Вячаслава Сіўчыка другі раз за тры дні аштрафавалі за ўдзел у акцыях пратэсту

Гэтым разам Вячаслава Сіўчыка судзілі за акцыю памяці рэпрэсаваных 29 кастрычніка каля КДБ.

20 лістапада Партызанскі раённы суд Мінску аштрафаваў апазіцыйнага палітыка Вячаслава Сіўчыка на 40 базавых велічынь (920 рублёў), паведамляе "Радыё Свабода".

«Сына судзілі за акцыю памяці ахвяраў рэпрэсаваных 29 кастрычніка, што знічкі запалілі каля будынка КДБ. Зноў вялікі штраф, хаця ніякага парушэння парадку не было», — распавяла маці актывіста Галіна Сіўчык.

Паводле яе, Вячаслаў Сіўчык на судзе не быў. «Славы цяпер няма ў Мінску», — сказала Галіна Сіўчык.

17 лістапада Цэнтральны раённы суд Мінску таксама аштрафаваў Вячаслава Сіўчыка на 40 базавых велічынь за ўдзел у «Маршы абураных беларусаў 2.0», які прайшоў у Мінску 21 кастрычніка.

29 кастрычніка каля ўваходу ў КДБ на заклік Мікалая Статкевіча прайшла акцыя «Ланцуг памяці», прысвечаная 80-годдзю расстрэлу больш як ста беларускіх творцаў і дзеячаў. На прыступках галоўнага уваходу ў КДБ актывісты ўсклалі кветкі і знічкі.

У акцыі бралі ўдзел больш як 20 чалавек, у тым ліку людзі, якія раней не ўдзельнічалі ў акцыях апазіцыі. Мітынгу ўдзельнікі «Ланцугу памяці» не праводзілі. 

Міліцыя пра тое, што акцыя недазволеная, нікога не папярэджвала.

Чытайце таксама

Знічкі ля КДБ і асабістае

Паводле spring96.org


Каментаваць