Вячаслаў Сіўчык: галоўнае сёння — захаваць незалежнасць Беларусі

Галоўнае сёння — супрацьстаяць імперскай атаке з боку Расіі, пратрымаць гэтую восень і захаваць незалежнасць Бацькаўшчыны. Пра гэта вечарам 29 верасня ў Курапатах на традыцыйным штомесячным ўшанаванні памяці ахвяраў сталінізму заявіў старшыня аргкамітэту па стварэнні руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык.



Знічкі і кветкі ў памяць аб ахвярах сталінізму


На ягоную думку, у сённяшняй сітуацыі беларусы могуць абапірацца толькі самі на сябе. “У нас, на жаль, няма сур’ёзных саюзнікаў у замежжы і не трэба прыдумляць сабе, што яны быццам бы ёсць. Але калі любы чалавек змагаецца за сваю свабоду, яго заўсёды падтрымліваюць іншыя людзі. А калі любая нацыя змагаецца за сваю волю, яе ўсё роўна падтрымаюць іншыя нацыі. Самае галоўнае — не маўчаць, не змірыцца, не здацца”, — падкрэсліў палітык.  

“Апірышча беларусаў — нашыя сучаснікі і продкі, што стагоддзямі жылі на гэтай зямлі і мужна абаранялі яе волю і незалежнасць”, — сказаў Вячаслаў Сіўчык.

Удзельнікі ўшанавання ў Курапатах

Сярод удзельнікаў ушанавання былі выбітныя айчынныя мастакі, ветэраны апошняй хвалі беларускага нацыянальнага адраджэння Аляксей Марачкін і Алесь Шатэрнік, а таксама мінчанка Марыя Каржанеўская. Яна прыйшла ў Курапаты таму, што рабочыя і сяляне — яе продкі па мячы і па кудзелі — таксама сталі ахвярамі сталінізму. Гэта — расстраляны ў Барысаве (Мінская вобласць) Станіслаў Каржанеўскі, а таксама забітыя ў Мінску, мажліва ў Курапатах, Міхал Бабіцкі і Аляксандр Міхневіч.

Каментаваць