім СІЗА Андрэя прывялі ў камеру, дзе былі два зняволеных, што знаходзяцца на строгім рэжыме – Андрэй Барысаў і Руслан Гайс. Яны самі былі здзіўлены, што строгі рэжым перамешваецца з узмоцненым, на які быў асуджаны Саннікаў. Потым у камеру завялі таго ж Грыгор’ева, які сказаў, што падчас этапу да яго падыходзілі двое ў цывільным і папярэджвалі, што варта быць вельмі асцярожным, знаходзячыся ў адным памяшканні з Саннікавым, паколькі супраць Саннікава будуць сур’ёзныя правакацыі, і, хутчэй за ўсё, яго заб’юць альбо сур’ёзна скалечаць, і гэта адбудзецца альбо ў Магілёве, альбо на этапе ў Бабруйск. Барысаў і  Гайс успрынялі гэтыя словы як кіраванне да дзеяння і пачалі казаць: да, Андрэй Алегавіч, да Бабруйска вы не заедзеце, мы вас, канешне, забіваць не збіраемся, але правакацыі могуць быць розныя… А яшчэ вас могуць пасадзіць у камеру з людзьмі з нізкім сацыяльным статусам, а гэта зусім ужо кепска. Андрэй двое сутак не спаў, бо апасаўся нападу падчас сну. Ён запісаўся на прыём да адміністрацыі СІЗА Магілёва, але гэта не атрымала ніякага дзеяння. Яму адмовілі ў сустрэчы з адвакатам, у дапамозе з боку медыка. Толькі пасля майго наведвання Дэпартамента выканання пакаранняў стала вядома, што Саннікаў знаходзіцца ў СІЗА Магілёва, да яго выехала адвакат, яна напісала заяву аб пагрозе яго жыццю і здароўю, і Андрэя тут жа перавялі ў іншую камеру – у адзіночку. То бок, такім чынам і кіраўніцтва турмы, і ДВП пацвердзілі, што такая пагроза сапраўды існуе.

Як падкрэсліла Ірына Халіп, гледзячы па таму, што Дашкевіча і Саннікава роўна ў адзін дзень вырвалі з іх калоній, абодвух адправілі ў Віцебск, была выбудавана нейкая шматхадоўка. “Я не выключаю, што якімсьці чынам у гэтай шматхадоўцы таксама ўдзельнічае і Мікалай Статкевіч, проста мы нічога пра яго не ведаем. Таму ўжо зараз трэба крычаць, лічыць жонка Андрэя Саннікава. Яна звярнулася да калег-журналістаў: “Я прашу вас, калегі, калі ёсць магчымасць, максімальна распаўсюджвайце гэтую інфармацыю, таму што галоснасць – гэта бяспека. Калі мы ўсе разам пачнем распаўсюджваць гэтую інфармацыю, пачнем нешта рабіць, магчыма, яны ўсё ж пабаяцца забіваць палітвязняў.

Праваабаронца Алена Танкачова адзначыла, што ўжо два тыдні няма ніякіх звестак ад экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча. “Мы разумеем, што нешта адбываецца ў дачыненні да гэтай групы людзей. Але мы не разумеем, што. Нам хацелася б верыць, што гэта нейкая апошняя спроба зламаць іх псіхалагічна, магчыма, у тым ліку і праз фізічны ціск. Мы канстатуем, што ўвазрос ціск, які выклікае нашу каласальную занепакоенасць, заявіла Танкачова. – Я звяртаюся да прадстаўнікоў дыпламатычных місій: мы чакаем ад вас дзеянняў, накіраваных на ўваход да Змітра Дашкевіча. Хаця б прадпрымайце дыпламатычныя захады і абвяшчайце пра гэта грамадскасці.   
 

Каментаваць