Вызваленыя палітвязні сустрэліся з журналістамі

Андрэй Саннікаў, кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, выйшаў на волю ўвечары 14 красавіка. Раніцай 15 красавіка вязніцу пакінуў і давераная асоба Саннікава на тых выбарах Зміцер Бандарэнка. Суткі для цяпер ужо былых палітвязняў пайшлі на тое, каб убачыць родных і блізкіх і адказваць на незлічоныя тэлефанаванні. 17 красавіка Саннікаў і Бандарэнка сустрэліся з журналістамі.



Андрэй Саннікаў, кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, выйшаў на волю ўвечары 14 красавіка. Раніцай 15 красавіка вязніцу пакінуў і давераная асоба Саннікава на тых выбарах Зміцер Бандарэнка. Суткі для цяпер ужо былых палітвязняў пайшлі на тое, каб убачыць родных і блізкіх і адказваць на незлічоныя тэлефанаванні. 17 красавіка Саннікаў і Бандарэнка сустрэліся з журналістамі.

Стомленыя, але не скораныя. Менавіта такімі мы ўбачылі Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнку, калі яны ўвайшлі ў невялікі для такіх прэс-канферэнцый пакой у прафсаюзе РЭП, дзе, як кажуць, ужо і яблыку не было дзе ўпасці. Дарэчы, цікавасць да прэс-канферэнцыі экс-палітзняволеных праявілі не толькі незалежныя беларускія і замежныя СМІ, але і дзяржаўны тэлеканал АНТ. “Вы крыху лепшыя за БТ, але таксама агідна, калі вы паказваеце некаторыя рэчы, — сказаў Зміцер Бандарэнка, пачуўшы пытанне ад карэспандэнта згаданага СМІ.

Пачынаючы сустрэчу з журналістамі, прэс-сакратар кампаніі “Еўрапейская Беларусь Аляксандр Атрошчанкаў, сам нядаўні палітвязень, адзначыў, што вызваленне Саннікава і Бандарэнкі ёсць дасягненнем менавіта дэмакратычнай грамадскасці. “Гэта дасягненне праваабаронцаў, журналістаў, актывістаў дэмсілаў, палітыкаў, якія кожны дзень змагаліся за свабоду нашых сяброў, маіх калег. Калі шчыра, былі моманты, калі я ўжо не верыў, што змагу ўбачыць маіх сяброў жывымі. Але дзякуючы ўсім нам яны сёння тут, — падкрэсліў Алесь.

Па словах Змітра Бандарэнкі, умовы ягонага ўтрымання першыя два месяцы ў СІЗА КДБ былі даволі жорсткімі, але ў цэлым лягчэйшымі, параўнальна з Андрэем Саннікавым. Зміцер распавёў пра пагрозы згвалтавання і калецтва, пра тое, што ў следчым ізалятары КДБ яго спрабавалі завербаваць, але ён заявіў, што хутчэй скончыць жыццё самагубствам, але не пойдзе на гэта. “Беларусь сёння пакрытая сеткай канцлагераў і турмаў, і гэта дзікае відовішча для ХХІ стагоддзя. Там тысячы халодных і галодных людзей, і калі я быў у медчастцы, за гэты час памерлі дванаццаць чалавек, у тым ліку і тыя, з якімі ў мяне наладзіліся добрыя стасункі, — распавёў Зміцер Бандарэнка.

Андрэй Саннікаў адзначыў, што справы складваліся такім чынам, што гаворка ішла пра выжыванне, бо пагроза фізічнага знішчэння яго і астатніх палітвязняў была даволі рэальнай. Дарэчы, раніцай 17 красавіка Саннікава выклікалі ў міліцыю, дзе яго азнаёмілі з умовамі, у якіх ён будзе жыць наступныя восем (!) гадоў. “Судзімасць у мяне застанецца наступныя восем гадоў, — падкрэсліў палітык. — Гэта сведчыць пра тое, якога характару было гэтае памілаванне.

Што да сябе асабіста і сваёй будучыні, то Андрэй Саннікаў сказаў: “Я думаю, як жыць далей, таму што тое, што зрабілі з маім асабістым жыццём і жыццём маёй сям’і, — гэта проста жах. Неяк трэба паспрабаваць вярнуць жыццё, а потым разам з жонкай, сынам прымаць рашэнне.

Па словах удзельнікаў прэс-канферэнцыі, зараз самае галоўнае — дабіцца вызвалення астатніх палітвязняў — Міколы Статкевіча, Змітра Дашкевіча, Мікалая Аўтуховіча, Сяргея Каваленкі, Эдуарда Лобава, Паўла Севярынца, маладых анархістаў.

 
 

Каментаваць