Вялікая гульня

Нейкая вялікая гульня разварочваецца зараз вакол Беларусі. На фоне маўчання Расіі, якая ўрэшце, спыніла паказы розных “Хросных бацькаў, у краіну штосьці зачасцілі розныя эмісары з Захаду. Тыдня не праходзіць, каб сюды не прыехаў нехта з “краінаў NАТO.



Нейкая вялікая гульня разварочваецца зараз вакол Беларусі. На фоне маўчання Расіі, якая ўрэшце, спыніла паказы розных “Хросных бацькаў, у краіну штосьці зачасцілі розныя эмісары з Захаду. Тыдня не праходзіць, каб сюды не прыехаў нехта з “краінаў NАТO.

Вось і на гэтым тыдні да нас завіталі еўракамісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле, намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Дэніэл Расел ды сенатары з Чэхіі. Прычым праграма візіту ва ўсіх амаль аднолькавая: сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, прэтэндэнтамі ў прэзідэнты ад апазіцыйных палітычных партый і дэмакратычных рухаў, а таксама з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый, якія праводзяць назіранне за выбарамі.

Здаецца, такой актыўнасці не было ніколі, нават перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года. Можа, Еўропа сапраўды мае намер адарваць Беларусь ад Расіі? Але такія спадзяванкі нейкія недарэчныя.

Тым больш, што беларускі бок ужо атрымаў шмат прэферэнцый. Прыкладам, Фюле абмеркаваў з Мартынавым сумесны прамежкавы план, падрыхтаваны Еўракамісіяй для Беларусі. Паводле яго слоў, дадзены дакумент уяўляе сабой “спробу пераадолець адсутнасць глыбокіх адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.

Між іншым, план існуе, а вось у стандартах, якія Фюле выклаў для беларускага боку, мала што зроблена. Еўрасаюз ужо называў сферы, у якіх хацеў бы бачыць прагрэс. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра рэгістрацыю кандыдатаў, фармаванне тэрытарыяльных камісій, датэрміновае галасаванне, падлік галасоў, свабодны доступ да СМІ і забеспячэнне свабоды сходаў.

Між тым, нават на “агітацыйныя залі для сходаў трэба падаваць заяўку, якую разглядаюць цягам 15 дзён. Улічваючы, што ўся агіткампанія цягнецца крыху больш за тры тыдні, якая можа быць свабода сходаў? Які можа быць “свабодны доступ да СМІ, калі БТ адмовілася ад правядзення дэбатаў кандыдатаў на прэзідэнта ў прамым эфіры?

А тым часам пэўную паўзу ў барацьбе за беларускі электарат узялі і некаторыя прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта, і паехалі самі размаўляць з еўрадэпутатамі. Прыкладам, Віталь Рымашэўскі вырашыў нават прапусціць уручэнне пасведчання кандыдата ў прэзідэнты. 16–17 лістапада ён у складзе дэлегацыі БХД знаходзіўся з двухдзённым візітам у Нарвегіі. Падчас візіту сустаршыня БХД сустрэўся з дэпутатамі парламенту Нарвегіі, дэпутатамі ПАСЕ парламенту ад гэтай краіны, а таксама з дзяржаўным сакратаром па міжнародных справах Нарвегіі.

Перад ад’ездам Рымашэўскі звярнуўся да міжурадавай кааліцыі “Супольнасць дэмакратый з заклікам далучыцца да назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, што маюць адбыцца 19 снежня. Рымашэўскі просіць “забяспечыць адэкватную місію назірання непасрэдна перад і адразу пасля выбараў у нашай краіне, а таксама падрыхтаваць аб’ектыўны, аўтарытэтны аналіз прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

“Забеспячэнне назірання за выбарамі як мага большай колькасці незалежных міжнародных арганізацый дасць дадатковую гарантыю кантролю за празрыстасцю выбарчага працэсу, што, несумненна, паслужыць інтарэсам Беларусі і дэмакратычнай беларускай грама­дзянскай супольнасці, — гаворыцца ў звароце Рымашэўскага.

Калі да звароту прыслухаюцца, то гэта будзе моцны ход, бо “Супольнасць дэмакратый — гэта міжурадавая кааліцыя краін, якая імкнецца пашыраць дэмакратычныя прынцыпы і ўстановы ў свеце. Яна створана ў 2000 годзе і ўключае больш за 100 дзяржаў свету. А 100 дзяржаваў — гэта вам не СНД ці АБСЕ.

А 18 лістапада — акурат у дзень рэгістрацыі — Рымашэўскі выступіць на пасяджэнні Камісіі па палітычных пытаннях Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы ў Парыжы. На пасяджэнні сярод іншых пытанняў будзе абмяркоўвацца сітуацыя ў Беларусі.

Уладзімір Някляеў жа выправіўся ў Прагу, дзе сустрэўся з міністрам замежных спраў Чэхіі Карлам Шварцэнбергам.

Тэмамі абмеркавання сталі будучыня Беларусі, перадвыбарчая атмасфера ў дзяржаве, патэнцыйныя варыянты развіцця падзей у залежнасці ад сцэнару выбараў. У тым ліку Някляеў казаў пра небяспеку стварэння ў Беларусі “кіруемай дэмакратыі, што знішчыць усе магчымасці для развіцця краіны. Таксама чэшскі міністр даведаўся, што беларуская ўлада зараз толькі імітуе дэмакратызацыю і лібералізацыю.

Але барацьбу за імідж Беларусі не спыняюць і беларускія ўлады. Беларуская эканоміка — падрыхтаваная пляцоўка для прыцягнення замежных інвестыцый, заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, выступаючы 17 лістапада на Беларускім інвестыцыйным форуме ў Франкфурце-на-Майне.

Паводле слоў прэм’ера, у Беларусі праведзена вялікая праца па змяненні заканадаўства для паляпшэння ўмоў вядзення бізнесу і спрыяльнага інвестыцыйнага клімату. Сідорскі, у прыватнасці, звярнуў увагу на спрашчэнне працэдуры адкрыцця бізнесу. “Затраты на адкрыццё бізнесу зніжаныя ў дзевяць разоў, патрабаванні да статутных фондаў — у тры разы, — сказаў ён. У выніку, сцвярджае прэм’ер, адкрыць бізнес у Беларусі можна за пяць дзён і ажыццявіць усяго пяць працэдур. Для параўнання Сідорскі прывёў Расію, дзе гэтыя паказчыкі складаюць 30 дзён і дзевяць працэдур, а таксама Украіну — 27 дзён і дзевяць працэдур.

Вялікія змяненні, адзначыў ён, адбыліся таксама ў частцы спрашчэння падатковага заканадаўства і спрашчэння падатковай нагрузкі на бізнес. З 1 студзеня 2011 года ў Беларусі будуць дзейнічаць толькі пяць асноўных падаткаў, сказаў Сідорскі.

Было б добра, калі б гэта ён сказаў нашым, беларускім прадпрымальнікам. Цікава, яны б яго паслухалі або адразу паслалі туды, куды Макар цялятаў не ганяў? Бо ўжо колькі нашы прадпрымальнікі б’юцца з урадам за тое самае, пра што наіўным немцам казаў Сідорскі — і за змякчэнне падатковай сістэмы, і за спрошчанае адкрыццё бізнесу, і за змякчэнне ўсялякіх “працэдур. Дзясяткі беларускіх прадпрымальнікаў з 2007 года адседзелі за гэтыя патрабаванні суткі адміністратыўнага арышту, атрымалі шматлікія штрафы, а некаторыя нават пайшлі па крымінальных артыкулах.

Ці пасадзяць беларускія ўлады якога-небудзь наіўнага немца, як Мікалая Аўтуховіча?
 

Каментаваць