Высякаюць чарговы парк

У сталіцы пачалі высякаць парк 40-годдзя Кастрычніка, на яго месцы плануецца пабудаваць гатэль і забаўляльны комплекс “Пекін. Жыхары Мінска паўсталі ў абарону парка. Іх падтрымала Мінпрыроды.



У сталіцы пачалі высякаць парк 40-годдзя Кастрычніка, на яго месцы плануецца пабудаваць гатэль і забаўляльны комплекс “Пекін. Жыхары Мінска паўсталі ў абарону парка. Іх падтрымала Мінпрыроды.

На месцы парку 40-годдзя Кастрычніка ў цэнтры Мінска плануецца пабудаваць гатэль і забаўляльны комплекс “Пекін. Для гэтага парк вырашана высекчы амаль цалкам. “Пекінам будуць кіраваць кітайцы, і знаходзіцца ён будзе ў кітайскай уласнасці. Участак зямлі вылучаны інвестару бясплатна, для будаўніцтва “Пекіна прадастаўлены асаблівыя льготы, зацверджаныя ўказам Лукашэнкі. Гасцініца будуецца да чэмпіянату свету па хакеі 2014 года.

Напрыканцы мінулага года рабочыя “Зелянбуда паспелі ссекчы 15 дрэў парка 40-годдзя Кастрычніка. А ўсяго праект будаўніцтва гатэльнага комплексу “Пекін прадугледжвае знішчэнне больш як 300 дрэў і забудову каля 70% тэрыторыі парку.

Жыхары Мінска ад 27 снежня збіраюць подпісы за адмену будаўніцтва і дзяжураць у парку.

Нечакана Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі падтрымала пазіцыю мінчан — парк мусіць быць максімальна захаваны. Адпаведны ліст за подпісам кіраўніка Мінпрыроды Уладзіміра Цалко адпраўлены 10 студзеня на імя старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі.

Як паведаміла прэс-сакратар Мінпрыроды Алена Пенязь, у лісце зазначаецца, што праект дэталёвага планавання тэрыторыі ў межах вуліц Ульянаўская, Першамайская, Пуліхава, Смаленская і Леніна прадугледжваў стварэнне парку імя 40-годдзя Кастрычніка агульнай плошчай 7,6 гектара з дапушчальнай забудаванасцю да 40%.

У складзе гэтага плана схема забудовы не распрацоўвалася, не былі вызначаны аб’екты, плануемыя да размяшчэння ў праектаваных межах. Архітэктурны праект забудовы згаданай тэрыторыі на дзяржаўную экалагічную экспертызу не паступаў. Участак пад будаўніцтва новага гатэля выдзелены ўнутры парку, што не дазваляе захаваць яго нават часткова.

Алена Пенязь паведаміла, што раней па прапанове Мінпрыроды гарадскімі ўладамі былі прынятыя рашэнні аб адмене будаўніцтва рэстарана на тэрыторыі гэтага парку, а таксама аб недапушчэнні руху ў ім аўтатранспарту.

Для вырашэння гэтай і некаторых іншых праблем Мінпрыроды прапаноўвае Мінгарвыканкаму правесці нараду з удзелам зацікаўленых дзяржорганаў і арганізацый.

Апроч зялёнай зоны, жыхары прылеглых раёнаў ахоўваюць парк і як гістарычную каштоўнасць. Парк 40-годдзя Кастрычніка месціцца на памятным месцы, дзе да вайны быў гарадскі іпадром, а ў ліпені 1944 годзе прайшоў знакаміты Парад партызан. Гэты парад лічыцца найважнейшай падзеяй як у гісторыі беларускай партызанкі, так і ў гісторыі вызвалення Беларусі. На гэтым месцы каралі смерцю спачатку беларускіх падпольшчыкаў, а потым нямецкіх палонных.

Мясцовыя жыхары некалькі месяцаў спрабуюць абараніць парк, звяртаючыся ў розныя інстанцыі, у тым ліку і ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, да дэпутатаў, і ў мясцовыя адміністрацыі. 31 снежня яны накіравалі адкрыты зварот кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, пад якім сабралі 412 подпісаў, у тым ліку ветэранаў вайны.

Праз дарогу ад парку знаходзяцца недабудаваныя карпусы завода Кірава. Аднак кітайскі інвестар не хоча размяшчаць там свой гасцінічны комплекс.

Пакуль няма праектнай дакументацыі комплексу “Пекін. Для пачатку будаўніцтва яна не з’яўляецца неабходнай для інвестара ў адпаведнасці з Дэкрэтам №10. Аднак узнікаюць цалкам абгрунтаваныя сумневы ў тым, што на гэтым месцы будзе пабудаваны менавіта пяцізоркавы гатэль. Для пяцізоркавага гатэля неабходная адпаведная транспартна-камунікацыйная інфраструктура, якой няма ў гэтай мясцовасці і якую з-за ўмоваў складана спраектаваць і пабудаваць да 2014 года. Абавязковай умовай для сучаснага пяцізоркавага гатэля з’яўляецца панарама з акна. Калі кітайскі інвестар выводзіць вокны свайго аб’екта на прамысловую звалку, а не на стары парк, ці сапраўды ён плануе пабудаваць пяцізоркавы гатэль?

P.S. Шаноўныя чытачы, калі і ў вашым горадзе высякаюць паркі пад будоўлі, напішыце нам пра гэта!

Каментаваць