Вячаслаў Кебіч: БНФ ставіў пытанне пра стварэнне Палескай рэспублікі

Былы прэм'ер-міністр Беларусі Вячаслаў Кебіч даў вялікае інтэрв'ю тэлеканалу БТ. Адна з тэмаў, узнятых падчас гутаркі, датычылася дзейнасці Беларускага народнага фронту на пачатку 1990-ых.



«Я ганаруся, што не даў разваліць дзяржаву нацыяналістам», — паўтарыў свае ранейшыя словы Кебіч, і ў пацверджанне думкі расказаў пра нібыта зробленыя спробы аддзяліць Палессе.
 
 
«Нацыяналізм у нас таксама ўзняў галаву. Давайце ўзгадаем, як Беларускі народны фронт у асобе некаторых кіраўнікоў ставіў пытанне пра аддзяленне Палесся. Я размаўляў са многімі палешукамі, якія казалі, што да якіх прыязджалі эмісары. Столькі размоваў пра гэта вялі, каб зрабіць Палескую рэспубліку», — цытуе Кебіча «Наша Ніва».
 
 
Можна было б падумаць, што гэта трызненне старога чалавека, бо БНФ выступаў і выступае за незалежную унітарную дзяржаву, якой і з'яўляецца Беларусь згодна з Канстытуцыяй. Увогуле, было б дзіўным, каб беларускія нацыяналісты імкнуліся да падзелу і драбнення Беларусі. 
 
 
Але, хутчэй за ўсё, Вячаслаў Францавіч згадвае рэальнае грамадска-культурнае згуртаванне «Полісься», створанае ў 1989 годзе, якое прэтэндавала на выражэнне інтарасэў насельніцтва Берасцейшчыны і Піншчыны, і ставіла за мэту аўтаномнае нацыянальна-культурнае будаўніцтва. Галоўным апалагетам і ініцыятарам стварэння Палескай аўтаноміі быў Мікола Шэляговіч, выкладчык беларускай мовы і літаратуры ў... Мінскай школе КДБ. Які даказваў існаванне асобнага палескага (яцвяжскага) этнасу.
 
 
Пэўны час Мінскае аддзяленне «Полісься» уваходзіла ў склад БНФ, але ў 1994 годзе яны далучыліся да прамаскоўскага Народнага Руху Беларусі. У хуткім часе выйшлі і адтуль —  у знак нязгоды з тым, што НРУ падтрымаў на выбарах кандыдатуру Кебіча, а не Лукашэнкі.
 
 
Супраць «яцвяжскага сепаратызму» актыўна выступалі лідэры  Таварыства Беларускай Мовы Ніл Гілевіч, Яўген Цумараў і Алег Трусаў. Былі падазрэнні, што «яцвягі» — палітычная інтрыга, умелая правакацыя КДБ супраць беларускага нацыяльнага руху.  

Абмеркаванне:

  • Чытач
  • 2015-05-24 20:46:16
"Былі падазрэнні, што «яцвягі» — палітычная інтрыга, умелая правакацыя КДБ супраць беларускага нацыяльнага руху." Гэта вельмі праўдападобна. КДБ ня спіць!
  • Макс
  • 2015-05-25 01:13:43
Верагодна.

Каментаваць