Вялікабрытанія і свет развіталіся з Жалезнай лэдзі

Каля дзвюх тысяч чалавек атрымалі запрашэнні прыехаць на цырымонію развітання з Маргарэт Тэтчэр. У цырымоніі удзельнічалі афіцыйныя прадстаўнікі 200 краін і міжнародных арганізацый.



Катафалк з труной Маргарэт Тэтчэр даставілі ад Вестмінстарскага палаца да царквы святога Клімента Дацкага, затым працэсія перайшла ў Сабор святога Паўла, дзе пасля паніхіды адбылася крэмацыя. На крэмацыю былі дапушчаныя толькі блізкія нябожчыцы.

Труна драпаваная нацыянальным сцягам. Яе суправаджалі вайскоўцы трох радоў узброеных сіл. Тры вайсковых аркестры выконвалі жалобныя маршы Шапэна, Бетховена і Мендэльсона.

На пахаваннях прысутнічала каралева Вялікабрытаніі Лізавета II, а таксама ўсе чальцы цяперашняга брытанскага ўрада на чале з прэм'ер-міністрам Дэвідам Кэмеранам. Упершыню з пахаванняў Уінстана Чэрчыля ў 1965 годзе каралева наведвала цырымонію развітання з былым прэм'ер-міністрам.

На пахаваннях прысутнічалі былы дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан, экс прэм'еры Вялікабрытаніі, старшыня Еўрапейскай камісіі Жазэ Мануэла Баррозу, а таксама прадстаўнік сям'і экс-прэзідэнта ЗША Рональда Рэйгана. Удзельнічалі ў пахаванні былы міністр абароны і віцэ-прэзідэнт ЗША Дзік Чейни, экс-дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджар. Прыехалі і амаль усе прэм’ер-міністры еўрапейскіх краін.

Па стане здароўя не прысутнічалі на цырымоніі Міхаіл Гарбачоў і Гельмут Коль. Не было на цырымоніі і афіцыйнай дэлегацыі ад Расіі, паколькі пахаванні не маюць статусу дзяржаўных. Не прыехала і дэлегацыі ад Беларусі.

Пахаванні баранэсы Тэтчер аднесены да катэгорыі цырыманіяльных з ваеннымі ўшанаваннямі, што на адну прыступку ніжэй дзяржаўных пахаванняў.

Куранты Біг-Бэн на вежы Вестмінстарскага палаца, дзе засядае брытанскі парламент, замоўклі на час пахаванняў баранэсы Тэтчер. Куранты, якія адбіваюць кожныя чвэрць гадзіны, маўчалі падчас шэсця пахавальнай працэсіі ад Вестмінстарскага палаца і цырымоніі адпявання ў саборы Св. Паўла. Гэта адбылося ўпершыню пасля пахаванняў Уінстана Чэрчыля.

Для аховы выдзелена каля 4 тыс. прадстаўнікоў брытанскіх сіл правапарадку.

Брытанскі ўрад па просьбе сваякоў Маргарэт Тэтчер вырашыў не запрашаць прэзідэнта Аргентыны Крысціну Фернандес дэ Кіршнер на пахаванні.

Напярэдадні з Маргарэт Тэтчер  у Вестмінстары развіталіся яе сябры і сваякі. На зачыненай цырымоніі прысутнічалі 100 чалавек.

Жалобная цырымонія, па адзнаках брытанскіх СМІ, абыйшлася ў 10 млн фунтаў стэрлінгаў. Сям'я Тэтчер пакрывала толькі выдаткі на транспарт, кветкі і крэмацыю. Улады Вялікабрытаніі сцвярджаюць, што лічба, выдаткаваная на пахаванні значна завышаная журналістамі.

Каментаваць