Вячаславу Сіўчыку — пяцьдзясят

Сваё 50-годдзе ён сустракае не ў Беларусі сярод родных і сяброў, а на Украіне сярод палітуцекачоў. Яго жонка Ганна не мае магчымасці выправіцца на юбілей Вячаслава, бо працуе ў Мінску на дзвюх работах, каб матэрыяльна падтрымаць мужа і сыноў-студэнтаў. Вось чаму ад ўсёй сям’і бацьку ў Кіеве наведае і павіншуе толькі малодшы сын Вітаўт.



У найноўшую гісторыю Беларусі Сіўчык увайшоў як першы (разам з Юрасём Хадыкам) беларускі постсавецкі палітвязень, пасіянарны і самаахвярны натхняльнік і лідар вулічных акцый, у тым ліку Плошчы–2006. Гэтая акцыя стала  з’явай і гонарам беларусаў, бо ў ёй паядналіся годнасць, мужнасць і салідарнасць нацыі. Сваёй магутнай энергетыкай Плошча і сёння працягвае сілкаваць змагарную волю беларусаў да свабоды і незалежнасці.

Здароўе ў Вячаслава падарванае, бо ён зведаў шматлікія правакацыі, затрыманні, збіццё, катаванне, інсцэніраванне расстрэлу, траўмы, страсенне мазгоў, галадоўкі, шпіталі, рэанімацыю, суды, зняволенні і уцёкі з-пад варты, але не падарваная яго вера ў мажлівасць нацыі зрабіць сваю родную старонку прыстойным, утульным і заможным беларускім домам…     

Вячаслаў Сіўчык нарадзіўся у Мінску 18 снежня 1962 года ў сям’і навукоўцаў. Скончыў сталічную школу № 50 з матэматычным ухілам і геаграфічны факультэт БДУ. Працаваў геолагам у Грузіі і Беларусі, вывучаў праблемы экалогіі і наступствы Чарнобылю ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 1989 па 2003 гады быў сябрам Беларускага Народнага Фронту, займаў у ім розныя кіруючыя пасады.

Вядомы, як заяўнік і арганізатар шэрагу вулічных акцый дэмакратычнай апазіцыі, у тым ліку Дня волі і Чарнобыльскага шляху, як ініцыятар стварэння розных грамадскіх арганізацый, у тым ліку “Маладога Фронту, Руху салідарнасці “Рахам (абедзве зарэгістраваныя ў Чэхіі) і мемарыяльнай секцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. У знак пратэсту супраць крымінальнай справы ў адносінах БНФ вясною 1996 года правёў трохтыднёвую галадоўку да моманту свайго вызвалення, якое адбылося пад уціскам міжнароднай супольнасці і вулічных пратэстаў у Мінску. Быў арганізатарам перакрыцця сталічнага праспекту імя Францішка Скарыны ў 1998 і 1999 гадах, калі Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісвалі пагадненні пра стварэнне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

У 2001–2002 гадах палітык браў удзел у абароне Курапатаў. На Дзень волі-2004, пратэстуючы супраць забароны масавага святкавання, Сіўчык разам з трыма іншымі актывістамі апазіцыі прыкуў сябе ланцугамі да слупоў на Кастрычніцкай плошчы Мінска. У лістападзе 2004 года пад час украінскай Памаранчавай рэвалюцыі кіраваў суполкай з 200 беларускіх актывістаў на кіеўскім Майдане.

У сакавіку 2006 года пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі Вячаслаў стаў адным з арганізатараў намётавага мястэчка пратэсту на Кастрычніцкай плошчы беларускай сталіцы і быў адзіным прадстаўніком пакалення “старой апазіцыі, які правёў усе дні і ночы разам з пратэстуючай моладдзю. Арганізоўваў ушанаванне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Беларусі і герояў беларускага нацыянальнага супраціву таталітарным рэжымам усталяваннем памятных крыжоў.

Пасля падзей 19 снежня 2010 года на сталічнай Плошчы Незалежнасці Сіўчык пакінуў Беларусь. На Украіне ён стварыў Беларускі цэнтр для правядзення акцый салідарнасці з беларускімі палітвязнямі і аказання дапамогі палітычным уцекачам з Беларусі. Сярод палітыкаў Вячаслаў найбольш шануе прэзідэнта Францыі Шарля дэ Голя і дзеячоў Беларускай Народнай Рэспублікі, а сярод пісьменнікаў — класікаў беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і Ларысу Геніюш.

Пра палітыка і грамадскага дзеяча распавядае ягоная маці Галіна Васільеўна Сіўчык:

— Я нарадзілася 19 снежня 1941 году падчас вайны, калі маці знаходзілася ва эвакуацыі ў Казахстане, а тата быў на фронце  і выжыў, хоць мы і атрымалі на яго пахавальную. У 1944 годзе бацькі вярнуліся ў Беларусь да родных каранёў, бо маці з Пінску, а тата з-пад Барысава.

Слава быў першым і самым любімым унукам сваіх бабці Любы і дзеда Васіля, бо мы з мужам (студэнтка выпускнога курсу фізічнага факультэта БДУ і малады спецыяліст) жылі разам з маімі бацькамі. У нашым доме заўсёды шанаваліся кнігі, у першую чаргу творы класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Маўра, Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава, і сын з гадоў чатырох навучыўся чытаць і пісаць, а з шасці год прызвычаіўся спачатку да шахмат, дзякуючы высілкам дзеда Васіля, а пазней — да футболу. Дарэчы, з маім бацькам ў Славы былі вельмі цёплыя і прыязныя адносіны, паколькі хлопчыка цікавілі баявыя прыгоды дзеда Васіля, каторы любіў пагутарыць з сваім унукам не толькі пра вайну…

Я, як і ўсе прадстаўнікі пакалення 1940-х, прайшла цяжкі шлях да Беларусі, аднак з пачатку 1980-х стала свядомай беларускай і стварыла ў школе, дзе вучыліся мае дзеці, беларускі культурна-асветніцкі клуб "Спадчына". Так што сын фарміраваўся ў інтэлігентным асяродку, дзе шанаваліся нацыянальныя і дэмакратычныя традыцыі, дзе паважалася любое меркаванне, спрэчкі і дыскусіі былі нормай і паўсядзённым сродкам пошуку шляхоў да ісціны, дзе да іншадумства і любога друкаванага слова былі крытычныя, але не варожыя, а цярпімыя адносіны.

Калі мой старэйшы брат з’ехаў на працу і сталае жыццё на грузінскі курорт Піцунду і да яго пераехалі мае бацькі, мы сталі наязджаць да іх кожнае лета, а Слава нават жыў цэлы год на ўзбярэжжы Чорнага мора. Ён палюбіў горы і мора, навучыўся плаваць і з вялікім імпэтам даваў нырца ў вялізныя і грымучыя хвалі прыбою…Памятаю, як аднойчы мы адпраўлялі яго аднаго самалётам з Мінска, а паколькі квіткоў на рэйс ужо не было, пілоты без грошай забралі хлопчыка ў сваю кабіну і потым ён з захапленнем распавядаў пра прыгажосць чароўнага нябеснага краявіду…

Дарэчы, ён рос рамантыкам, што разам з нашай сямейнай традыцыяй па бацькоўскай лініі ўрэшце і вырашыла прафесійны выбар сына. Яму было гадоў сем, калі Славу ўпершыню пабіў грузінскі хлопчык за тое, што сын беларус. І тады ён пачаў разумець, што людзі розняцца па сваёй этнічнай прыналежнасці. У школе Славу вельмі любіў настаўнік матэматыкі за хуткі розум і настаўніца гісторыі за тое, што хлопчык глыбока цікавіўся старасвеччынай. Паколькі сын вельмі сціплы чалавек, каторы нікога ніколі не абвінавачвае і ўмее ўважліва слухаць, у яго заўсёды было шмат сяброў — прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў.

Увогуле ён мяккі і спачувальны, нават калі хтосьці робіць нейкі непрыстойны ўчынак, Слава шкадуе яго, а не ганьбіць. Ён заўсёды імкнецца зразумець іншага і паразумецца з ім, а калі патрэбна – дапамагчы. Нягледзячы на ўсе ахвяры, што прыносіць мой сын дзеля Беларусі, я ганаруся ім, бо ён чалавек сумленны, годны і высакародны, які прыстойна паводзіць сябе ў любой сіткацыі. Да пары яму і ягоная жоначка Ганна — спадзвіжніца, каторая ніколі не папракае мужа за яго няпросты жыццёвы выбар і пастаянныя матэрыяльная нястачы. Падтрымліваюць бацькоў і сыны – будучыя хімік Васіль і гуманітарый Вітаўт.

У дзень 50-годдзя Славы я хачу пажадаць яму моцнага здароўя і хутчэйшага вяртання на Беларусь, бо добра ведаю, як яму цяжка без сям’і і без Радзімы…    

Пра свайго сябра і паплечніка ўспамінае адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху, намеснік старшыні руху салідарнасці “Разам Аляксандр Макаеў:
— З Вячаславам я пазнаёміўся напрыканцы 2006 года, калі ён вярнуўся з вымушанай паўгадавой эміграцыі пасля падзеяў 21-24 сакавіка на сталічнай Плошчы імя Кастуся Каліноўскага. Вячаслаў мае багаты досвед грамадска-палітычнай дзейнасці па супраціву савецкаму таталітарызму і постсавецкаму аўтарытарызму, з’яўляецца хросным бацькам "Маладога Фронту". Менавіта Сіўчык зрабіў значны ўплыў на фарміраванне светапогляду такіх маладых патрыётаў Беларусі, як Павал Севярынец, Зміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч. Прычым Слава ўплываў не толькі на маладых.

Справа ў тым, што ўсе мы, хто нарадзіўся пры саветах, у большай ці меншай ступені з’яўляемся носьбітамі таталітарнага мыслення. Паколькі большасць беларусаў вельмі мала ведае пра сапраўдную гісторыю краіны і пакутнае змаганне нашых нацыянальных герояў, гэта не дазваляе беларускаму грамадству любіць і бараніць сваю Бацькаўшчыну ўсім сэрцам і душою. Аднак дзякуючы сяброўству з Сіўчыкам многія вядомыя беларусы адкрылі для сябе праўдзівае мінулае Бацькаўшчыны і вельмі хутка прыйшлі да беларускасці, у тым ліку навукоўца і палітык Генадзь Карпенка.

Маё сяброўства з Вячаславам таксама пачалося на глебе цікавасці да айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны. Слава вельмі шчыра дзяліўся сваім багатым жыццёвым досведам і глыбокімі грунтоўнымі ведамі. З ім заўсёды прыемна сустракацца і працаваць, таму што гэты  адукаваны і цікавы чалавека заўжды паводзіць сябе сумленна, прыстойна і інтэлігентна. Нас зблізіла далейшая супольная праца па абароне правоў бізнэсоўцаў і па ўмацаванню прадрымальніцкага руху, грамадская і палітычная дзейнасць.

У Сіўчыка шмат чаму можна навучыцца. Так, ён валодае рэдкім талентам вылучаць галоўнае ў любой справе, што дазваляе не губляць часу на другараднае. Пасля 2006 года нашыя лёсы перакрыжаваліся. Шмат чаго разам зроблена і шмат чаго яшчэ трэба зрабіць.

Зычу Вячаславу моцнага здароўя і жадаю яму хутчэйшага вяртання на Радзіму, бо ён вельмі патрэбны беларускім патрыётам менавіта на Бацькаўшчыне.

Рэдакцыя "Новага Часу" далучаецца да гэтых віншаванняў і зычыць юбіляру здзяйснення яго мары аб вольнай і незалежнай Беларусі.

 
 

Каментаваць