Вячаслаў Сіўчык: беларусы не страцілі патэнцыял змагання

Раніцай 15 верасня цягніком Кіеў–Мінск на Бацькаўшчыну вярнуўся старшыня аргкамітэту па стварэнні руху салідарнасці «Разам», адзін з лідараў вулічных акцый дэмакратычнай апазіцыі Вячаслаў Сіўчык, які цягам пяці гадоў знаходзіўся ў палітычнай эміграцыі.



На чыгуначным вакзале сталіцы Вячаслава Сіўчыка пад бел-чырвона-белымі сцягамі сустракалі ягоная жонка Ганна, сябры, паплечнікі і журналісты.

У інтэрв'ю карэспандэнту НЧ Вячаслаў Сіўчык падкрэсліў, што беларусы не страцілі патэнцыял змагання, пра што сведчыць супольны марш беларускіх і ўкраінскіх футбольных фанатаў 5 верасня ў Львове напярэдадні адборачнага матчу чэмпіянату Еўропы–2016, у якім гулялі каманды Беларусі і Украіны. Больш за тысячу заўзятараў, у тым ліку і беларускія добраахвотнікі ў Данбасе, прайшліся тады ад Манументу Славы да «Арэны–Львоў» пад расцяжкаю «Братэрства сумлення» з беларускай і ўкраінскай сімволікай. Удзельнікі маршу выкрыквалі патрыятычныя лозунгі, скандавалі крычалкі пра Уладзіміра Пуціна ды спявалі песню «Воіны святла», якая стала сімвалам Майдану.

«Я на свае вочы бачыў гэты марш, што перакрэслівае домыслы тых экспертаў, якія кажуць, што ў Беларусі нічога немагчыма. Нават колькасці тых беларусаў, якія ўдзельнічалі ў гэтым маршы, цалкам хапае для таго, каб на Бацькаўчыне адбыліся падзеі», — зазначыў палітык. На ягоную думку, змены адбудуцца ў Беларусі толькі тады, калі беларусы асэнсуюць, што іх большасць, і гэтая большасць будзе здольная выйсці на вуліцу. «Увесь мой досвед вулічнай барацьбы сведчыць, што недзе на 90 адсоткаў галоўную ролю у падзеях адыгрывае народ, а не палітычныя лідары, пра што мы ўсе неяк забыліся», — падкрэсліў палітык.       

У эміграцыі больш за ўсё Вячаслава Сіўчыка ўсхвалявалі чалавечыя страты — сыход у лепшы свет выбітных дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння, у першую чаргу Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна, а натхнялі — нязломнасць беларускіх палітвязняў за кратамі.

Палітык пажадаў беларусам не губляць веры ў мару пра вольную, незалежную і дэмакратычную Беларусь, а таксама рабіць усё мажлівае дзеля таго, каб здзейснілася мара беларусаў пра лепшую долю.

Ужо 17 верасня Вячаслаў Сіўчык мяркуе прыняць удзел у традыцыйнай вандроўцы руху салідарнасці «Разам» ў горад Бярозу Брэсцкай вобласці, дзе ў гады міжваеннай Польшчы знаходзіўся сумна вядомы канцлагер Бяроза-Картузская. Палітык расцэньвае чарговыя выбары кіраўніка дзяржавы як здзек з нацыі, і разам за сваімі паплечнікамі будзе патрабаваць, каб беларусы мелі права выбіраць уладу. Спадар Вячаслаў нічога не збіраецца мяняць у сваім лёсе, не збіраецца недзе адседжвацца, а будзе жыць так, як жыў амаль чвэрць стагоддзя, калі стаў сябрам сойму Беларускага Народнага Фронту. «Я бачу ўсе тыя выклікі, што ёсць перад Беларуссю, цудоўна разумею, што тут адбываецца, і буду, наколькі магчыма, спрабаваць мінімізаваць усе тыя кепскія наступствы, што будуць гэтай восенню», — сказаў Вячаслаў Сіўчык.

Каментаваць