Высокія кабінеты

Напрыканцы сакавіка група грамадзян мела намер патрапіць на прыём да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея. Пра тое, што атрымалася з гэтай задумы, у рэдакцыю напісала Тамара Гулезава.



Напрыканцы сакавіка група грамадзян мела намер патрапіць на прыём да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея. Пра тое, што атрымалася з гэтай задумы, у рэдакцыю напісала Тамара Гулезава.

«Мы ў чарговы раз атрымалі доказ, што Макей — самы недаступны чыноўнік краіны, — гаворыць у сваім лісце Тамара Гулезава, адна з прадстаўніц групы грамадзян, якія патрабуюць судовага перагляду крымінальных ды гаспадарчых спраў, заведзеных на іх саміх ці родных. — Начальнікам галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў кожнаму з нас была накіраваная адпіска з адмовай у асабістым прыёме па папярэднім запісе. Ніводны заяўнік з прысутных не быў запрошаны да высокага саноўніка».

Аднак візіцёры вырашылі пачакаць і паглядзець, хто ж патрапіць на прыём да Уладзіміра Макея. Да канца працоўнага дня ніхто быццам бы не з’явіўся. Пазней стала вядома, што ў той дзень на прыём да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта змаглі патрапіць чатыры асобы, а правялі іх у будынак праз іншы пад’езд, таму Тамара Гулезава і яе «сябры па няшчасцю» не сутыкнуліся з гэтымі шчасліўчыкамі ва ўладных калідорах. «Мы даведаліся, што адзін з гэтых людзей прыйшоў у Адміністрацыю з такой праблемай: на танку каля Дома афіцэраў знікла таблічка з надпісам «За Радзіму, за Сталіна!». Прасіў Макея аднавіць гістарычную справядлівасць і вярнуць надпіс на месца. Гэтага чалавека прынялі па такой пустой справе, размаўлялі з ім паўгадзіны, а нам адмовіла ва аўдыенцыі!» — абураецца Тамара Гулезава.

«Некалькі гадоў мы ходзім па розных інстанцыях, патрабуем, каб нашы справы перагледзелі. Часам усё ж нехта дамагаецца свайго, і тады ці здымаюць абвінавачванні з незаконна асуджаных, ці знаходзяць насамрэч вінаватых у злачынстве. Генеральны пракурор хоць неяк нас прымае, хоць для выгляду, не выдзяляючы на гэта адмыслова часу. У Адміністрацыі прэзідэнта, як бачыце, нас ігнаруюць. Хаця апошні раз заяву на візіт да Макея падпісалі 67 чалавек, — расказвае жанчына пра метады працы чыноўнікаў. — Мы запісалі ў кнізе «Скаргаў і прапаноў» Адміністрацыі прэзідэнта свае прэтэнзіі. Аднак я моцна сумняваюся, што насамрэч будзе праведзеная нейкая праверка, і, як напісана ў дырэктыве кіраўніка Беларусі «Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата», вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці «ажно да вызвалення ад займаемай пасады». Увогуле, у нас стан работы з грамадзянамі фармальна лічыцца адным з асноўных крытэраў ацэнкі дзейнасці дзяржаўных органаў, ёсць асаблівы статус калектыўных зваротаў, але колькі не кажы народу «халва», саладзей ад гэтага не становіцца».

Каментаваць